1000 год супольнай гісторыі
Ці надаём мы дастатковую ўвагу найважнейшым гістарычным датам і святам нашых суседзяў? Гэта пытанне актуальнае асабліва ў дачыненні да краіны на поўнач ад Беларусі, Літоўскай Рэспублікі, з народам якой цягам апошняга тысячагоддзя нашы продкі падзялялі супольны лёс. За мінулы месяц Літва адзначыла адразу тры важныя даты, у якіх, як у люстэрку, — повязь і адрозненні паміж намі.
Ці надаём мы дастатковую ўвагу найважнейшым гістарычным датам і святам нашых суседзяў? Гэта пытанне актуальнае асабліва ў дачыненні да краіны на поўнач ад Беларусі, Літоўскай Рэспублікі, з
народам якой цягам апошняга тысячагоддзя нашы продкі падзялялі супольны лёс. За мінулы месяц Літва адзначыла адразу тры важныя даты, у якіх, як у люстэрку, — повязь і адрозненні паміж
намі.
Так, 16 лютага літоўцы святкавалі Дзень аднаўлення дзяржаўнасці, прымеркаваны да падзей 1918 года, калі ў Вільні рэпрэзентатыўная Літоўская Рада абвясціла стварэнне незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.
Тут відаць амаль поўнае супадзенне ў часе з Беларуссю, дзе падобны працэс расцягнуўся на два этапы. Ад Першага Усебеларускага з’езду 15–18 снежня 1917 года, разагнанага расійскімі
вайскоўцамі пад кіраўніцтвам Савета народных камісараў «Заходняй вобласці». Да 25 сакавіка 1918 года, калі створаная з’ездам Рада, трансфармаваўшыся ў Раду Беларускай
Народнай Рэспублікі, зацвердзіла Трэцяй устаўной граматай дзяржаўную незалежнасць краіны і скасаванне несправядлівага Брэсцкага міру, што падзяліў Беларусь на часткі.
Яшчэ за два дні перад тым у Вільні прадстаўнікі БНР Антон Луцкевіч, Дамінік Сямашка, Адам Станкевіч вялі перамовы з кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі (Тарыбы), гаворачы пра магчымасць аднаўлення
супольнай дзяржаўнасці на ўзор ВКЛ. Але ў той час шляхі Беларусі і Літвы разышліся. Толькі апошняй удалося вызваліцца з імперскіх абдымкаў Савецкай Расіі.
11 сакавіка (ад 1990 года) — Дзень аднаўлення незалежнасці, у які Вярхоўны Савет Літвы выдаў адпаведны акт. Беларусь пайшла гэтым шляхам толькі пасля адпаведных дзеянняў РСФСР (12 чэрвеня),
прыняўшы Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце 27 ліпеня 1990 года. А моц закона Дэкларацыя набыла толькі 25 жніўня наступнага года, пасля камуністычнага путчу ў Маскве.
Але тое, што абмяркоўвалася 11 сакавіка 2009 года ў Літоўскай амбасадзе ў Мінску на «круглым стале» літоўскіх і беларускіх гісторыкаў, звязвалася яшчэ з адной супольнай датай і з
мерапрыемствамі з нагоды святкавання 1000-годдзя Літвы: падзеі доўгай, тысячагадовай гістарычнай рэтраспектывы лучаць Беларусь і Літву трывалымі сувязямі.
У 1009 годзе ў лацінамоўных «Квэдлінбурскіх аналах» упершыню згадваецца Літва (Lituae), у сувязі з пакутніцкай смерцю на памежжы Русі і Літвы св. Бруна Баніфацыя, абезгалоўленага
мясцовымі паганцамі падчас місіі на землях ятвягаў (сучаснай Заходняй Беларусі). Місіянер, выхаваны ў школе пры кляштары св. Яна ў Магдэбургу, пазней капелан імператара Атона ІІІ, пасвечаны ў 1002
годзе рымскім папам Сільвестрам ІІ у арцыбіскупы для пашырэння веры сярод паганскіх народаў, наведаў польскага караля Баляслава Харобрага, венгерскага караля, кіеўскага князя Уладзіміра, тураўскага
князя Святаполка, паспяхова хрысціў 30 печанегаў, накіраваўшыся да іх з Кіева. Апошняя місія, з якой ён выправіўся пасля чарговага візіту да Баляслава, скончылася трагічна. Тым не менш яна ўпершыню
пазнаёміла Еўропу з новай гістарычнай назвай, якая доўгія стагоддзі злучыла літоўцаў і беларусаў.
Якраз пра неабходнасць сумеснага вывучэння гісторыі сіламі навукоўцаў звязаных доўгім сумесным лёсам народаў Беларусі і Літвы і гаварылася на сустрэчы «Тысячагоддзе Літвы. Літва і Беларусь
— разам цягам 1000 гадоў» у Літоўскай амбасадзе ў Мінску. Прысутнічалі і дыпламаты — з боку Літвы сакратар Міністэрства замежных спраў Эвалдас Ігнатавічус і амбасадар Літвы
ў Беларусі Эдмінас Багдонас, Беларусі — намеснік міністра замежных спраў нашай краіны Валеры Варанецкі, і спецыялісты-гісторыкі.
