Берасцейскія замалёўкі: яміны ў зямлі і памяці…

Амаль два месяцы Берасце штодня наведваюць журналісты айчынных і замежных СМІ. На тэрыторыі Вялікага гета гораду часоў Другой сусветнай вайны на рагу вуліцы Куйбышава і праспекту Машэрава, дзе ўзводзіцца жылы «Прыбужскі квартал», было выяўлена вялікае пахаванне ахвяраў Халакосту. У сувязі з гэтым сваю заклапочанасць выказаў Сусветны габрэйскі кангрэс.



b_ja_1a.jpg

Раскопкі працягнуцца


13 сакавіка БелТА распаўсюдзіла заяву старшыні Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандра Рагачука пра тое, што ўзвядзенне «Прыбужскага кварталу» працягнецца толькі пасля завяршэння раскопак; месца ямы, якая знаходзіцца ў некалькіх метрах ад будаўнічага катлавану, стане зялёнай зонай, перапахаванне парэшткаў забітых габрэяў будзе праведзена на адных з могілак Берасця паводле традыцый іудаізму, а памяць пра ахвяраў вайны будзе ўшанаваная.
Паводле спадара Рагачука, з 17 студзеня спецыялізаванае падраздзяленне Міністэрства абароны падняла з яміны парэшткі 990 ахвяраў. Такая лічба стала шокам для грамадскасці, навукоўцаў і чыноўнікаў. 

Ірына Лаўроўская ў двары дому свайго дзяцінства па вуліцы Сямёна Будзённага 

Ірына Лаўроўская ў двары дому свайго дзяцінства па вуліцы Сямёна Будзённага 

Заяву Аляксандра Рагачука пракаментавала знаўца старога Берасця, доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская. На яе меркаванне, каб пазбегнуць шоку ад нечаканасцяў падчас здзяйснення праекту, трэба было кіравацца патрабаваннем аб ахове «будынкаў і збудаванняў, планіровачнай структуры, ландшафту і культурнага слою» гістарычна-культурнай каштоўнасці нацыянальнага значэння «Гістарычны цэнтр Берасця», унесенай у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Перад праектаваннем «Прыбужскага кварталу» трэба было правесці навуковыя даследаванні — архіўныя і археалагічныя. Аналіз іх вынікаў дазваляў пазбегнуць любых нечаканасцяў падчас будаўніцтва, падкрэсліла навукоўца.
Цяпер жа грамадскасць патрабуе спыніць будаўніцтва на месцы расстрэлаў у Берасці, актывісты стварылі адпаведную петыцыю

Так выглядае яміна ў квартале забудовы, дзе з 17 студзеня былі знойдзены чарговыя парэшткі 990 берасцейцаў — ахвяраў Халакосту 

Так выглядае яміна ў квартале забудовы, дзе з 17 студзеня былі знойдзены чарговыя парэшткі 990 берасцейцаў — ахвяраў Халакосту 

