Свет на баку Украіны: Новыя абмежаванні супраць Расіі і расіян

Апошнія тыдні прынеслі не толькі мноства абяцанняў і, нарэшце, зацвярджэнняў пакетаў дапамогі Украіне, але і новыя сюрпрызы для расіян «па-за палітыкай», якія любяць адпачыць у цывілізаваных краінах падчас вайны. Свет дэманструе: жыць як раней ужо не атрымаецца.

Прэзідэнты краін Балтыі і Польшчы. Фота: Svidomi

Прэзідэнты краін Балтыі і Польшчы. Фота: Svidomi

Латвія

Кабінет міністраў Латвіі зацвердзіў абмежаванні, якія будуць дзейнічаць для грамадзян Расіі, што жадаюць перасекчы знешнюю мяжу ЕС з мэтай турызму ці адпачынку, да сакавіка 2025 года.

Першапачаткова такія санкцыі на ўезд былі ўведзеныя ў верасні 2022 года. З гэтага часу Латвія прытрымліваецца строгіх правілаў дагляду і праверак, а цяпер вырашыла падоўжыць дзеючыя меры яшчэ на 12 месяцаў.

У той жа час дадзеныя абмежаванні дзейнічаюць не на ўсе катэгорыі грамадзян РФ. Напрыклад, расіяне, якія маюць від на жыхарства ў Латвіі ці любой іншай краіне ЕС, могуць працягваць перасякаць мяжу. Уезд дазволены і грамадзянам, якія маюць доўгатэрміновую шэнгенскую візу альбо асобам з кароткатэрміновай візай, што з'яўляюцца чальцамі сем'яў грамадзян Латвіі ці іншай краіны ЕС. Кіроўцы грузавога і пасажырскага транспарту па-ранейшаму могуць наведваць дзяржаву.

І, падаецца, галоўнае: забарона не распаўсюджваецца на расіян, якія прыязджаюць у Латвію з гуманітарных меркаванняў. Карацей кажучы, ад пераследу трапіць у балтыйскую дзяржаву можна, у «Акропаль», на морачка ў Юрмалу і пашукаць «русафобаў» — не. 

Мурал у Рызе. Фота: Marina Latiševa

Мурал у Рызе. Фота: Marina Latiševa

Тлумачачы прычыну падаўжэння гэтай меры, у кабінеце міністраў заявілі, што ваенная агрэсія Расіі супраць Украіны і сёння працягвае пагражаць унутранай бяспецы Латвіі.

Асобна было адзначана і тое, што падаўжэнне забароны на ўезд накіравана на забеспячэнне бяспекі ўсіх, хто знаходзіцца ў межах краіны.

Рашэнне Латвіі падоўжыць абмежаванні выклікала буйную станоўчую рэакцыю карыстальнікаў амерыканскага агрэгатара навін Reddit. Так, каментатары сэрвісу адзначаюць, што рашэнне балтыйскай краіны надзвычай слушнае, бо вялікая колькасць расіян на сваёй тэрыторыі нясе вельмі вялікія рызыкі, а поўная ізаляцыя — адзіны спосаб мець справу з Расіяй. 

Акцыя салідарнасці з Украінай у Латвіі. Фота: BNS

Акцыя салідарнасці з Украінай у Латвіі. Фота: BNS

 

Польшча і краіны Балтыі

Польшча, Літва, Латвія і Эстонія рыхтуюць сумесны санкцыйны пакет, які прадугледжвае забарону паставак абсалютна любых дронаў у дзяржаву-агрэсарку.

Паводле Польскага агенцтва друку PAP, законапраект уключае забарону на супрацоўніцтва ў галіне ядзернай энергетыкі і на імпарт расійскіх алмазаў, абмежаванне паставак абсталявання для збору даных, тэлефонаў, кампутараў, лазераў — любых прылад, якія могуць дапамагчы ў стварэнні зброі, што будзе ўжытая з мэтай генацыду ўкраінскага народа. Прапануецца зрабіць пастаўкі ў Расію ўсіх беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку самых маленькіх і танных, прызначаных для грамадзянскага карыстання, немагчымымі ніякім чынам. 

