Беларускі след мастака Дабужынскага
Адны даследчыкі вызначаюць прыналежнасць Мсціслава Дабужынскага як «літоўска-рускую», другія як «руска-літоўскую». Беларус Сяргей Харэўскі сцвярджае, што ў радаводзе Дабужынскага былі і полацкія князі. У спадчыне, што пакінуў па сабе мастак, ёсць каліва беларускага даробку.
Адны даследчыкі вызначаюць прыналежнасць Мсціслава Дабужынскага як «літоўска-рускую», другія як «руска-літоўскую». Беларус Сяргей Харэўскі сцвярджае,
што ў радаводзе Дабужынскага былі і полацкія князі. У спадчыне, што пакінуў па сабе мастак, ёсць каліва беларускага даробку.
Відавочна, што Мсціслаў Дабужынскі (1875–1957) — фігура сусветнай культуры. Дух яго вольна лунаў у першай палове ХХ стагоддзя па-над усёй Еўропай насуперак геапалітычнай
ваенна-рэвалюцыйнай завірусе. Мала знойдзецца еўрапейскіх гарадоў на кантыненце, дзе б ён ні бываў, ні працаваў.
Выдатны графік-станкавіст і жывапісец, Дабужынскі, быў бліскучым ілюстратарам, педагогам, тэатральным мастаком, даследчыкам, паэтам і эсэістам, заснавальнікам аб’яднання «Мир
Искусств». Мастак высокай гуманістычнай культуры, са светлым, інтэлектуальна-засяроджаным тварам, з трошкі прыхаванай «іншасветнай», па выразе С. Макоўскага, усмешкай, быў
спадчыннікам шляхецкага роду, што паходзіў з мястэчка Дабуж у Вілкаморскім павеце. З дзяцінства Мсціслаў змушаны быў шмат вандраваць. Новыя ўражанні не толькі спрыялі сталенню характару, але і
ўзмацнялі цікаўнасць да наваколля.
Набытыя ў 2-й Віленскай гімназіі (1889–1895) веды былі сціплыя, але ратавала прага да чытання і самаадукацыя, звычка працаваць, жаданне і здольнасць быць карысным. Па ўрачыстасцях з нагоды
заканчэння гімназіі аднакашнікі гуртам выйшлі за браму і першым чынам паздзіралі з форменных фуражак срэбныя значкі ў выглядзе лаўровых лістоў і літараў «В. 2. Г», і без усялякіх
шкадаванняў пашпурлялі іх у канаву ля ходнікаў. Не маючы сумневу ў залічэнні ва ўніверсітэт, «учорашні» гімназіст пераўвасобіўся ў маладога чалавека…
Сцежка маладога чалавека
Малады чалавек насуперак спакусам узросту скіраваўся на сцяжыну адукацыі. Кола яго «цікаўнасцяў» было значна шырэйшым за мастацтва. Да прыкладу, ад 1902 года разам з Іванам
Луцкевічам быў вольным слухачом Археалагічнага інстытута.
Шмат захапленняў зведаў ён у прафесійным жыцці. Зазнаў «смак» неўласцівых яму кубізму, футурызму, шукаў сябе ў імпрэсіянізме. Але пры ўсёй шырыні творчага дыяпазону здолеў захаваць
свой «ўласны» голас, годнасць і цэльнасць асобы, у фармаванні якой значную ролю адыгрывалі рознагаліновыя веды культур свету, праз якія ён успрымаў рэчаіснасць.
Адзін час (1918–1919 гады) па запрашэнні былога вучня, камісара Шагала, ачольваў Народную мастацкую вучэльню ў Віцебску. Але леварадыкальныя эстэтычныя захады калегаў не ўспрыняў і мусіў быў
з імі развітацца. Там жа, у Віцебску, ён быў сябрам і адным з заснавальнікаў Калегіі выяўленчага мастацтва, удзельнічаў у арганізацыі мастацкага музея, а таксама музея абразоў горада.
На зломе часу
Сумленную асобу мастака Дабужынскага балюча раніла «недасканаласць» рэчаіснасці, яе сацыяльныя і нацыянальныя супярэчнасці. Хоць па натуры ён не быў ні барыкадным барацьбітом, ні
«гарланам-завадатарам», але першым у Расіі зрабіў палітычную сатыру на цара Мікалая, а за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях быў адлічаны з універсітэта.
