Як «чысцілі» ад нацдэмаў і контррэвалюцыянераў Акадэмію навук БССР у 30-х гадах

Беларуская акадэмія навук, "дзіця Кастрычніцкай рэвалюцыі", была выкарыстаная контррэвалюцыйнымі элементамі ў сваіх мэтах, абуралася газета "Савецкая Беларусь" у студзені 1931 года. Гэта трэба было выправіць. Менш чым праз два гады пасля адкрыцця Акадэміі навук пачаліся чысткі, піша Еўрарадыё.

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь", 1931 год


"Ад Беларускай акадэміі навук патрабуецца самы актыўны ўдзел у сацыялістычным будаўніцтве СССР", — патрабавала выданне.
Да самагубства першага прэзідэнта Акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага заставалася менш за месяц.

Ніякай "акадэмічнасці" і "аб'ектыўнасці"

"У дакастрычніцкая Беларусі не было ні адной навучальнай установы. Замест гэтых апошніх царская ўлада будавала тут цэрквы і манастыры, касцёлы і сінагогі, турмы і шынкі. Усім гэтым атручваліся мазгі працоўных мас Беларусі", — так "Савецкая Беларусь" палохала чытачоў цёмнымі царскімі часамі ў 1931 годзе.
А вось савецкая ўлада дала працоўным масам не толькі адукацыю, але і цэлую Акадэмію навук, якую ўрачыста адкрылі 1 студзеня 1929 года. Тым большае абурэнне павінна была выклікаць у працоўных дзейнасць "контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратаў" у гэтых сценах.
Яны "пры актыўнай дапамозе тых, хто стаяў на чале Акадэміі" толькі і марылі забраць у працоўных усё, што дала рэвалюцыя. І менш чым праз два гады пасля адкрыцця Акадэміі навук пачаліся чысткі. Да таго часу савецкая грамадскасць, пісала газета, ужо добра ведала, што Акадэмія стала "штаб-кватэрай беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму, які з'яўляецца агентурай фашысцкай Польшчы і агентурай інтэрвентаў".

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь" зусім дакладна фармулявала задачу: работу БАН трэба ўзяць "пад кантроль пралетарскай грамадскасці". Вось некалькі ўрокаў ад газеты для акадэмікаў — былых і будучых.
Урок першы: навука не можа быць апалітычнай. А тыя, хто нешта там заяўляў пра "акадэмічнасць" і "аб'ектыўнасць навукі", будуць высмеяныя і названыя "найлепшымі ўзорамі буржуазнага ханжаства".
Урок другі: нацдэмаўшчына не пройдзе. Выконваючы заказ "сусветнай буржуазіі", беларускія нацдэмы выкарыстоўвалі Акадэмію навук для сваёй контррэвалюцыйнай вайны, пісала выданне.
"Яны на працягу цэлага шэрагу гадоў насычалі ўсе галіны навукі сваімі ідэямі, метадалогіяй і канцэпцыямі. Замест працы на савецкую ўладу, замест дапамогі сацыялістычнаму будаўніцтву беларускія нацыянал-дэмакраты працавалі супраць савецкай улады і сацыялістычнага будаўніцтва, працавалі не на дыктатуру пралетарыяту, а на капіталістычны свет, на фашысцкую Польшчу".
Але чысткі ўсё выправяць.

"Служыў шыльдай для прыкрыцця варожай справе"

Першы прэзідэнт Акадэміі Усевалад Ігнатоўскі стаў адным з падазраваных па сфабрыкаванай справе нацыяналістычнай контррэвалюцыйнай антысавецкай арганізацыі "Саюза вызвалення Беларусі".
У канцы 1930 года яго знялі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук, а менш чым праз месяц выключылі з партыі. На старонках "Савецкай Беларусі" тады апублікавалі пастанову Прэзідыума і Парткалегіі ЦК ККП(б)Б. Загаловак паведамляў — здраднікі партыі павінны пайсці прэч з яе шэрагаў.

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь", 1931 год

Віна Ігнатоўскага перад партыяй была сфармуляваная ў некалькіх пунктах. Коратка: Ігнатоўскі так і не змог парваць са сваім дробнабуржуазным мінулым: ён пачынаў у партыі эсэраў і працягваў стаяць на "дробнабуржуазных палітычных пазіцыях".
Праз два з паловай тыдні пасля выключэння з партыі пасля аднаго з допытаў па справе "Саюза вызвалення Беларусі" Ігнатоўскага знайшлі мёртвым. Па афіцыйнай версіі, ён застрэліўся.
Праз два месяцы пасля самагубства Ігнатоўскага пазасудовай пастановай Судовай калегіі АДПУ яго асудзілі за прыналежнасць да "Саюза вызвалення Беларусі". Рэабілітавалі ў 1990 годзе і пасмяротна аднавілі ў партыі.

