У пошуках вытокаў праваслаўнай духоўнасці

У ідэі «сімфанічных» адносін паміж дзяржавай і царквой у Беларусі ёсць нямала прыхільнікаў. 26 ліпеня на фоне будоўлі аквапарка адзіны палітык нечакана загаварыў пра неабходнасць рэфармавання праваслаўнай царквы.      



push14.jpg

Фрэска з царквы ў Барбы. Мастак — Алесь Пушкін

«Мне кажется, мы накануне некой реформы, пусть спокойной, эволюционной, постепенной реформы православной церкви и, может, не только православной церкви», — сказаў адзіны палітык (АП) 

У праваслаўных, калі ім штосьці здаецца, заведзена хрысціцца. Як з гэтым у праваслаўных атэістаў — я не ведаю, але тэма рэформы царквы паўстала не на пустым месцы: «Весь мир развивается, меняется, более того, меняется не так, как хотели бы мы, и не в ту сторону, как хотела бы церковь. Меняются системы, структуры и сами люди. С моей точки зрения, коль меняется мир, и церковь должна меняться».

А зараз параўнаеце з фрагментам Паслання–2013: «Мы должны учиться жить в новом мире, где все меняется. И меняется стремительно, буквально на глазах. Где каждое десятилетие вмещает в себя целую историческую эпоху. Наш выбор, кстати, невелик. Мы можем или приспособиться к бурным переменам, или остаться на обочине истории. Иного не дано».

push16.jpg

Фрагмент фрэскі з царквы ў Бабры

Цар — генсакратар — прэзідэнт

Рэформы нідзе і ніколі не распачынаюцца ад добрага жыцця. Каб грамадства падтрымала змены, якія ініцыююць зверху, яно павінна спалохацца. Спалохацца не пагроз начальнікаў, а самога жыцця. Толькі так масавы чалавек здольны ўсвядоміць, што «иного не дано».

Своеасаблівасць цяперашняй сітуацыі палягае ў тым, што наверсе ўладнай «вертыкалі» пагрозу, якая сыходзіць ад новага свету, «где все меняется», ужо ўсвядомілі. Нізы ж працягваюць заставацца недасведчанымі. Не без дапамогі вярхоў, варта прызнаць. І прапаганда тут — рэч другасная. Патэрналізм — адзін з краевугольных камянёў беларускай мадэлі. Гэта пад яго дыктоўку тэмпы росту заработнай платы які ўжо раз апярэджваюць тэмпы росту прадукцыйнасці працы і закладваюць тым самым міну пад эканамічную стабільнасць.

Каб зразумець маштабнасць праблемы, на якую паквапіўся АП, прапанаваўшы рэфармаваць праваслаўную царкву, звернемся да досведу рэформаў патрыярха Нікана (XVII стагоддзе).

Пасля далучэння Украіны да Вялікага Княства Маскоўскага формула «Масква — Трэці Рым» атрымала статус імперскай ідэалогіі, што мела на ўвазе ўзвышэнне рускай царквы да былога ўзроўню візантыйскай, г. зн. ператварэнне яе ў цэнтр усяго праваслаўнага свету.

Дзеля рэалізацыі гэтага амбіцыйнага плану Маскве патрэбна было прапанаваць прымальны для ўсіх царкоўны канон. Яна не магла прымусіць іншыя цэрквы хрысціцца двума пальцамі, як было прынята на Русі. Наадварот, яна павінна была змяніць сваю ўласную абраднасць і свае духоўныя кнігі ў адпаведнасці з візантыйскім узорам. Гэта і ўзарвала сітуацыю.

Спроба выбудаваць духоўную вертыкаль згодна з «міжнароднымі стандартамі» прывяла да расколу. Стараверы адрынулі грэчаскую абраднасць і грэчаскія царкоўныя кнігі, таму што грэкі пагадзіся ў 1439 годзе на Фларэнтыйскую ўнію з каталіцкім Рымам. На Русі яны ўспрымаліся як вераадступнікі, заслужана пакараныя Богам, што і выявілася ў іх капітуляцыі перад туркамі.

Дзеля свайго права хрысціцца двума пальцамі людзі ішлі на смерць. Выпадкаў самаспалення былі сотні, а ахвяр — дзясяткі тысяч.