Зразумелая тая жарсць і энергія душы, што спарадзілі выбух яго грамадзянскай і творчай актыўнасці: ад 1917 года Дабужынскі — чалец і сябра процьмы культурніцкіх камісіяў, камітэтаў і
падкамітэтаў. Зразумелы зараз і той глабальны зман кастрычніцкага перавароту, які рэхам скалануў свет. Тады ж, мяркуючы па колькасці і «значнасці» сацзамоваў, што натуральна
ўпісваліся ў рэвалюцыйную рэчаіснасць, з новай уладай у мастака ўсё і складалася не горшым чынам. Але нечакана ён робіць радыкальны крок.
«Крок — і няма мяжы»
Яму было пад пяцьдзесят, калі ў 1923 годзе па дарозе ў Берлін ён завітаў у Коўна. Суразмерны і сугучны чалавечай асобе гарадок еўрапейскага кшталту ў гатычна-рэнесансным убранні заінтрыгаваў. Цёплы
прыём літоўскай творчай і палітычнай элітай, набыццё Ковенскім музеем сарака ягоных твораў, запрашэнне пераехаць у Літву — усё змушала да роздуму. Намер і падставы з’ехаць з радзімы
маці, дарэчы, сваячкі Льва Талстога, меліся даўно. Але «ўверцюра» атрымала свой працяг толькі ў красавіку 1924 года. Пры спрыянні ўплывовага дыпламата, паэта,
«містыфікатара па жыцці», сябра юнацтва Юзаса Балтрушайціса, Дабужынскі перамяніў месца жыхарства.
У Коўна Мсціслава сардэчна вітала сябрына беларускіх эмігрантаў (па большасці з «палітычных»), з якімі ён сябраваў з пецярбургска-віленскіх часоў.
Коўна
Сталіца тагачаснай Літвы ў 20-я гады была заўважнай выспай «беларушчыны». Невялікая, параўнальна з карэннымі жыхарамі, прысутнасць беларусаў-эмігрантаў падтрымлівала цяпельца
арганізаванага нацыянальнага жыцця. На хвалі перавароту 1917 года ў Коўна была ўтворана «Беларуская грамада», паўстала вайсковая адзінка, падпарадкаваная, праўда, літоўскаму
камандаванню, дзейнічала выдавецтва імя Францішака Скарыны, выходзіла газета «Варта Бацькаўшчыны», часопісы «Наша зямля» і «Часопісь». Няблага
працавала «Беларускае таварыства Чырвонага крыжа» і інш. Урад Літвы да пэўнага часу спачувальна ставіўся да пытання незалежнасці беларусаў, аказваў рэальную дапамогу. Тут, да
ад’езду ў Прагу ў лістападзе 1923-га, месцілася Рада і ўрад БНР.
У коле даўнейшых прыяцеляў
Душой беларускага асяродку была выключная постаць паплечніка Купалы, былога прэм’ера БНР, пазней аднаго з першых акадэмікаў Беларусі — Вацлава Ластоўскага (1883–1938),
даўняга знаёмцы мастака. Пэўна невядома, ён альбо Клаўдзій Душ-Душэўскі, які па самапрызнанні быў «аўтарам беларускага нацыянальнага сцяга», яшчэ да афіцыйнага пераезду
Дабужынскага, прапанавалі яму стварыць вокладку для часопіса «Крывіч».
Часопіс літаратурна-мастацкай скіраванасці шмат увагі надаваў мове, гісторыі. Разлічаны на маладую беларускую інтэлігенцыю, ставіў за мэту мацаванне яе духу і дапамогу ў «адшуканні шляхоў к
самавызначэнню Беларусі ў сферы духовасці, бо… у час рэвалюцыі ўсе сілы былі скіраваны ў старану абароны палітычных пазіцый… Ніва ж культурнай працы была пакінутая… У
выніку атрымалася значнае папярэджанне працы палітычнай перад культурнаю».
