«Прыцягнуць рэжым да адказнасці». ЗША дамагаюцца пакарання Лукашэнкі за падтрымку РФ у вайне

Злучаныя Штаты будуць дамагацца прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну, а таксама за «абуральныя парушэнні правоў чалавека, уключаючы зняволенне больш за 1300 палітычных вязняў».

ukraine_belarus_ribbons_1_1_1140x684.png

Ужо паўгода Украіна змагаецца за тое, каб абараніць не толькі сваю дэмакратыю, але і само выжыванне як незалежнай краіны. Наступствы вайны Расіі не абмяжоўваюцца Украінай. Незалежная будучыня як Украіны, так і Беларусі знаходзіцца пад пагрозай з-за экспансіянісцкай, імперыялістычнай палітыкі Расіі.  

Пра гэта гаворыцца ў звароце пасольства ЗША ў Беларусі з нагоды дня незалежнасці Украіны.

Амерыканская дыпламатыя адзначыла, што “выключная засяроджанасць рэжыму Лукашэнкі на захаванні ўлады падарвала беларускі суверэнітэт і аддала беларускую тэрыторыю” на службу вайсковым патрэбам Расіі.

Аднак саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны супярэчыць волі беларускага народа.

Народ Беларусі, як і народ Украіны, імкнецца да будучыні, заснаванай на захаванні суверэнітэту сваёй краіны, дэмакратычных прынцыпах і вяршэнстве закона.

Пасольства ЗША нагадвае, што пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года «беларускі народ прадэманстраваў выключную стойкасць у падтрыманні дэмакратычнага руху цаной вялікіх асабістых ахвяр».

З 24 лютага 2022 года беларускія дэмакратычныя сілы ясна далі зразумець, што беларускі народ выступае супраць уварвання Расіі ва Украіну.

Беларусы не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, які спрыяе расійскай агрэсіі і выступаюць супраць «спроб зняважыць суверэнітэт і незалежнасць абедзвюх краін». Беларускія добраахвотнікі змагаюцца плячо ў плячо з украінскімі войскамі, абараняючы ўкраінскую тэрыторыю. Беларускія арганізацыі грамадзянскай супольнасці збіраюць гуманітарную дапамогу і дастаўляюць яе ў падтрымку ўкраінскага народа, а беларусы прымаюць захады, каб перашкодзіць транспарціроўцы ва Украіну праз беларускую тэрыторыю расійскіх боепрыпасаў і вайскоўцаў.