Вечарына ў гонар Каліноўскага

1 лютага у гонар Каліноўскага ў Палацы мастацтваў адбылася паэтычна-музычная вечарына. Імпрэзу вёў мастак Мікола Купава. Цягам амаль двух гадзін перад наведнікамі выступалі барды і паэты. 



Прадэманстраваныя творы былі прасякнутыя ідэяй любові да Бацькаўшчыны і змагання за яе свабоду. На сцэну з гітарай выходзілі Аляксей Галіч, Галіна Ярашэвіч, Ганна Чумакова, Сяржук Доўгушаў, Зміцер Бартосік, Таццяна Матафонава з сынам, адыграла трыа маладых музыкаў — Ярына Лецка, Мікіта Рабухін, Антон Касцюкоў. Са сваімі творамі выступалі Язэп Янушкевіч, Сяргей Панізнік, Алесь Разанаў, Генадзь Тумаш.
Кожны прапаноўваў 2-3 найлепшыя песні са свайго рэпертуару, якія пасавалі адначасова ўрачыстаму і стрымана-філасоўскаму настрою вечарыны. Гучала музыка, перапляталася са сказанымі да месца непатаснымі, але трапнымі словамі. Час праляцеў незаўважна.