Зяленскі ўпершыню загаварыў пра замірэнне. «Потым акупаваныя тэрыторыі Украіна зможа вярнуць дыпламатычным шляхам»
Раней прэзідэнт Украіны называў «абсалютным вар'яцтвам» прапановы саступіць землі дзеля магчымага спынення вайны.
Прэзідэнт Украіны заявіў, што дзеля спынення агню ягоную краіну трэба ўзяць у NATO і Альянс мае ўзяць пад абарону тэрыторыю, якую кантралюе Кіеў, перадае «Белсат». Акупаваныя раёны, паводле Уладзіміра Зяленскага, Украіна верне потым дыпламатычным шляхам.
Прэзідэнт Украіны загаварыў пра план замарожвання канфлікту ў інтэрв'ю брытанскаму тэлеканалу «Sky News». Уладзімір Зяленскі пракаментаваў паведамленні медыяў пра імаверны мірны план абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, згодна з якім Украіну возьмуць у NATO ў абмен на ахвяраванне тэрыторыямі, захопленымі Расіяй.
Паводле Зяленскага, Альянс мае ўзяць пад абарону тэрыторыю, што кантралюе Украіна, і гэта спыніць агонь:
«Калі мы жадаем спыніць гарачую фазу вайны, мы мусім узяць пад парасон NATO тую тэрыторыю Украіны, якую мы кантралюем. Мы мусім зрабіць гэта хутка. А потым акупаваныя тэрыторыі Украіна зможа вярнуць дыпламатычным шляхам».
Як падкрэсліў Зяленскі, спыненне агню і далучэнне Украіны да NATO неабходныя, каб гарантаваць, што «Пуцін не вернецца» захопліваць новыя тэрыторыі.
«Sky News» адзначае, што ўкраінскі лідар упершыню загаварыў пра замірэнне, якое прадугледжвала б кантроль Расіі над украінскімі тэрыторыямі.
На гэта ж звяртае ўвагу выданне «hromadske», якое піша: раней у кантэксце перамоваў з Расіяй і далучэння Украіны да NATO Зяленскі падкрэсліваў, што Украіна ніколі не аддасць сваіх тэрыторыяў у абмен на «любы статус». Акрамя таго, ён называў «абсалютным вар'яцтвам» прапановы саступіць землі дзеля магчымага спынення вайны.
У Крамлі яшчэ не каментавалі інтэрв'ю Зяленскага «Sky News», аднак раней Уладзімір Пуцін казаў, што перамовы з Кіевам могуць пачацца, калі Украіна адмовіцца ад Крыму і чатырох вобласцяў, а таксама не будзе прэтэндаваць на сяброўства ў NATO.
Надоечы CNN апублікаваў артыкул пра мірны план Кіта Келага, якога Дональд Трамп намінаваў на пасаду прадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны. Мяркуецца, што Масква пагодзіцца на замірэнне ў абмен на змякчэнне санкцыяў, Кіеў мае змагацца за акупаваныя тэрыторыі толькі шляхам перамоваў, а далучэнне Украіны да NATO «адкладаецца на нявызначаны тэрмін» у абмен на шырокамаштабнае мірнае пагадненне з гарантыямі бяспекі.