Дзень нараджэння Кастуся Каліноўскага
176 гадоў таму нарадзіўся лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Літве і Беларусі.
Бацькам Кастуся Каліноўскага быў беззямельны шляхціц з Гародні, уладальнік невялікай ткацкай мануфактуры Сямён Каліноўскі. Маці, Вераніка Рыбінская, памерла, калі сыну было 5 гадоў.
У 1856-1860 гадах, пасля заканчэння Свіслацкай гімназіі, ён навучаўся на юрыдычным факультэце Петэрбуржскага ўніверсітэта. У студэнцкія гады разам са старэйшым братам Віктарам актыўна
ўдзельнічаў у дзейнасці студэнцкіх зямляцтваў і ў рэвалюцыйных гуртках.
Адразу пасля вяртання на радзіму ў 1861 годзе Каліноўскі разам са сваімі паплечнікамі стварыў рэвалюцыйныя гурткі ў Гарадзенскай і Віленскай губернях, якія ўвайшлі ў адзіную канспірацыйную
арганізацыю.
У 1862 ён стаў на чале кіраўнічага органа гэтай арганізацыі Камітэта руху, які пазней стаў Літоўскім правінцыйным камітэтам паўстання.
Узначаліўшы ў 1863 паўстанне супраць расейскіх улад у Беларусі і Літве, Каліноўскі выступіў за шырокае далучэнне да барацьбу сялян, за пашырэнне паўстання на ўсход і на поўнач - на тэрыторыю
Расеі.
У варунках жорсткіх дзеянняў урадавых сіл, знаходзячыся ў глыбокім падзем’і, Каліноўскі кіраваў паўстанцамі да свайго арышту ў канцы студзеня 1864 года.
Прысуджаны да смерці, Каліноўскі працягваў барацьбу, звяртаючыся да народа з «Лістамi з-пад шыбеніцы».
Кастуся Каліноўскага пакаралі смерцю ў Вільні ў 1864 годзе.