На гэтым фоне выглядае непраўдападобным, што скасаванне Пятром I у 1701 годзе патрыярства і ўсталяванне Сінода ў якасці вышэйшага дзяржаўнага органа царкоўна-адміністрацыйнай улады ў Расійскай імперыі народ практычна не заўважыў.

Чалавек праваслаўнай культуры прынцыповы ў дробязях, але лёгка прымае замену цара-бацькі (між іншым, Памазаніка Божага) на генеральнага сакратара, каб без асаблівага шкадавання пазней паставіць на яго месца прэзідэнта.

Да духоўнасці праз адсячэнне галавы

На «праваслаўную духоўнасць» Google адгукаецца 481 тысячай спасылак. Пагадзіцеся, тут ёсць пра што пагаварыць. Напрыклад, галоўны персанаж маіх «Азбук паліталогіі» ўпэўнены, што «духовные, православные устремления станут основой интеграционных процессов». І гэта асабліва важна ў сучасных умовах, калі Захад перажывае крызіс. «Не просто финансовый или экономический разлад, а глубочайший кризис морали и духовности».

Але не варта панікаваць і рваць на сабе валасы, таму што «именно сейчас стало понятно, что «не хлебом единым будет жив человек», что не только материальные блага являются определяющими для спокойствия и процветания людей».

Праваслаўная культура бачыць свет у катэгорыях Належнага і Існага. Належнае — гэта ідэал, які ў прынцыпе не можа быць увасоблены на зямлі, але гэты ідэал успрымаецца як нарматыў. А існае — гэта свет, у якім мы жывём. Як тут ні прыгадаць савецкіх інтэлігентаў, якія абмяркоўвалі з сябрамі на абшарпанай кухні філасофскія праблемы.

У чарговы раз звярнуся па дапамогу да культуролага Ігара Якавенкі: «Для заходняга чалавека навакольны свет — не сутнасць, якой пагарджаюць, а аб’ектыўная рэальнасць, якую трэба ўвесь час удасканальваць. З пункту гледжання праваслаўнага — свет, у якім мы жывём, паляпшэнню не падлягае, і тое, што робіць Захад, з пазіцый традыцыйнага праваслаўнага космасу, — шлях бессэнсоўны. І нават больш за тое — шлях да бездухоўнага жыцця. Магчыма толькі ператварэнне свету: аднойчы адбываецца цуд — рэвалюцыя ці яшчэ што — і сусвет цудоўным чынам змяняецца».

Прыхільнікам прынцыпу «не хлебам адзіным жыве чалавек» хацелася б нагадаць пра канфлікт паміж «иосифлянами» і «нестяжателями», якія выступалі супраць захавання ў руках царквы велізарных зямельных багаццяў (пры Іване Жахлівым царква валодала трацінай зямельнага фонду краіны). Фінальная фаза канфлікту прыйшлася на XVI стагоддзе.

У гэтым шматгадовым супрацьстаянні дзяржава пасля пэўных ваганняў падтрымала «иосифлян», што на першы погляд выглядае дзіўным, калі ўлічыць пастаянную патрэбу свецкай улады ў матэрыяльных рэсурсах… Аднак апаненты «нестяжателей» прапанавалі маскоўскім кіраўнікам ідэалагічную распрацоўку, якая апраўдвае іх прэтэнзіі на адзінаўладдзе.

Паводле духоўнага лідара «иосифлян» Іосіфа Волацкага, цар толькі целам сваім падобны да людзей, «властиюж подобен вышнему Богу». Пры гэтым сам вобраз Бога і ўяўленне пра характар яго ўзаемаадносін з людзьмі запазычваліся не з Новага Запавету, а са Старога.

Падкрэслівалася, што Бог «по природе бурен и неистов», што ён «добивается своей цели страстно и раздражительно», што ў кіраванні падданымі ён мае права ўжываць «божественное коварство» і «божественное перехищрение».

Рускаму праваслаўнаму цару прапанавалася быць менавіта такім, і менавіта гэтыя рэкамендацыі былі рэалізаваны ў дзейнасці Івана Жахлівага.

