«Расійскі генерал паказвае сваю эфектыўнасць абстрэламі гарадоў — бо больш нічым не ўмее»
Расія пачала вайну. Расія абрала мішэнню ў гэтай вайне мірнае насельніцтва. І ў трагедыі ў Дняпры пры любым раскладзе вінаватая Расія.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» разважае, хто нясе адказнасць за трагедыю ў Дняпры і што трэба зрабіць генералам, каб пацвердзіць свой статус.
«Я зусім не магу зразумець, чаму людзі наогул абмяркоўваюць дзяржаўную прыналежнасць і тэхнічныя характарыстыкі ракеты, якая забіла трыццаць пяць чалавек у Дняпры. Расія пачала вайну. Расія абрала мішэнню ў гэтай вайне мірнае насельніцтва. Расія ўжо які месяц абстрэльвае грамадзянскую інфраструктуру і ўкраінскія гарады.

Ці цэліліся яны ў шматпавярховік наўмысна, ці выпадкова памыліліся або гэта ракета была збіта ўкраінскай СПА — пры любым раскладзе вінаватая ў тым, што здарылася, усё роўна Расія. Канкрэтная прычына падзення ракеты можа змяніць ступень гэтай віны на дзясятыя долі працэнта ў той ці іншы бок. А дзясятыя долі працэнта — прадмет для абмеркавання вузкіх спецыялістаў вайсковага і юрыдычнага профілю, а не шырокай грамадскасці.
Расійскія войскі атакуюць мірных грамадзян таму, што з вайскоўцамі ў іх ваяваць не атрымліваецца. Вось цяпер на вайну ва Украіне паставілі новага камандуючага — генерала Герасімава, і гэтаму камандуючаму трэба паказаць начальству сваю эфектыўнасць. І нічым іншым, акрамя абстрэлу гарадоў, ён яе паказаць не ўмее. А паказаць што-небудзь трэба, таму што ў новага камандуючага ёсць больш сур'ёзныя ворагі, чым армія праціўніка. Генералы-канкурэнты і ўладальнік прыватнай ваеннай кампаніі, якая, як ні круці, нядаўна ўжо ў чацвёрты раз узяла Саледар. Вось прыватная ваенная кампанія ўзяла Саледар ўжо чатыры разы, а камандуючы Герасімаў браў Саледар толькі аднойчы. Ён, праўда, раней браў ужо Кіеў за тры дні, але калі гэта было... Ніхто цяпер і не ўспомніць.
А беларускія генералы таксама не дарма ядуць свой хлеб. Адных толькі вучэнняў у рамках АДКБ яны збіраюцца правесці сёлета тры штукі. І не для таго, пра што вы, можа, сабе падумалі. А таму што, як сказаў генерал беларускага Савета бяспекі, гэты год аб'яўлены годам міру і стварэння. А год міру і стварэння, пагадзіцеся, абавязвае. Калі яшчэ праводзіць ваенныя вучэнні, як не ў год міру? Жалезная логіка. Якім 21-шы быў годам нацыянальнага прымірэння, а 22-гі — годам гістарычнай памяці, такім 23-ці, мабыць, будзе і годам міру. Што іншае, а фармуляваць гадавыя дэвізы ў беларускіх улад апошнім часам атрымліваецца на дзіва дакладна.

Самі беларускія генералы, можа, і далей лічылі б за лепшае манеўраваць з умоўным праціўнікам, але мне здаецца, што якраз беларускіх генералаў, у выпадку чаго, ніхто пытацца і не будзе. Ёсць у мяне няяснае адчуванне, што ў год міру і стварэння хвацкага і маладцаватага выгляду для пацвярджэння высокага генеральскага статусу будзе ўжо замала.