Сакратар РНБА расказаў, ці чакае Украіна нападу з боку Беларусі

Украінскае кіраўніцтва спрабуе спрагназаваць, чаго чакаць ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў

Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў


Сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў не выключае, што беларускім войскам могуць аддаць загад пра наступленне на Украіну, але не думае, што яны змогуць дамагчыся якіх-небудзь вайсковых поспехаў. Данілава цытуе ўкраінскае выданне ТСН са спасылкай на радыё «НВ».
«Калі яны будуць падняты па трывозе, яны могуць рабіць тыя ці іншыя рэчы. Мы на сённяшні дзень не бачым, што там ёсць магчымасці, там ёсць сілы. Трэба разумець, што Лукашэнка знаходзіцца пад вялікім уплывам Расійскай Федэрацыі. Расія фактычна ўжо палітычна акупавала Беларусь», — лічыць Данілаў.
Улічваючы палітычную залежнасць Аляксандра Лукашэнкі ад Крамля, Данілаў не выключае ніякіх варыянтаў. Аднак канстатуе, што цяпер на беларускай мяжы няма такой канцэнтрацыі расійскіх сіл, як гэта было да 24 лютага. Расійскія войскі перадыслакаваліся на Данецкі, Луганскі і Харкаўскі кірункі.
Паводле «Еўрарадыё»