Узгадаем мінулае

Прывілей князя Вітаўта ад 1 ліпеня 1388 года берасцейскім габрэям стаў падставай для аседласці іудзеяў у Вялікім Княстве Літоўскім. У наступныя стагоддзі горад — цэнтр габрэйскага жыцця ВКЛ. Менавіта ў Берасці ў 1623 годзе адбылося першае пасяджэнне Літоўскага Вааду — галоўнага органу самакіравання габрэйскіх суполак Вялікага Княства Літоўскага.
З цягам часу Берасце (на ідыш Брыск) стала амаль цалкам габрэйскім горадам, бо доля іудзеяў у ім даходзіла да 89% ад колькасці ўсіх гараджанаў. Славу месту здабылі, найперш, габрэі-купцы, якія ў XV-XVI стагоддзях гандлявалі на шляху ад Венецыі да Вільні, ад Гданьска да Кіева. Адным з іх быў купец і ўпраўляючы караля Стэфана БаторыяШауль Валь бен Егуда (1541-1617) — сын рабіна з італьянскай Падуі.
Прадпрымальным габрэям належыць рэалізацыя праекту пабудовы маста праз Буг (1513), які дапамог звязаць Вільню з Кракавам. Далёка за межамі гораду былі вядомыя тавары берасцейскіх рамеснікаў, якія, сярод іншага, выраблялі якасныя абутак, капелюшы і шапкі, каўбасы і печыва, бочкі, колы і тачкі.
Напачатку XX стагоддзя Беларусь мела найбольшую ў свеце шчыльнасць габрэйскага гарадскога насельніцтва. Вось чаму і па сёння ў шэрагу местаў краіны самабытная габрэйская традыцыя захавалася ў архітэктуры мацэваў (іудзейскіх надмагілляў) і сінагог (духоўных святыняў этнасу).
Аднак сітуацыя ў Берасці складвалася па-іншаму. Як зазначае Ірына Лаўроўская, дзеля стварэння магутнай фартэцыі на заходніх межах Расійскай імперыі ў 1830-я гады было цалкам знішчана сярэднявечнае Берасце з яго велічнымі помнікамі архітэктуры. Сярод іх — старажытны замак, 20 храмаў, рынак з ратушай, калегіумам езуітаў, палацамі Сапегаў, Радзівілаў, Чартарыйскіх і іншымі ўнікальнымі будынкамі. Так закладаліся асноўныя прынцыпы каланіяльнай горадабудаўнічай практыкі ў Беларусі: гвалтоўная змена функцыяў старых ансамбляў, разбурэнне важных у духоўным і гістарычным сэнсах аб’ектаў, наўмыснае стварэнне эстэтычнага канфлікту праз радыкальную стылістычную змену альбо ўзвядзенне чужародных і несумаштабных збудаванняў у традыцыйным высокамастацкім асяродку.
У 1836 годе горад наведаў імператар Мікалай I з нашчадкам — будучым Аляксандрам II. Даследчыца габрэйскай спадчыны Беларусі Іна Соркіна звяртае ўвагу, што прычынай цікаўнасці манарха да правінцыйнага Берасця было заснаванне тут магутнай крэпасці. Яе пабудова павінна была ажыццявіцца на месцы старога места. За некалькі месяцаў быў разбураны ўвесь звычайны лад паўсядзённага жыцця, людзі прымусова былі сагнаныя з пляцаў, дзе жылі іх продкі. Але галоўная трагедыя была наперадзе. Калі разбурэнне старога гораду азначала давядзенне яго жыхароў да галечы, дык перанос у іншае месца старых габрэйскіх могілак з іх 500-гадовай гісторыяй выклікалі жах і абурэнне месцічаў. Нягледзячы на ўсе высілкі габрэяў пакінуць памерлых у спакоі, улады засталіся няўмольнымі.

Так, насуперак іудзейскай традыцыі ў 1842 годзе старыя габрэйскія могілкі (на ідыш — бісхайм ці кіркут, на іўрыце — бейт альмін ці бейт кварот) былі знішчаныя, а парэшткі іудзеяў, якія жылі і паміралі ў горадзе цягам пяці стагоддзяў, перанесеныя на новы пляц. Зрэшты і тут кіркут пратрымаўся толькі стагоддзе, бо ў 1950-1970-я гады на яго месцы пабудавалі стадыён «Лакаматыў». У выніку двух пераносаў габрэйскіх могілак загінулі і шматлікія мацэвы, якімі пасля вайны складалі фундаменты дамоў і брукавалі вуліцы гораду. На сёння захавалася каля тысячы гэтых сведчанняў сакральнай культуры габрэйства, якія мяркуецца ўсталяваць у лапідарыі каля стадыёну «Лакаматыў».

Яміны з ахвярамі гета знаходзілі і раней


Спадарыня Ірына Лаўроўская, якая нарадзілася ў Берасці, узгадвае:
«Прыкладна ў пяцігадовым узросце ўпершыню ўбачыла яму з парэшткамі вязняў гарадскога гета. У паветры стаяў дзіўны смурод, і, насуперак забароне бабулі выходзіць з дому, мы са старэйшай сястрой Людмілай усё ж прыбеглі да яміны.

