Паліцэйскія супраць «баевіка» КПЗБ: трагедыя пад Гродна

У міжваенны час чальцы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і камсамольцы разгарнулі ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Другой Рэчы Паспалітай актыўную дзейнасць, скіраваную на стварэнне на гэтых тэрыторыях «рэвалюцыйнай» сітуацыі, што справакавала б адарванне тэрыторыі Заходняй Беларусі ад Польшчы. Супрацоўнікі польскай Дзяржаўнай паліцыі вымушаныя былі адсочваць дзейнасць прасавецкіх арганізацый і змагацца з імі.

Таблічка на Савецкай плошчы ў Гродна

Таблічка на Савецкай плошчы ў Гродна


Антыдзяржаўныя элементы ў дзеянні

Найбольш распаўсюджанай тактыкай дзейнасці КПЗБ была агітацыя і прапаганда сярод моладзі. У траўні 1933 года ў адной з вёсак Гродзеншчыны сябры камуністычнага хаўрусу моладзі зрабілі вечарыну і запрасілі туды аднавяскоўцаў, жаўнераў Войска Польскага, якія прыехалі на пабыўку.

Вось як гэтыя падзеі ўзгадваў адзін з відавочцаў той «сустрэчы»: «На вечарыне выступіў з прамовай малады рэвалюцыянер і, звяртаючыся да салдат, расказаў, што адбывалася ў іх родных вёсках за той час, калі яны служылі. Расказаў, як панскі фашыстоўскі ўрад усялякімі хітрыкамі і гвалтам хацеў правесці па вёсках камасацыю (хутарызацыю. — НЧ), як шалелі тут карныя экспедыцыі. [...] Салдаты з вялікай увагай і цікавасцю слухалі тое, што ім гаварылі камсамольцы, а потым самі расказалі, як цяжка жывецца ім у панскім войску. Пасля гэтага салдаты прынялі рэзалюцыю, у якой з абурэннем пратэстуюць супраць правядзення фашыстоўскай камасацыі. [...] Адначасова салдаты далі прысягу, што будуць усімі сіламі змагацца супраць фашыстоўскай дыктатуры, што калі іх пашлюць разганяць дэманстрацыю, яны накіруюць зброю супраць паліцыі і афіцэраў. А калі польская буржуазія пачне вайну супраць Савецкага Саюза, яны будуць бараніць не панскую Польшчу, а вольную бацькаўшчыну рабочых і сялян усіх народаў — СССР. У іншай вёсцы на такой масоўцы салдаты не толькі далі прысягу змагацца, але напісалі прывітальны ліст да Чырвонай Арміі».

Такіх выпадкаў было дастаткова шмат. Усё гэта вельмі непакоіла афіцыйную Варшаву.

У чэрвені 1930 года Міністэрства ўнутраных спраў Другой Рэчы Паспалітай «для ўнутранага карыстання» падрыхтавала справаздачу пра дзейнасць камуністычных і анархісцкіх арганізацый на тэрыторыі Польшчы ў 1929 годзе. У дакуменце, у прыватнасці, адзначалася: «Пасля прыняцця на травеньскім з’ездзе ЦК КПЗБ галоўных задач партыі, ажывілася дзейнасць гэтай арганізацыі, з’явіліся новыя партыйныя, моладзё­выя, МОПРаўскія ячэйкі, узмацнілася перакідка літаратуры і матэрыялаў праз мяжу, арганізуюцца сходы і канферэнцыі. [...] Для захавання канспірацыі па рашэнні сходу ЦК КПЗБ была ўведзена нумарацыя акругаў і лакальных арганізацый замест выкарыстання назваў мясцовасцяў. Арганізацыі КПЗБ маюць асобную нумарацыю.

Справаздача пра дзейнасць камун. арг. у Польшчы ў 1929 г.

Справаздача пра дзейнасць камун. арг. у Польшчы ў 1929 г.

Так, акруговы камітэт у Вільні меў нумар 22, у Беластоку — 29, у Гродне — 26, у Баранавічах і Слоніме — 21, у Пінску — 25. Акруговы камітэт камсамолу ў Беластоку меў нумар 18». Паліцэйскія аналітыкі таксама адзначалі, што «кожную ячэйку камсамола павінен быў курыраваць «дасведчаны» сябар КПЗБ, які, апроч іншага, павінен быў разгарнуць працу сярод маладых жаўнераў Войска Польскага (асабліва 1909 года нараджэння).

Ва ўзгаданым паліцэйскім дакуменце адзначалася, што ў 1929 годзе КПЗБ выдала інструкцыю, у якой падкрэслівалася неабходнасць распаўсюджвання інфармацыі аб падрыхтоўцы ўздыму паўстання. «Хто сёння ў партыі не выступае за паўстанне, той [...] не ўлічвае радыкалізацыі мас і ўзрост іх баявой энергіі, перашкаджае партыі арганізоўваць барацьбу», — адзначалася ў дакуменце КПЗБ.


Сакратар-падзёншчык

Адным з актыўных дзеячаў падпольнай Кампартыі Заходняй Беларусі быў ураджэнец вёскі Зарубічы Індурскай воласці (сёння Гродзенскі раён) Казімір Рагачэўскі. Ён працаваў на лесанарыхтоўках і будаўніцтве дарогі Гродна — Індура. Небагатае жыццё падштурхнула хлопца да збліжэння з камуністамі. Казімір уступіў у камсамол, а потым і ў КПЗБ. Урэшце Рагачэўскі стаў сакратаром Індурскага падпольнага райкама партыі. Ужо ў траўні 1930 года польская паліцыя арыштавала падпольшчыка. За антыўрадавую дзейнасць яго прысудзілі да турэмнага зняволення.