Як распавёў «НЧ» вядомы знаўца эпохі Скарыны прафесар Георгій Галенчанка, гутарка прайшла ў жывой і зацікаўленай атмасферы. Варта адзначыць удзел аднаго з самых аўтарытэтных
гісторыкаў і стваральніка найбольш яркіх і прэзентабельных выданняў па гісторыі ВКЛ у Літве прафесара Альфрэдаса Бумблаўскаса, знаўцы гісторыі шляхецкага саслоўя доктара Рымвідаса Пятраўскаса,
прадстаўнікоў Віленскага універсітэта. А таксама вучоных з Інстытута гісторыі Літвы, яго дырэктара да 2008 года доктара Альвідаса Нікжэнайціса і доктара Артураса Дубоніса. Менавіта апошні выступіў з
падрабязным дакладам з ацэнкай літоўскімі гісторыкамі стану сучаснай беларускай гістарыяграфіі.
Беларускі бок прадстаўлялі вельмі аўтарытэтныя спецыялісты: прафесар Адам Мальдзіс, доктар навук этнограф Ігар Чаквін, гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, слынныя даследчыкі Генадзь Сагановіч (які
вёў сустрэчу), Алесь Краўцэвіч і іншыя. Галоўным станоўчым момантам дыскусіі з’явілася агульнае прызнанне, што гісторыя ВКЛ — гэта сфера супольнай спадчыны і гонару абодвух народаў.
Адзначалася, што неабходна адасабляць сферы папулярнай эсэістыкі, якая мае сваё поле існавання і не пазбаўлена ўплыву міфатворчасці, і прафесійную навуку. Выдатныя папулярызатары гістарычных ведаў
ёсць як у беларусаў, так і ў літоўцаў. Што датычыць дакладнай акадэмічнай навукі, то ў абодвух бакоў можна адзначыць свае накірункі лідэрства. Літоўцы дамінуюць у выданні гістарычных крыніц
— адных тамоў Літоўскай Метрыкі імі надрукавана і пракаментавана больш за трыццаць, а беларусамі — шэсць.
Затое ў Мінску цягам апошніх год з’явіліся выдатныя энцыклапедыі — спачатку шасцітомная гістарычная, а потым Энцыклапедыя ВКЛ у 2 тамах. Падобныя выданні ў Літве толькі рыхтуюцца да
друку. Гучалі пажаданні літоўскага бока да беларусаў больш рашуча выкарыстоўваць сучасныя метадалагічныя напрацоўкі, пазбаўляючыся ад марксісцкай спадчыны, беларусаў — пашыраць здабыткі
нацыянальнай навукі не толькі сродкамі літоўскай мовы, выходзячы на міжнародны «форум» праз пераклады.
Зрэшты, пытанне мовы, як заўсёды, было адным з цэнтральных — ці вызначаць старабеларускую мову як «дзяржаўную» ці «афіцыйную» для самога ВКЛ? А таксама, у
якой ступені характар гэтай дзяржавы залежыў ад афіцыйнай мовы і пануючай культуры з аднаго боку, і складу дамінуючых палітычных эліт, веравызнання, з іншага. Урэшце Ігар Чаквін у чарговы раз агучваў
тэзіс пра неабходнасць далейшага вывучэння «балцкага субстрату» ў фармаванні саміх беларусаў на гістарычным прамежку ад Х да ХХ стагоддзя.
Па меркаванні прафесара Галенчанкі, сустрэча, падобнай якой па ўзроўні не было з 1993 года, стане штуршком на шляху далейшага навуковага і культурнага супрацоўніцтва. Магчымыя яго варыянты —
выданне супольных прац па мінулым абодвух народаў. Дагэтуль застаецца няскончаным польска-ўкраінска-літоўска-беларускі праект, дзе з беларускага боку выйшлі кнігі Г. Сагановіча і З. Шыбекі, а
літоўская частка пакуль не дайшла да друкарскага варштату. З другога боку, перспектыўным было б стварэнне беларуска-літоўскіх прац і зборнікаў. На сённяшні дзень абодва бакі часцей паасобку
супрацоўнічаюць у гэтым накірунку з польскімі калегамі.
Супольная гістарычная дата паслужыла падставай для зацікаўленай гутаркі спецыялістаў-гісторыкаў — яшчэ адно сведчанне плённай працы ў нашай краіне амбасады Літвы. Што датычыць 1000-гадовага
юбілею, то для яго святкавання ў Беларусі таксама створаны аргкамітэт «Міленіум Літвы», які плануе правесці шэраг імпрэзаў, канцэртаў і выстаў у супрацы з Саюзам мастакоў.