Украінскі ваенны эксперт: «Калі б не Беларусь, у Расіі наогул гэтая аперацыя не ўдалася б»

Чаму Лукашэнка не ўвёў войскі?

Міхаіл Самусь. Фота: RFL/RL

Міхаіл Самусь. Фота: RFL/RL


— Лукашэнка прымаў прамы ўдзел у арганізацыі аперацыі ў Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцях, заявіў намеснік дырэктара украінскага Цэнтра даследаванняў арміі, канверсіі і раззбраення Міхаіл Самусь у эфіры інавяшчання Украіны UA. — Калі б не Беларусь, на самой справе ў Расіі наогул гэтая аперацыя не ўдалася б ніякім чынам.
Калі б Беларусь заняла хаця б нейтральную пазіцыю, не дазволіла расійскім войскам праводзіць удары па Украіне, нічога б не было. Таму што з таго фронту, які ёсць у Расіі, максімум, што яны маглі б зрабіць, — гэта тая аперацыя, якую мы цяпер бачым: Данбас і поўдзень Украіны.
Калі паляцела першая ракета з тэрыторыі Беларусі, калі ўзляцеў першы самалёт, калі мы гаворым пра злачынствы супраць чалавецтва ў Бучы, то гэтыя расійскія войскі таксама ішлі з тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць Беларусь забяспечыла арганізацыю і правядзенне гэтых аперацый, якія прывялі да гэтых трагедый.  
Эксперт выказаў і сваё меркаванне пра прычыны няўдзелу беларускіх войскаў.
— Калі б хоць на адным з участкаў Расія дасягнула поспеху, Лукашэнка б уступіў у бой сваімі войскамі. Бо ён убачыў, што Расія прайграе, ён хітра вырашыў пачакаць: а што ж будзе далей.
І ён не памыліўся. Калі расійскія войскі ўцяклі з поўначы, з Кіеўскай, Чарнігаўскай, Сумскай абласцей, ён зразумеў, што куды яму, бо войска ў яго на самой справе маленькае, яно ніколі рэальна не ваявала.
Ён хацеў бы, вядома, падмануць Пуціна і выскачыць дзесьці з заяўкай у ЕС, ён аматар такіх геапалітычных фінтоў, але на гэты раз ён ужо перайграў сам сябе, — зрабіў выснову Міхаіл Самусь.
Паводле «Салідарнасці».