Алесь Смалянчук: Памяць пра Халакост шмат гаворыць пра беларусаў

На нашай зямлі яўрэі жылі здаўна, але як вайна паўплывала на іх адносіны з беларусамі і які вобраз Халакосту захаваўся ў народнай памяці?

yama_5.jpg

Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна і Беларускі архіў вуснай гісторыі адкрылі ў Мінску Клуб вуснага гісторыка. Ён мае стаць пляцоўкай, дзе будуць абмяркоўвацца важныя і малавядомыя тэмы з гісторыі ХХ стагоддзя, актуальныя для сучаснага беларускага грамадства.

Рэферэнт і кіраўнік адукацыйных паездак Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян зазначыла: “Мы паспрабуем выбрацца з “вежы слановай косткі”, у якую мы забраліся, да грамадскасці”.

Яна паведаміла, што ў межах клубу плануецца правядзенне дыскусій, прэзентацый даследаванняў, выступленні спецыялістаў з-за мяжы.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” наведала першае пасяджэнне клубу, якое было прысвечана беларускай памяці пра Халакост.

Напачатку прысутныя прагледзелі ролік аб тым, што думаюць звычайныя мінакі пра генацыд яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны ў розных рэгіёнах Беларусі. Як паказала відэа, веды гэтыя досыць сціплыя. І гэтаму ёсць свае прычыны, якія патлумачыў доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук.

Ён пачаў з таго, што распавёў, якім чынам трагедыя Халакосту адлюстроўвалася ў беларускіх падручніках па гісторыі. Так, савецкія падручнікі 1982 года, якімі яшчэ карысталіся падчас першых гадоў незалежнасці, шмат пісалі пра ахвяр нацысцкага рэжыму. У іх якасці выступалі славяне — палякі, беларусы, украінцы, рускія, і “савецкія грамадзяне”.

Падручнік 1990 года ўвогуле сцвярджаў, што згодна з планам “Ост” павінна было быць знішчана 30 мільёнаў рускіх.

Першае пакаленне беларускіх падручнікаў найноўшага часу распавядала пра “махавік сталінскіх рэпрэсій” і спрабавала найбольш грунтоўна паказаць трагедыю Халакосту. Аднак гэтыя падручнікі праіснавалі толькі тры — чатыры гады, у наступных падручніках 1997–2003 гадоў тэма Халакосту амаль што знікла.

 У 2006 годзе з’явіўся падручнік па гісторыі Беларусі для 9 класа, дзе ёсць згадкі пра трагедыю, але яны вельмі сціплыя.

“У мяне склалася ўражанне, што трагедыя Халакосту знаходзіцца ў ценю традыцыйных савецкіх міфаў пра Вялікую Айчынную вайну”, — каментуе гісторык змест ужо сучасных падручнікаў.

Не лепшая сітуацыя склалася і ў пасляваенным мастацтве. Культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі заўважае:

“Пытанне, якое дасюль нявырашанае — чаму беларускае мастацтва засталося без асэнсавання гэтай тэмы?”

Па яго словах, невялічкі адказ, які не вычэрпвае ўсёй праблемы, даў мастак Яўген Ціхановіч. Ён распавядаў, што калі па вайне была створана дзяржава Ізраіль, скульптар Заір Азгур стварыў некалькі кампазіцый, прысвечаных артысту Саламону Міхоэлсу.

Але калі Міхоэлс быў забіты ў Мінску, Азгур замкнуўся ў сваёй майстэрні і разбіваў там усе свае творы, якія тычыліся яўрэйскай тэматыкі.

Аднак ёсць усё ж выключэнне — карціна з цыклу “Лічбы на сэрцы” народнага мастака Міхаіла Савіцкага, дзе ў досыць непрывабным выглядзе намаляваны чалавек з зоркай Давіда. Мастак сцвярджаў, што на ўласныя вочы бачыў у канцлагеры “яўрэяў-памагатых” нацыстаў.

Асэнсаванне тэмы Халакосту ў мастацтве ўвогуле пачалося толькі ў 1960-х, гаворыць Сяргей Харэўскі.

У літаратуры на ваенную тэму, якой так багата ў беларускай скарбонцы, яна таксама амаль не ўздымалася. Калі і былі нейкія спробы, то яны выглядалі досыць кволымі.

Па словах Алеся Смаленчука, размовы з рэспандэнтамі падчас экспедыцый паказалі, што існуе каласальная праблема ў нашым разуменні Халакосту і беларускай памяці пра яго.

Гісторык зазначае, што расповеды пра забойствы яўрэяў, сабраныя падчас экспедыцый, поўныя шкадавання. У той жа час узнікае стэрэатып пра “жыдоў-баязліўцаў”, якія амаль ніколі не ўцякалі ад распраў.

У гістарычнай памяці беларусаў захаваліся прычыны забойства яўрэйскага насельніцтва падчас вайны, якія даследчыкі ўмоўна падзялілі на некалькі груп. Згодна з першай групай адказаў, тысячы яўрэяў знішчалі праз іх “хітрасць і нежаданне працаваць”. І гэта, зазначае гісторык, прымушае скептычна ставіцца да стэрэатыпа, што беларуска-яўрэйскія адносіны заўсёды былі добрасуседскімі і шчырымі. Другая група адказаў датычыцца “асабістай помсты” Гітлера яўрэям. Ёсць і ўяўленні пра жыдоў як пра “пракляты народ”, які забіў Хрыста (такія меркаванні распаўсюджаныя ў заходніх рэгіёнах Беларусі). Іншым разам ва ўспамінах рэспандэнтаў прысутнічаў “крывавы навет” — маўляў, яўрэі разгаўляюцца крывёю. Былі меркаванні пра тое, што немцы імкнуліся да сусветнага панавання, а яўрэі былі найбольш блізкімі да немцаў, таму іх трэба было забіваць.

Нярэдка злачынствы супраць яўрэяў здзяйснялі не акупанты, а свае, аднавяскоўцы — выдавалі ці нават забівалі іх. У якасці забойцаў фігуравалі і мясцовыя партызаны. Аднак у супрацьвагу гэтаму ёсць і ўспаміны пра тое, як аднавяскоўцы ратавалі яўрэяў і дапамагалі ім.

Эксперты кажуць пра тое, што падчас вайны не было ўяўленняў пра маштабы трагедыі. Людзі верылі, што, прынамсі, з буйных гарадоў яўрэяў эвакуявалі, ніхто не думаў, што паўсюль існуюць вялізныя гета.

“У большасці рэспандэнтаў не было разумення глабальнасці катастрофы”, — канстатуе Алесь Смалянчук.

Між тым гісторык заўважае, што ў беларусаў падчас вайны адсутнічала салідарнасць: нярэдкімі былі выпадкі, калі вяскоўцы перасяляліся ў хаты забітых яўрэяў, забіралі сабе іх маёмасць.

“Гэтая памяць вельмі важная і для загінулых, і для жывых — бо яна шмат гаворыць пра нас, беларусаў”, — падсумоўвае Алесь Смалячук.

***

Клуб вуснага гісторыка плануе збірацца штомесяц. Наступная тэма будзе прысвечана падзелу беларусаў на “ўсходнікаў” і “заходікаў” — наколькі жывы ён цяпер.


ЕўраБеларусь