323-ці дзень вайны. Саледар яшчэ не ўзяты?

Расіяне кінулі на Саледар практычна ўсю баяздольную армію, у тым ліку рэшткі кантрактнай арміі — спецназ і дэсант.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі з-за расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек, яшчэ двое атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў — у Благадатным і Аўдзееўцы. Яшчэ два чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.

Пасля пачатку вайны Луганскую вобласць пакінулі 320 тысяч жыхароў, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Гайдай: «Мы можам казаць, што да 24 лютага на тэрыторыі Луганскай вобласці, падкантрольнай Украіне, было каля 720 тысяч жыхароў. З іх з'ехала ў эвакуацыю 320 тысяч». Па яго словах, людзі з'ехалі ў Расію, часткова ў Еўропу, але пераважная большасць пасялілася ў тых абласцях Украіны, якія вайна не закранула непасрэдна.

На Крамянскі і Сватаўскі кірункі вораг перакідвае дадатковыя рэзервы. Амаль усе дамы ў навакольных населеных пунктах заняты расійскімі вайскоўцамі, распавёў кіраўнік Луганскай вобласці Сяргей Гайдай. Паводле яго слоў, УСУ прасоўваюцца, таму калабаранты паступова перабіраюцца ў гарады і вёскі далей ад лініі фронту. Расіяне тым часам пераапранаюцца ў форму ўкраінскіх вайскоўцаў і шляхам правакацый спрабуюць прарваць абарону. Гайдай лічыць, што рака Чырвоная не павінна стаць сур'ёзнай перашкодай для наступу УСУ.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 13 студзеня — каля 114 130 (+740 ліквідавана за мінулыя суткі) чалавек.

За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі расійскай арміі ў раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка, Макееўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Спорнае, Раздолаўка, Соль, Чырвоная Гара, Падгароднае, Бахмут, Кляшчыеўка, Прадцечына, Курдзюмаўка, Вадзяное, Невельскае, Краснагораўка, Мар'інка і Вялікая Навасёлка Данецкай вобласці, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.

Стала вядома пра замову цывільнага спецадзення з лагатыпамі «Раснафта» і «Электрасталь» для асабовага складу аднаго з падраздзяленняў РФ, які дзейнічае на Навапаўлаўскім кірунку Данецкай вобласці. Відавочна, што з пэўнай мэтай праціўнік спрабуе схаваць сваю прыналежнасць да расійскіх акупацыйных войскаў, адзначаюць ва ўкраінскім Генштабе.

Брытанская выведка паведамляе, што расійскі абаронны сектар, верагодна, звяртаецца да выкарыстання працы зняволеных, каб задаволіць патрэбы вытворчасці ў ваенны час. Так, у лістападзе Уралвагонзавод — найбуйнейшы вытворца танкаў Расіі — пасля сустрэчы з Федэральнай службай выканання пакаранняў паведаміў, што прыме на працу 250 зняволеных. У Расіі існуе даўняя традыцыя турэмнай працы, але з 2017 года прымусовая праца як асобнае крымінальнае пакаранне была зноў узаконена. Зняволеныя ўяўляюць сабой унікальны чалавечы рэсурс, які расійскія лідары могуць выкарыстоўваць для падтрымкі «спецаперацыі», у той час як добраахвотнікаў па-ранейшаму не хапае, адзначаюць аналітыкі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што расійскія войскі, верагодна, кантралююць большую частку Саледара, калі не ўвесь горад. У той жа час аналітыкі падкрэслілі, што захоп усяго горада не стане важнай падзеяй у аператыўным сэнсе і наўрад ці прадвесціць немінучае акружэнне Бахмута. Паводле ISW, украінскія сілы больш не падтрымліваюць арганізаваную абарону ў Саледары.

Між тым раніцай Ганна Маляр заявіла, што ў Саледары ўкраінскія сілы спрабуюць утрымаць абарону: «Ноч у Саледары была гарачай, працягваліся баі. Вораг кінуў ледзь не ўсе асноўныя сілы на данецкі кірунак і падтрымлівае высокую інтэнсіўнасць наступу. Нашы байцы адважна спрабуюць утрымаць абарону. Гэта складаны этап вайны, але мы пераможам».

Мінабароны ЗША таксама не пацвярджае, што Саледар быў захоплены расійскімі войскамі. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Пентагона Пэт Райдэр: «Мы сапраўды назіраем інтэнсіўныя і цяжкія баі вакол Саледара, а таксама Бахмута, які размешчаны параўнальна недалёка. Мы не можам пацвердзіць ніякіх паведамленняў, што Саледар быў узяты расійскімі сіламі... Мы ведаем, што ўкраінцы працягваюць аперацыі ў ваколіцах Саледара і працягваюць даваць адпор».

ЗША працуюць над нейтралізацыяй дзейнасці «ПВК Вагнер» ва ўсім свеце, заявіў дарадца Дзярждэпа Дэрэк Чоле. Пры гэтым ён адзначыў, што ПВК імкнецца вербаваць наймітаў з розных краін, і «гэтага нельга дапусціць».

Страты расійскіх войскаў пад Бахмутам і Саледарам могуць дасягаць 20 тысяч вайскоўцаў, заявіў увечары 12 студзеня Падаляк у інтэрв'ю 24 каналу: «Немагчыма сказаць дакладна, якія страты мае расійскае войска на гэтым кірунку. Але гэта не тысяча ці дзве — гэта 10, 15 ці нават 20 тысяч за ўвесь час наступу каля Бахмута і Саледара. Яны там страты не лічаць».

Па словах дарадцы кіраўніка Адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта, расіяне кінулі на Саледар практычна ўсю баяздольную армію, уключаючы рэшткі кантрактнай арміі — спецназ і дэсант. Пры гэтым Падаляк падкрэсліў, што магчымая акупацыя гэтага ўкраінскага горада не дасць Расіі пераваг у цэлым: «Адзінае, што мне шкада нашых хлопцаў, якія пры 17 градусах марозу павінны трымаць аўтаматы ў руках суткамі. Гэта цяжка. Мы губляем сваіх».

Украінскі амбудсмен Дзмітрый Лубінец распавёў пра вынікі перамоў у Турцыі з амбудсменам РФ Таццянай Маскальковай: «Упершыню расійскі бок з'ехаў з прапановамі, якія папярэдне мы абмяркоўвалі. Прарыву няма, але, па меншай меры, пайшла тэхнічная праца. Абменьваемся спісамі, інфармацыяй. Адносна зніклых без вестак мы прапрацоўваем асобна. Ёсць ужо выпадкі, калі нашы грамадзяне і героі лічыліся загінулымі, але расійскі бок пацвердзіў, што яны жывыя — 23 нашыя хлопцы. Гэта велізарны пазітыў».

Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua, украінскай службы РБК