Спадарыня Ірына (справа) з сястрой Людмілай у двары дому свайго дзяцінства ў 1956 годзе (здымак з архіву даследчыцы)

Спадарыня Ірына (справа) з сястрой Людмілай у двары дому свайго дзяцінства ў 1956 годзе (здымак з архіву даследчыцы)

Недалёка, на вуліцы Куйбышава, стаяў натоўп. Было ціха, шмат хто плакаў, некаторыя рыдалі. Я стала паміж дарослымі і глядзела на целы жанчын і мужчын, якія ляжалі ў два шэрагі тварамі ніцма на глыбіні каля 1,5 метра ў вялізнай яміне — прыкладна 4 на 20 метраў. Аднаго з мужчын я хораша запомніла — ён быў апрануты ў брыджы і высокія гетры ў клетачку. Сястра стаяла каля самай ямы. Яна, тады ўжо піянерка, заўважыла, што целы выцягвалі віламі, а савецкі жаўнер выбіваў з чарапоў забітых людзей залатыя каронкі. На жаль, тады не было каму ідэнтыфікаваць парэшткі гэтых ахвяраў нацызму.

Гэтыя будынкі па вуліцы Куйбышава стаяць на ямах, дзе пасля вайны былі знойдзены расстраляныя габрэі – вязні Берасцейскага гета

Гэтыя будынкі па вуліцы Куйбышава стаяць на ямах, дзе пасля вайны былі знойдзены расстраляныя габрэі – вязні Берасцейскага гета

У сярэдзіне 1970-х, калі на Куйбышава будавалі панэльны дзевяціпавярховік, насупраць першай яміны знайшлі другую, а зараз — наступную. Прычым усе пахаванні знаходзіліся ў непасрэднай блізкасці ад будынкаў сінагог. Першая яміна — ля існуючага будынку былой сінагогі Асіра, а другая — каля неіснуючага будынку іудзейскай святыні Джоэль Вінаград. 

Да вайны ў гэтым будынку па вуліцы Куйбышава размяшчалася сінагога Асіра—адна з 76 іудзейскіх святыняў горада 

Да вайны ў гэтым будынку па вуліцы Куйбышава размяшчалася сінагога Асіра—адна з 76 іудзейскіх святыняў горада 

 

b_ja_4a.jpg

Здымак з чарцяжа, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Горадні
Што адчуваю зараз? Вялікі боль і расчараванне, бо новае пакаленне берасцейцаў адмаўляе бязмоўным ахвярам Халакосту ў праве захаваць сваю асабістаць, а можа і вярнуць свае імёны. Не ведаю, з якой прычыны, але парэшткі забітых змешваюцца, бо складваюцца ў скрыні не паводле прыналежнасці да асобных касцякоў, а паводле відаў костак. І гэта пры тым, што мы ўпершыню маем магчымасць ідэнтыфікаваць парэшткі забітых габрэяў з дапамогай аналізу ДНК, але сумняюся, што гэта будзе зроблена нашай дзяржавай…»

Выявы берасцейцаў-ахвяраў Халакосту з фондаў Дзяржаўнага архіву Берасцейскай вобласці. На здымках – Ёлка Гальперына, Еля Ландсберг і Шымон Лукін
На меркаванне Ірыны Лаўроўскай, каб зняць вастрыню гэтай форс-мажорнай сітуацыі, патрэбныя прафесіяналы, якія давяраюць неабыякавым людзям. Калі мясцовыя ўлады адмовяцца ад будаўніцтва на пляцы каля расстрэльнай яміны, можна звярнуцца да свету з просьбаю аб дапамозе ў пошуку годнага выйсця з сітуацыі. «Пры шчырай і адкрытай пазыцыі гарадскія ўлады хутчэй знойдуць разуменне і падтрымку», — упэўнена навукоўца.
На яе думку, гэтая жахлівая і малапрывабная гісторыя можа павярнуцца на карысць Берасцю толькі пры адной умове — сумленным і адкрытым дыялогу.

У якасці пасляслоўя


Сёння ў Берасці амаль не адчуваецца 631-гадовае супольнае жыццё габрэяў з беларусамі, украінцамі і палякамі. Пра гэта няма аніякай згадкі нават на мануменце 1000-годдзя горада, якое будзе адзначацца сёлета. У горадзе пакуль адсутнічаюць тапонімы ў гонар выбітных землякоў-габрэяў, хоць нейкая агульная візуальная інфармацыя пра гісторыю і трагедыю мясцовага габрэйства, яго ўнёсак у гарадское жыццё.  

На мануменце ў гонар 1000-годдзя Берасця нічога не нагадвае пра 631-гадовае мінулае мясцовага габрэйства…
Разам з тым, горад і вобласць далі свету шмат выбітных прадстаўнікоў габрэйства. Сярод іх — адзін з заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Менахэм Бегін, першы прэзідэнт гэтай краіны Хаім Вейцман і кіраўнік ізраільскага ўраду Іцхак Шамір.
Праўда, першыя крокі робяцца — колькі гадоў таму на вуліцы Куйбышава з’явіліся помнікі ахвярам Халакосту і Менахэму Бегіну, адкрыўся невялікі музей «Габрэі Берасця».