Дабужынскаму імпанавала разважліва-незалежніцкая пазіцыя Вацлава Ластоўскага, пільнага даследчыка і далікатнага рэдактара, здольнага адрозніваць «палітыку ад культуры» і таму ён
адгукнуўся на яго прапанову ахвотна і аператыўна.
Датычнасць мастака да беларускіх спраў тым не абмяжоўвалася. Паміж клопатамі над тэатральнымі пастаноўкамі ў розных краінах, работай па аздабленню кніг, выставамі і шматлікімі паездкамі за мяжу ён
знаходзіў час і на іншыя беларускія праекты. Поспехам сталася выдадзеная коштам Беларускага цэнтру ў Літве «адціснутая ў друкарні Сакалоўскага і Лана» ў 1926 годзе
«Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
«Спроба паясніцельнай кнігопісі» — фундаментальная праца, праробленая цягам некалькіх дзесяцігоддзяў у найскладанейшых варунках волатам духу Вацлавам Ластоўскім. Здзейсніць
яе было хіба пад сілу акадэмічнай установе. І па сёння яна не мае сабе роўных. Калі што ставіць побач з ёй, дык гэта Біблію Францішка Скарыны ці Статут ВКЛ — лічаць даследчыкі. Фаліянту (776
стар. фармату большага за «А–4», 29.5 х 31.5), у якім у храналагічнай паслядоўнасці — ад Х да пачатку ХІХ стагоддзя — размеркавана выяўленая аўтарам
вялізная колькасць старабеларускіх тэкстаў (фрагментаў) і каментараў, Дабужынскі мусіў надаць адметны, векапомны твар.
«Помнік кнізе» тутэйшай
Пергаментны абшар вокладкі (поля) праштэмпеляваны кутнімі віньеткамі-застаўкамі («ліст з гронкамі жалудоў»), акрэслены падвоенай графічнай рамкай, нараджае адчуванне глыбіні і
ўтварае кінематаграфічны эфект «наплыву» кампазіцыі. Прозвішча аўтара, перададзенае кірылічным шрыфтам, стылізаваным пад графічны стыль, сцверджаны Скарынам. Ніжэй адбіўкі
— фрагмента арнаментальнай кампазіцыі — прапіснымі літарамі чырвона-цаглянага колеру «таго ж шрыфту» пададзена частка назвы працы. Цэнтральная частка акцэнтуецца
ўпэўненымі, больш буйнымі па памеру антрацыдна-чорнымі радковымі літарамі. Падсумоўвае графічна-шрыфтавую кампазіцыю сэнсавая дамінанта.
Мяркуем, спрычыніўся мастак і да ўнутранага ўбрання: адбору і размеркавання заставак, фрагментаў старадрукаў, гравюраў з выданняў, нумізматычнага, сфрагістычнага і іншага матэрыялу.
За зробленую «не мімаходзь» працу, пра што сведчаць працоўныя матэрыялы ў рукапісным фондзе бібліятэкі Мажвідаса, яму было не сорамна. Не здарма ж у завяршэнні кампазіцыі, у
перабіўцы, паміж месцам і годам выдання, мастак змясціў уласны «знак якасці» — манаграму «МД». Закампанаваная ў разамкнёнае кольца, яна ўспрымаецца
натуральна і асацыюецца са Скарынавым знакам «Сонца з квадрай», змушае ў спалучэнні з сімволікай лістоў з гронкай жалудоў да большых рэфлексій.
Пошук глебы…
На досвітку «эміграцыйна-рэпатрыяцыйных» часінаў Дабужынскі пакутліва шукаў уласныя вытокі, сваё нацыянальнае апірышча. Вялікае Княства Літоўскае з адзінай геапалітычнай, этна- і
сацыякультурнай прасторай на той час існавала хіба ў свядомасці мастака і ўяўлялася той метафізічнай Айчынай, па якой нудзілася душа. Выразна ўвасоблена гэта ў карціне «Князь
Вітаўт».
