Расійскія войскі ўдарылі па нафтабазе ў Ровенскай вобласці
На месцы здарэння працуюць ратавальнікі і хімічная лабараторыя.
Расіяне ў чарговы раз здзейснілі ракетны ўдар па тэрыторыі Украіны. На гэты раз ударылі па нафтабазе ў Ровенскай вобласці.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Ровенскай АВА Віталь Коваль.
«Вораг зноў нанёс ракетны ўдар па Ровенскай вобласці. Гэта зноў нафтабаза. На месца выехалі ДСНС і хімлабараторыя», — паведаміў ён.
Коваль падкрэсліў, што трывога працягваецца, таму заклікаў людзей заставацца ў хованках.
Адзначым, што на працягу апошніх некалькіх дзён Расія актыўна наносіць удары па нафтабазах Украіны. Так, 26 сакавіка варожыя ракеты патрапілі ў нафтабазу ў Львове, а ўчора, 27 сакавіка, акупанты нанеслі ракетны ўдар па нафтабазе ў Луцку. Яна разбураная. Пажар ліквідуюць дагэтуль.