Сяргей Навумчык: Ваяваць з імперыяй войскам NATO давядзецца ўжо на сваёй тэрыторыі

Хто сказаў, што Пуцін баіцца прамога сутыкнення з NATO? На сваёй старонцы ў Фэйсбуку палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае пра тое, што кіраўнік Расіі не толькі не баіцца вайны з NATO, а нават дамагаецца канфлікту.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

— Перакананы, што Пуцін мае намер прабіваць праз Літву «калідор» да Калінінграду — найхутчэй, з дапамогай т.зв. «беларускага» войска, якое цяпер знаходзіцца ў ягоным поўным распараджэнні, піша Сяргей Навумчык.

Прамое сутыкненне з NATO? А хто сказаў, што Пуцін гэтага баіцца? Па-мойму, прамога сутыкнення з Пуціным баіцца менавіта NATO, пра што яго кіраўнікі рэгулярна заяўляюць у сувязі з Украінай.

Пуцін жа гэтага не баіцца і, больш за тое – ён гэтага дамагаецца. Тым больш, калі ёсць магчымасць паслаць не ўласнае, а «беларускае» войска.

Увогуле, надышоў час чытаць словы так, як яны былі сказаныя. Крэмль даўно даў зразумець, што вайна ва Украіне — гэта вайна з Захадам. І менавіта гэта павінны былі пачуць кіраўнікі NATO — і адказаць адразу і адэкватна, адказаць так, каб у Масквы на стагоддзі адбілася ахвота «сабіраць землі».

«Адразу» — гэта значыць, у 2008-м, калі была Грузія, ці ў крайнім выпадку ў 2014-м, калі быў Крым. Люты 2022-га быў апошняй магчымасцю.

Цяпер ужо позна. Вельмі хочацца памыліцца, але падобна на тое, што ваяваць з імперыяй войскам NATO давядзецца ўжо на сваёй тэрыторыі.