Твор з гісторыі ВКЛ пісаў майстар, узгадаваны ў ХХ стагоддзі, ва ўлонні «срэбранага веку». Атмасфера сімвалізму з яе паэтыкай недагаворанасці, прыхаванымі аналогіямі,
супастаўленнямі, якія часам парушалі рэалістычна-вонкавую цэльнасць вобраза, была натуральнай і блізкай мастаку інтуітыўна-лірычнага светаўспрымання. Вялікае Княства позняга сярэднявечча з
агульнаеўрапейскімі ідэаламі — культам Чароўнай Пані, рыцарствам, абаронай Айчыны, служэннем каралю і г. д. — чымсьці перагукалася з мадэрновымі этыка-эстэтычнымі павевамі пачатку
ХХ стагоддзя і індывідуальнымі пошукамі многіх пагодкаў Дабужынскага.
Рэпрэзентатыўны партрэт-карціна, прапанаваны творцам, нязвыклы па стылістыцы і пабудаваны (у чым няма выпадковасці) на зваротах да розных традыцыяў — «парсуны»,
«сармацкага», рэалістычна-псіхалагінага партрэту, неапрымітывізму.
Вялікі князь Вітаўт па-над усім
Першы варыянт твора быў напісаны па замове МЗС Літвы ў сакавіку-красавіку 1926 года для літоўскай амбасады ў Берліне (захоўваецца ў фондах Віленскага мастацкага музея). Дзяржаўна-ідэалагічная
сутнасць такой замовы ў часы станаўлення нацыі не патрабуе тлумачэнняў. «Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы росквітам Княства Літоўскага, нашага краю, і называюць той век
залатым...» — дэкламаваў Мікола Гусоўскі ў «Песні пра зубра».
У вялікакняскай мантыі чырвонага атласу, падбітай гарнастаямі, з сімваламі ўлады, на фоне горада і прывідным «Верхнім Замкам» воддаль, годна і велічна высіцца Вітаўт. Перадусім
чалавек, а не скамянелы ідал. З «літаратурным прачытаннем» Дабужынскім вобраза Вітаўта — палітыка і ваяра, усё «больш-менш» зразумела. Пытанні выклікае
акаляючая яго мастацкая прастора.
На першым плане, долу, з правага боку — сімвалічны шчыт з выявай коннага рыцара ў брані з паднятым мячом — «Пагоня», скіраваная на «Усход». Каб
«Пагоня» адпаведна традыцыі была арыентавана на «Захад», кампазіцыя мела б больш «замкнёны» і завершаны характар. Выява ўзброенага вершніка
— знака роду Вітаўта — бярэ свой пачатак ад славянскага Ярылы ці хрысціянскіх святых, лічаць адмыслоўцы. Аднак пад «Пагоняй», юрыдычна замацаванай пазней на гербе
ВКЛ, мы бачым дадатак у выглядзе «Калюмнаў» — радавы знаку Гедыміна. Гэта пакідае мажлівасць шматварыянтнасці прачытання: ад указання на паганскую аснову народа да
геаграфічнага, паўночна-заходняга, вызначэння яго паходжання.
Правая частка «люстэркава» ўраўнаважана выявай пергаментнага скрутку. Гэта дэталь вымагае інтэрпрэтацыі. Эрудыт Дабужынскі, хутчэй за ўсё, даў тут «адсылку» да
«Мемарыяла Вітаўта». Ці не адзінага аўтабіяграфічнага дакумента, насычанага беларусізмамі, які створаны «пад голас князя» нямецкім рыцарам-храністам у
ХІV–ХV стагоддзі. Мастак, відаць, быў знаёмы з «нямецкай» публікацыяй яго 1863 года альбо з польскім варыянтам, выдадзеным у 1924-м. (Літоўскі варыянт пад назвай
«Скарга Вітаўта» быў выдадзены ў 1939). Без сумнення, вялікі ўплыў на разуменне Дабужынскім вобраза князя зрабіў Ластоўскі.