Расійскі акупант запускае дрон DJI. Фота: РИА-Новости

Расійскі акупант запускае дрон DJI. Фота: РИА-Новости

Гэта надзвычай слушнае ўвядзенне, бо любыя, нават самыя простыя дроны могуць быць выкарыстаны расійскімі акупантамі на полі бою. 

Шры-Ланка

Прыйшлі нечаканыя весткі адкуль не чакалі — Шры-Ланка вырашыла ануляваць візы сотням тысяч расіян! Але ёсць нюанс.

Міністэрства турызму Шры-Ланкі абвясціла, што грамадзяне Расіі, якія знаходзяцца ў краіне па падоўжаных турыстычных візах, павінны альбо заплаціць збор за падаўжэнне віз альбо пакінуць краіну. Кошт такой візы цяпер складае прыкладна $50 за 30 дзён. Паводле афіцыйных звестак, за апошнія два гады на выспу прыехалі больш за 288 тысяч расіян. 

Рэстаран «Русалка» на Шры-Ланцы. Фота: Tripadvisor

Рэстаран «Русалка» на Шры-Ланцы. Фота: Tripadvisor

Але, чаго і варта было чакаць, з вайной гэтыя абмежаванні звязаныя вельмі ўскосна — тое ж самае адбылося з грамадзянамі Украіны і шэрагам іншых краін.

Справа ў тым, што два гады таму, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, палёты з Расіі ў Шры-Ланку спынілася з прычыны магчымага арышту самалётаў расійскіх авіякампаній. З Украінай сітуацыя відавочная: яе паветраныя судны перасталі лётаць на выспу ў гэты ж месяц праз закрыццё неба. Каб пазбегнуць жорсткага эканамічнага крызісу і не губляць значную частку турыстаў, уладамі быў уведзены бясплатны візавы рэжым для грамадзян гэтых дзяржаў.

Паколькі становішча з авіяпералётамі і паветраным транспартам цяпер нармалізавалася, улады краіны заявілі, што міграцыйныя службы больш не будуць працягваць турыстычныя візы. У дэпартаменце іміграцыі канчатковым тэрмінам вырашэння пытання было названа 7 сакавіка: да гэтага часу замежнікі павінны атрымаць візу альбо пакінуць дзяржаву.

Тысячы расійцаў і некаторыя ўкраінцы асталяваліся на выспе і нават паспелі адкрыць тут уласны бізнэс: рэстараны, кавярні, начныя клубы.

Паводле ўкраінскіх крыніц, у мясцовы ўрад паступае мноства скаргаў на расійскіх турыстаў, якія вядуць незаконную дзейнасць на Шры-Ланцы. Расійскія бізнесмены, якія прытрымліваюцца палітыкі «толькі для белых», не пускаюць мясцовых жыхароў у свае ўстановы.

Сумнявацца ў магчымасці такіх дзеянняў можна ледзьве, асабліва пасля гісторыі з надпісам «Шри-Ланка — наш». 

Мастацтва расіян

Мастацтва расіян

У 2022 годзе расійцы пакінулі частку свайго тэрарызму на плоце паміж гарадамі Мірыса і Велігама. Як не дзіўна, скандальныя надпісы сталі тэмай для сюжэтаў прапагандысцкіх праграм на расійскім тэлебачанні, выклікаючы радасць у прыхільнікаў канцэпцыі, што Расія не мае межаў.

Мастацтва «людзей з душой» хутка выправіў «укрнацыст» Яўген Зінгерман, які адпачываў на індаакіянскай выспе. Украінец набыў фарбу з пэндзлікам і ўласнаручна замяніў надпіс на словы «Шры-Ланка — надзвычайная!». 

Выпраўлены ўкраінскім турыстам варыянт надпісу

Выпраўлены ўкраінскім турыстам варыянт надпісу

І хай апошняя падзея не звязана з салідарнасцю з Украінай, гэта яшчэ адзін напамін для расіян, што іх не чакаюць нідзе. А калі і чакаюць, то выключна іх грошы.