Незаменных няма

І не было. Пасля чыстак абвясцілі дадатковыя выбары акадэмікаў.
Па-першае, вызваліліся месцы пасля арышту Ластоўскага, Некрашэвіча, Лёсіка, Пічэты, Гарэцкага і Дубаха. Па-другое, пры Акадэміі адкрыліся новыя даследчыя інстытуты.

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь", 1931 год

Сярод акадэмікаў стала больш партыйных навуковых работнікаў. Калі ў сярэднім тады па БССР партыйцаў — навуковых работнікаў было 15%, то ў Акадэміі навук — аж 37%.
Карацей, гэтым разам да выбару новых акадэмікаў падышлі адказна. Ніякіх нацдэмаў.
"Будзем спадзявацца, што з усімі задачамі нам пры дапамозе партыйных, савецкіх і прафсаюзных арганізацый удасца справіцца", — пісаў будучы акадэмік Васіль Шчарбакоў.
Ён высока цаніў магчымасці ў адукацыі, якія дала працоўным савецкая ўлада. Менавіта ён пісаў у газеце, што ў дарэвалюцыйнай Беларусі не было ніводнай установы адукацыі, і таму так важна не аддаць кабінеты Акадэміі для спраў контррэвалюцыі.
Як гісторык ён вывучаў сялянскі рух у перыяд феадалізму, апісваў гісторыю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У 1931 годзе стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР, пасля — яе віцэ-прэзідэнтам, дырэктарам Інстытута гісторыі Акадэміі навук.
А ў 1936 годзе яго выключылі з партыі, менш чым праз год арыштавалі, яшчэ праз год — асудзілі. Дакладная дата расстрэлу невядомая. У асабовай справе насупраць графы "прычына смерці" стаіць прочырк. Акадэмік быў рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Інстытут мовы павінен заняцца чым-небудзь важным

У публікацыях за студзень 1931 года ад навукоўцаў патрабавалі ператварыць БАН у "сапраўдны цэнтр навукова-даследчай працы". А для гэтага трэба было дадаць у працу сацыялістычнага агню.
Узяць хоць бы Інстытут мовы, які "нацдэмы", на думку газеты, цалкам прыбралі да рук. Але пасля чыстак Інстытут запрацаваў як мае быць, пачаў займацца па-сапраўднаму важнымі пытаннямі: напрыклад, спрашчэннем беларускай граматыкі. У ёй, на думку аўтараў аднаго з артыкулаў, было занадта шмат недакладнасцяў, карыстацца ёю "вельмі складана".
Інстытут таксама працаваў над складаннем руска-беларускага слоўніка, у які павінна было ўвайсці 50–60 тысяч тэрмінаў. У ім павінны былі адлюстравацца "ўсе тыя змены і багацце мовы, якія былі ўнесены магутным працэсам сацыялістычнага будаўніцтва".
Дарэчы, тады заклалі аснову для пераводу войска на беларускую мову: працягвала працаваць спецыяльная камісія, якая займалася вайсковай тэрміналогіяй.
Карацей, нягледзячы на чысткі, працэс беларусізацыі працягваўся. Мяркуючы па гэтым слоўніку — аж да спробаў перавесці на беларускую мову каманды ў войску. З пераводам самога войска на беларускую мову ўсё аказалася больш складана — не атрымалася і праз 60 гадоў.

"Просьба да ўсёй пралетарскай грамадскасці"

Чысткі ў Акадэміі навук прайшлі хутка. Матэрыялаў пра БАН на старонках "Савецкай Беларусі" станавілася ўсё менш.
Мы перагортваем чарговую старонку газеты, якая ўжо колькі часу нічога не патрабавала ад Акадэміі навук, — і разумеем, што чысткі скончыліся для беларускіх навукоўцаў, але не для беларусаў.

"Савецкая Беларусь", 1931 год

"Савецкая Беларусь", 1931 год

З сакавіка 1931 года прыступіла да працы камісія па праверцы і чыстцы апарату Белдзяржкіно.
"Просьба да ўсёй пралетарскай грамадскасці даваць матэрыял як аб рабоце апарату БДКіно, так і на асобных яго работнікаў па адрасе: Мінск, Савецкая, 90. Камісіі па чыстцы".
Мы працягнем чытаць старыя газеты. Хацелася б сказаць, што мы робім гэта, кіруючыся наказам амерыканца Джорджа Сантаяны. Ён папярэджваў, маўляў, хто не ведае сваёй гісторыі, асуджаны на тое, каб перажыць яе зноў.
Але мы робім гэта таму, што зноў і зноў асуджана назіраем, як паўтараецца наша гісторыя.