У раёне расстрэльных ямаў узведзены мемарыяльны камень

У раёне расстрэльных ямаў узведзены мемарыяльны камень

b_ja_5_logo.jpg

Бюст Менахэма Бэгіна 
Аднак гэтага відавочна недастаткова. На маё меркаванне, у пытанні ўшанавання памяці мясцовага габрэйства гораду бракуе сістэмнага падыходу, а менавіта падрыхтоўкі і зацвярджэння праекту праграмы вяртання габрэйскай спадчыны.
Сярод справаў гэтага праекту бачу сціплы мемарыяльны камень у цэнтры горада «Удзячныя берасцейцы — сваім землякам-габрэям». На ім пажадана адлюстраваць больш чым 600-гадовы ўнёсак мясцовага габрэйства ў гісторыю места, амаль поўнае знішчэнне габрэйскай супольнасці падчас Халакосту, а таксама той факт, што значная колькасць камяніцаў у гістарычным цэнтры гораду некалі належыла сем’ям габрэяў.

Амаль 70% забудовы гістарычнага цэнтру места да вайны належала берасцейскай габрэйскай супольнасці

Амаль 70% забудовы гістарычнага цэнтру места да вайны належала берасцейскай габрэйскай супольнасці

Горад заслугоўвае адпаведнага музея габрэйскай культуры ў адноўленым будынку былой гарадской сінагогі, якая вылучаецца выбітнай архітэктурай. У якасці такога будынку можа быць абраная былая сінагога Асіра на вуліцы Куйбышава.

Так выглядала сінагога падчас яе рэканструкцыі ў кінатэатр «Беларусь» (1973-74 гады). Здымак Арнольда Міхальчука.  

Так выглядала сінагога падчас яе рэканструкцыі ў кінатэатр «Беларусь» (1973-74 гады). Здымак Арнольда Міхальчука.  

Паколькі горад мае статус свабоднай эканамічнай зоны, у ім можна было б заснаваць штогадовы міжнародны фэст культуры габрэйскай дыяспары.
Для гістарычнага цэнтру Берасця трэба распрацаваць стэнды з неабходнай даведачнай інфармацыяй, планам гэтай тэрыторыі і пазначэннем найбольш цікавых аб’ектаў яе мінуўшчыны, у тым ліку габрэйскай – існай і страчанай.
На месцы ямы гарадскія ўлады мяркуюць зрабіць зялёны газон. Праект ушанавання памяці ахвяраў нацызму на трэцяй яме бачыцца сціплым, лаканічным і кранальным. Уявіў, як па газоне бяжыць маленькая хударлявая прыгожая дзяўчынка са спелым бутонам дзьмухаўца. Дзіця трымае ў руцэ краску з празрыстым чубком і радасна глядзіць угару, бо чакае цуду палёту апушанай семязавязі ад лёгкага павеву ветрыку…
Гэтыя і іншыя захады будуць спрыяць выхаванню культуры гістарычнай памяці, адсутнасць якой — цяжкая духоўная хвароба. Бо менавіта памяць трымае нас у бясконцым ланцугу пакаленняў. Без усведамлення гэтай памяці пра мінуўшчыну ў чалавека, нацыі і дзяржавы проста няма не толькі аніякай будучыні, але нават і спадзявання на яе.

Пра былую іудзейскую святыню, дзе зараз кінатэатр «Беларусь», нагадвае адкрыты для агляду фрагмент фундаменту з валуноў, які Ірына Лаўроўская назвала мясцовай Сцяной плачу

Пра былую іудзейскую святыню, дзе зараз кінатэатр «Беларусь», нагадвае адкрыты для агляду фрагмент фундаменту з валуноў, які Ірына Лаўроўская назвала мясцовай Сцяной плачу

Менавіта з выхаваннем культуры памяці звязваю надзею на цывілізаваны дыялог грамадскасці з чынавенствам, які дазволіць вырашаць такія няпростыя пытанні, што паўсталі вакол яміны з парэшткамі ахвяраў Халакосту.