Зяленскі: У першы дзень вайны «раілі фактычна здацца тыраніі»

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі распавёў у сваім відэазвароце, што яму прапаноўвалі «пакінуць краіну, раілі фактычна здацца тыраніі»

відэазварот Зяленскага

відэазварот Зяленскага

Уладзімір Зяленскі прыгадаў, што ў першы дзень уварвання Расіі ва Украіну «моцныя гэтага свету» спачувалі і не былі ўпэўненыя, што ўкраінцы выстаяць.

Уладзімір Зяленскі распавёў: «Я памятаю першы дзень уварвання РФ. Я памятаю, што мне казалі 24 лютага, у тым ліку і моцныя гэтага свету. Мякка кажучы, ніхто не быў упэўнены ў тым, што мы выстаім, усе спачувалі.

Многія раілі пакінуць краіну, раілі фактычна здацца тыраніі. Але яны не ведалі нас і не ведалі, наколькі ўкраінцы смелыя, наколькі мы цэнім свабоду, нашу магчымасць жыць так, як гэтага хочам самі. Менавіта мы, а не людзі, армія якіх упершыню ў жыцці бачыць унітазы, хіба што на акупаванай тэрыторыі, і крадзе дадому нават звычайную бытавую тэхніку.

Акупанты будуць адказваць за ўсё, што зрабілі ва Украіне, за ўсё, што зрабілі супраць украінцаў. Яны будуць адказваць за Бучу, Краматорск, Валнаваху, Ахтырку, Гастомель і Барадзянку, Ізюм, Марыупаль і ўсе іншыя нашы выдатныя гарады і абшчыны Украіны, якія расійскае войска адкінула на 80 гадоў у мінулае, у той страшны час, пра які ўсе заўсёды ў свеце казалі «ніколі зноў...»

Вось яно — зноў. Вось яно — цяпер. Мы зробім усё, каб яно сапраўды было ў апошні раз. Бо пытанне, як забяспечыць бяспеку для Украіны і Еўропы больш ніколі не будзе рытарычным. Мы гэтага не дапусцім».

Паводле www.pravda.com.ua