Казімір Рагачэўскі

Казімір Рагачэўскі


Аднак пасля адсідкі былы падзёншчык вярнуўся да палітычнай дзейнасці. 1 траўня 1931 года Казімір Рагачэўскі арганізаваў несанкцыянаваны мітынг, які разагнала паліцыя. Шмат хто з удзельнікаў маніфестацыі быў арыштаваны, аднак завадатар схаваўся і пазбег затрымання. Сакратар ячэйкі КПЗБ агітаваў сялян выступаць супраць палітыкі камасацыі, заклікаў людзей выходзіць на маніфестацыі.

Варта адзначыць, што пасля знаходжання ў турме польскія служкі правапарадку адсочвалі дзейнасць Рагачоўскага. Пры гэтым трэба разумець, што сябры КПЗБ — гэта не наіўныя хлопцы, якія толькі раздавалі ўлёткі і агітавалі сялян. Гэтыя людзі былі ўзброеныя пісталетамі і рэвальверамі, і — самае галоўнае — яны былі гатовыя страляць як у палітычных апанентаў, так і ў паліцэйскіх. З «Наганам» у кішэні і агітацыйнымі матэрыяламі, надрукаванымі ў бальшавіцкім Мінску, сябар КПЗБ Рагачэўскі накіраваўся ў вёскі Навасёлкі, Хамякі, Караневічы, Баранава, Кавалічы. У Зарубіцкім лесе ён зладзіў сход падпольшчыкаў, і нават сустракаўся з адным з важакоў КПЗБ Сяргеем Прытыцкім.

Дом Казіміра Рагачэўскага

Дом Казіміра Рагачэўскага


Крывавая драма

Індура і ваколіцы выклікалі вялікі непакой з боку польскіх уладаў і спецыяльных службаў. Рэўкам і яго сакратар Казімір Рагачэўскі разгарнулі там актыўную дзейнасць. У пачатку сакавіка 1933 года ў пастарунак польскай Дзяржаўнай паліцыі ў Індуры прыйшла інфармацыя, што «агент Масквы» Казімір Рагачэўскі знаходзіўся ў сваім доме ў Зарубічах. На захоп «ворага дзяржавы» адправіўся камендант пастарунку, пшадоўнік (сяржант) Ян Браніцкі разам з 27-гадовым пастарунковым Ізідорам Жадкевічам. Паліцыянты лічылі, што, хутчэй за ўсё, камуніста яны не зной­дуць, бо гэта было б сапраўдным нахабствам з яго боку: сядзець і чакаць арышту.

Паліцэйскія прыехалі ў вёску і накіраваліся ў дом Рагачэўскага. Яны ведалі, што маюць справу не з наіўным камсамольцам, а з сапраўдным «палітычным злачынцам». Аднак, відавочна, не ўлічвалі, што сакратар КПЗБ быў узброены. Рагачэўскі, калі ўбачыў паліцыянтаў на ганку, выхапіў «Наган» і пачаў страляць. У выніку паліцыянты атрымалі цяжкія раненні. Казімір Рагачэўскі схапіў рэчы і збег у вёску Кавалічы.

Казімір Рагачэўскі

Казімір Рагачэўскі


Ужо на наступны дзень камендант Дзяржаўнай паліцы Гродзенскага павета загадаў пачаць аблаву на сакратара партыйнай ячэйкі, бо гэта ўжо быў не проста распаўсюд камуністычных улётак, а ўзброены напад на паліцэйскіх. За галаву Казіміра Рагачэўскага абвясцілі выкуп — 1000 злотых. Фантастычныя па тых часах грошы.


Напамін пра трагедыю

Мясцовая настаўніца з вёскі Зарубічы паспрабавала дапамагчы смяротна параненаму пастарунковаму Ізідору Жадкевічу. Хутка яго перавезлі ў Гродна, дзе той і памёр. Між тым «баявік» Рагачэўскі перабраўся праз Нёман і схаваўся ў вёсцы Мазанава. 16 сакавіка 1933 года паліцэйскім удалося лакалізаваць месца знаходжання сакратара КПЗБ. Дапамог падпольшчык Сыралевіч, які за выкуп вырашыў паведаміць пра месца, дзе хаваўся Рагачэўскі. Узмоцненыя сілы правапарадку атачылі вёску. Пачаўся штурм будынку, дзе засеў узброены камуніст. У адказ той адкрыў агонь з рэвальвера. У будынак паляцела слёзатачывая граната. У апошні момант «баявік» вырашыў застрэліцца.

Сёння ў вёсцы Зарубічы на доме, дзе жыў сакратар КПЗБ, ёсць мемарыяльная дошка, адкрытая ў 1960-я гады. Імя Рагачоўскага носяць вуліцы ў Гродна і Індуры.

Магіла Ізідора Жадкевіча

Магіла Ізідора Жадкевіча

Пастарунковага Ізідора Жадкевіча пахавалі на фарных могілках Гродна. На надмагільным помніку пазначана, што «паліцыянт загінуў, абараняючы суграмадзян». Помнік паставілі калегі па службе. На жаль, здымак забітага пашкоджаны. Відавочна, пасля падзей верасня 1939 года.


Фота з архіву Ігара Мельнікава