Самая працяглая ўнутрыцаркоўная тэарэтычная спрэчка на Святой Русі для боку, які прайграў, скончыўся прадказальна: шмат хто з «нестяжателей» быў пакараны ці адпраўлены ў высылку. Аналагічным чынам абыходзіўся праз 150 гадоў са стараверамі Аляксей Міхайлавіч, які ўвайшоў у гісторыю пад імем Найцішэйшы. У прыватнасці, іх ідэйны лідар Мікіта Пустасвят у навучанне іншым быў был «главосечен и в блато ввержен псом на снедь».

συμφωνία

Не ў апошнюю чаргу Захад змог генераваць Новы час (навукова-тэхнічная рэвалюцыя — толькі адзін з яго атрыбутаў) дзякуючы дыялогу паміж духоўным і свецкім (Рымскім Папам і імператарамі) цэнтрамі ўлады. Кажучы навукова, гэты дыялог і стварыў «творчае пладаноснае поле канструктыўнай напружанасці». Праваслаўны ж свет ні ў яго візантыйскім варыянце, ні ў варыянце Святой Русі такога дыялогу не зведаў.

Нягледзячы на антычныя карані, грэчаская эліта ўжо на раннім этапе будаўніцтва Усходняй Рымскай Імперыі рэалізавала ідэю адзінства («сімфоніі») уладаў пры фактычным дамінаванні імператарскай улады над царкоўнай. Не выключана, што менавіта гэта «дэталь» і схіліла кіеўскага князя Уладзіміра Чырвонае Сонейка 1025 гадоў таму зрабіць свой канчатковы выбар на карысць праваслаўя.

У ідэі сімфоніі (ад грэчаскага συμφωνία — «сугучча», «згода») ёсць аўтар — імператар Юстыніян I. Дам яму слова: «Нішто не ляжыць так на сэрцы цароў, як гонар святароў, якія са свайго боку служаць ім, молячыся бесперапынна за іх Богу. І калі святарства будзе ва ўсім добраўпарадкаванае і ўгоднае Богу, а дзяржаўная ўлада будзе па праўдзе кіраваць дзяржавай, то будзе поўная сімфонія паміж імі ва ўсім, што служыць на карысць і дабро чалавечага роду».

У сакавіку 2003 года, выступаючы з ідэалагічным дакладам, АП нечакана заявіў, што Беларусь засталася адзінай краінай, якая адкрыта прапаведуе адданасць «нашим традиционным цивилизационным ценностям». З факту каштоўнаснай адзіноты была зроблена выснова, што «временем, судьбой, ситуацией Беларусь выдвинулась на, наверное, великую роль духовного лидера восточноевропейской цивилизации (вылучана ў афіцыйным тэксце дакладу — С. Н.).

Для тых, хто не зразумеў, растлумачу: АП фактычна паспрабаваў удыхнуць новае жыццё ў імперскую формулу «Масква — Трэці Рым», за кошт замены Масквы на Мінск, а трэцяга парадкавага нумара — на чацвёрты.

Зразумела, што праваслаўны свет на такую амбіцыйную ініцыятыву АП не адгукнуўся, і яна ціха памерла, неацэненая нават найбліжэйшымі суседзямі па веры, што, зрэшты, ніяк не адбілася на пазіцыі праваслаўя ў палітычнай сістэме Беларусі. У Юстыніяна I гэта пазіцыя не выклікала б пярэчанняў. Мяркуеце самі: «В нашей стране отношения светской и духовной власти строятся по принципу симфонии (вылучана — С. Н.), т. е. гармоничного союза и совместной работы на благо Отечества. Белоруссия успешно развивает сотрудничество с нашей православной церковью».

Паводле слоў АП, «православие является фундаментальным камнем духовности белорусского народа». Прызнаюся, усе мае спробы ўявіць «камень духоўнасці» былі беспаспяховыя. Але гэта мая асабістая праблема.

***

Свет змяняецца, і з гэтым не паспрачаешся. Прыслухайцеся. Хіба вы не чуеце, як фальшывяць музыкі? Якасць выканання сімфоніі відавочна не адпавядае сучасным патрабаванням. Самы час распачаць рэформы.