У офісе Зяленскага не бачаць прыкмет, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у баях на баку Расіі

Украіна сёння не бачыць прыкмет таго, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у баявых дзеяннях супраць Украіны на баку Расіі.

0_16.jpg


Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса Зяленскага Міхаіл Падаляк на прэс-канферэнцыі 4 сакавіка, паведамляе REFORM.by.

«Я б не перабольшваў рызыкі з беларускага боку. Усё, што там з'яўляецца, што там ёсць нейкая актывізацыі, мабілізацыя і гэтак далей, але потым правяраеш інфармацыю... На сёння, на гэты час, няма мабілізацыі ў ступені, дастатковай для таго, каб Беларусь прыняла ўдзел у баявых дзеяннях. Беларусь не будзе прымаць, па меншай меры на сёння, яна не прымае, і ў нас няма інфармацыі, што яна гатовая прыняць удзел у баявых дзеяннях на баку Расійскай Федэрацыі», — заявіў Падаляк.

Падаляк адзначыў, што Беларусь дала сваю тэрыторыю для інфраструктуры Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы, «але не больш за тое».

«На сённяшні дзень пагрозы з беларускага боку, прамога ўварвання, уцягвання іх у наземную аперацыю, няма», — дадаў Падаляк.

Сёння Лукашэнка заявіў, што нейкія «асобныя сілы» спрабуюць уцягнуць Беларусь у баявыя дзеянні ў Украіне, але беларуская армія не будзе прымаць удзелу ў расійскай «спецаперацыі». «Беларускае войска ў спецаперацыі ніякага ўдзелу не прымала і прымаць не мае намеру. Проста няма неабходнасці ў гэтым», — заявіў ён.

Праўда, яшчэ раней ён казаў, што калі будзе вайна Украіны і Расіі, то Украіна пратрымаецца тры-чатыры дні максімум. Пайшоў ужо дзевяты дзень вайны…