Нерукатворны краявід, музычная мелодыя яго пагоркаў падаецца ўмоўна-абагульнена. Суседзячая выява месца больш канкрэтная і прапрацаваная. Горад за спіной князя, апрануты ў камень, мае ўяўныя прыкметы
рэнесанснай (еўрапейскай) забудовы, чаго не магло быць у часы Вітаўта. Не быў каменным адвольна «рэканструяваны» мастаком (зноў жа не з-за адсутнасці «дакументаў»
ці па недасведчанасці) Верхні Замак з бел-чырвона-белым сцягам. «…Во времена Витовта, башня и замок были деревянными», — адзначаў Дабужынскі ў сваёй друкаванай
працы, адмыслова прысвечанай гісторыі архітэктуры і «пошукам стылю». У дадатак някідкае, але выразнае мудрагеліста-карункаванае наверша адной з вежаў «Ніжняга
Замку» — успрымаецца як самастойны, аўтаномны твор мастацкага кавальства, што спалучае ў сабе сімволіку паганскага Сонца, хрысціянскага Крыжа і мусульманскага Паўмесяца.
«Цьмяныя» мясціны скіроўваюць да думкі, што сканструяваны «краявід і яго насычэнне» змяшчаюць у сабе канцэптуальнае разуменне Дабужынскім зместу гісторыі і
будучыні гэтай зямлі. Найперш, ураўнаважанасці беларускай і літоўскай галінаў у дзяржаўным утварэнні і наканаванасці агульнай будучыні народаў.
Невядома, як быў успрыняты твор замоўцам — МЗСам Літвы. А вось рэцэнзія сучасніка Сяргея Горнага — эмацыйна цёплая і ў той жа час цвяроза аналітычная: «Экспрэсія,
насычанасць, глыбіня, пераадоленне наіўнага натуралізму і юнацкага сімвалізму, і разам з гэтым высакароднасць сапраўднай традыцыі». Добразычлівыя рэцэнзіі з’явіліся ў выданнях
рускіх эмігрантаў «Руль», «Наше эхо».
Спад у беларускім руху, ад’езд Ластоўскага і шэрагу іншых дзеячаў у БССР, каб паспрыяць там палітыцы беларусізацыі, падштурхнулі Мсціслава Дабужынскага на ладныя 5–7 гадоў да працы
на ніве літоўскага нацыянальнага будаўніцтва. Ён быў актыўным сябрам камісіі па распрацоўцы літоўскай дзяржаўнай сімволікі, адным з мастакоў — стваральнікаў нацыянальнага тэатра, аўтарам
шматлікіх доследаў па гісторыі культуры і архітэктуры, творцам шэрагу карцін па сюжэтах гісторыі ВКЛ.
Аднак у 1936 годзе, не абцяжараны валізкамі, мастак пакідае Літву. Едзе, здавалася, усяго толькі ў чарговую замежную камандзіроўку. Аказалася — назаўжды.
Другая сусветная вайна перакрэслівае, перакройвае лёсы мільёнаў. «Грамадзянін сусвету» Мсціслаў Дабужынскі, той Гамлет, для якога «любая дзяржава» падалася б
турмой, спачывае ад 20 лістапада 1957 года на Нью-Ёркскіх гарадскіх могілках.
P.S. У чаканні беларускіх даследчыкаў
У Коўне, напраўду, ён яшчэ неяк быў. Праездам. Але асабісты архіў не забраў. Па другой сусветнай вайне, Ковенскаму Інстытуту ўжытковага і дэкаратыўнага мастацтва дасталася тэатральная частка
спадчыны. Рукапісы ж былі ўлучаны ў калекцыю Рэспубліканскай бібліятэкі (зараз ЛНБ імя Мажвідаса) і перавезены ў Вільню. У аддзеле рукапісаў ЛНБ захоўваецца таксама тая частка архіва, што
знаходзілася ва ўласнасці сына мастака — Усевалада, які падараваў яе ў 1998 годзе Літве.
Пры спрыянні літоўскай амбасады ў Францыі ў Літву былі перададзены дакументы «нелітоўскага перыяду»: дзённікі і дзённікавыя запісы, малюнкі «ранняга перыяду» (2
сшыткі для замалёвак), больш за 30 альбомаў і каля 1000 асобных малюнкаў розных жанраў і тэхнік. Краявіды Рыгі, Пецярбурга, Лондана і Тарту, Віцебска, Вільні, эскізы народных строяў, замалёўкі
арнаментыкі, значная колькасць сцэнаграфічных рашэнняў, а таксама рэпрадукцыі ды негатывы на шкле, аўталітаграфіі.
Скарб, які не мае цаны, па-ранейшаму чакае беларускіх даследчыкаў.