Пра што можа нагадаць стары здымак?

Гэтаму рэдкаму і гістарычнаму здымку — 85 гадоў. Упершыню ён быў надрукаваны ў "Новым часе" пяць гадоў таму.

stary_zdymak_logo.jpg


На ім сфатаграфаваны ўрад Беларускага студэнцкага саюза (БСС) Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя ў 1932 годзе.


Такі Беларускі студэнцкі саюз насамрэч існаваў у Віленскім універсітэце з 1920 года. Менавіта тады беларусы Віленскага ўніверсітэта заснавалі Гурток студэнтаў-беларусаў, які ў 1921 годзе стаў называцца Беларускі студэнцкі саюз. Яго заснавальнікамі былі Браніслаў Туронак, Антон Абрамовіч, Францішак Пяткевіч, Тодар Куніцкі і Мікалай Марцінчык. Усе яны з’яўляліся студэнтамі медыцынскага факультэта ўніверсітэта. Старшынёй быў абраны Антон Абрамовіч.
Беларускі студэнцкі саюз праводзіў культурна-асветніцкую дзейнасць, даваў пазыкі і стыпендыі сваім сябрам, якія былі з бедных сем’яў. Пры саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім спявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Беларускі хор пры Беларускім студэнцкім саюзе. Існавалі там і курсы беларускай мовы, беларусазнаўства, кааперацыі, дзейнічала сталоўка «Беларуская сытніца».
БСС прымаў актыўны ўдзел у самакіраванні ўніверсітэта і ў вырашэнні шматлікіх пытанняў універсітэцкага жыцця. Беларускі студэнцкі саюз (БСС) быў самай значнай і буйной беларускай арганізацыяй у Віленскім універсітэце, пры гэтым, і самай трывалай, праіснаваўшы да моманту скасавання самога ўніверсітэта. За ўвесь час існавання саюза, яго сябрамі былі каля 300 асоб, розных па нацыянальнасці, але найперш беларусаў.
А цяпер вернемся да фотаздымка. На ім злева направа сядзяць Эма Залкінд, Эрвін Кашмідэр, Марыя Мілюць, Станіслаў Станкевіч. Стаяць злева направа Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч. Лёс гэтых людзей склаўся па-рознаму. Пра адных мы ведаем шмат, пра іншых — амаль нічога.
Пра Эму Залкінд вядома толькі, што яна па нацыянальнасці была яўрэйкай, выкладала ва ўніверсітэце гісторыю. Але заўсёды падтрымлівала беларусаў, прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзіў БСС.
Кіраўніцтва ўніверсітэта імкнулася кантраляваць дзейнасць студэнцкіх таварыстваў. З гэтай мэтай сенат выдаваў спецыяльныя пастановы, апроч якіх існавалі і адмысловыя «Указанні ўніверсітэцкіх уладаў па кантролю за дзейнасцю студэнцкіх арганізацый».

Паводле гэтых дакументаў, за кожным студэнцкім таварыствам быў замацаваны куратар з ліку ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, якога зацвярджаў сенат. Куратар сачыў за тым, каб дзейнасць студэнцкага таварыства адпавядала закону і статуту. Ён жа выконваў функцыі апекуна студэнцкай арганізацыі, прадстаўляў яе інтарэсы перад універсітэцкімі ўладамі. Куратарамі БСС былі вядомыя і паважаныя не толькі ў Вільні, але і ва ўсёй Польшчы ды за яе межамі прафесары Станіслаў Уладычка, Эрвін Кашмідэр, Ежы Гапен.
Эрвін Кашмідэр, які сядзіць на здымку другі злева, хоць і быў немец па паходжанню, але не заставаўся ўбаку ад праблем беларускай моладзі. Будучы доктарам славістыкі, ён мог нават з навуковага гледжання разглядаць беларускае пытанне. Эрвін Кашмідэр актыўна наведваў пасяджэнні праўлення арганізацыі, куратарам якіх ён быў, разам з беларускімі студэнтамі перажываў іх поспехі і праблемы. Ён шчыра апекаваўся справамі саюза, прыкладаў усе свае намаганні, каб аб’ектыўна знаходзіць выйсце ў канфліктных сітуацыях, якія ўзнікалі часам паміж сябрамі беларускіх студэнцкіх арганізацый. І толькі тады, калі Эрвін Кашмідэр пераехаў з Вільні ў Мюнхен на сталае месца жыхарства, быў вымушаны пакінуць сваё куратарства над БСС. Эх, знайсці б у Мюнхене сёння дзяцей ці ўнукаў Кашмідэра, а раптам ён пакінуў успаміны пра Віленскі ўніверсітэт, Беларускі студэнцкі саюз і фотаздымкі…
Марыя Мілюць, якая сядзіць злева ад Эрвіна Кашмідэра, была родам з Навагрудскага павета. Гэта родная старэйшая сястра паэта Алеся Мілюця (1908–1944), які загінуў у гады Другой сусветнай вайны ва Усходняй Прусіі.
Побач з Марыяй Мілюць — Станіслаў Станкевіч (1907–1980) — беларускі літаратуразнавец, грамадска-культурны дзеяч, публіцыст, крытык. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Віленскі ўніверсітэт, дзе ў 1933 годзе абараніў магістэрскую дысертацыю на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». У 1936 годзе за працу «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі» атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры. Падчас навучання ва ўніверсітэце прымаў удзел у Беларускім студэнцкім саюзе, рэдагаваў «Крыніцу» і «Студэнцкую думку», з’яўляўся стваральнікам і старшынёй універсітэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Рабіў шматлікія публікацыі на тэмы беларускай літаратуры ў Віленскай беларускай прэсе.

Трох прыгожых хлопцаў, якія стаяць, адразу пазнаюць тыя, хто цікавіцца нашай гісторыяй. Гэта Янка Хвораст, Мар’ян Пецюкевіч і Хведар Ільяшэвіч.
Беларускі танцоўшчык, балетмайстар, збіральнік беларускага фальклору, заслужаны работнік культуры Беларусі Янка Хвораст (1902–1983) быў родам з Пружаншчыны. Навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, дзе і распачаў творчую дзейнасць як саліст танцавальнай групы хору славянскай песні. Пасля паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе быў адным з кіраўнікоў музычна-драматычнай секцыі Беларускага студэнцкага саюза. Адначасова вучыўся ў прыватнай школе балетнага майстэрства. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР з’яўляўся кіраўніком харэаграфічнай групы Беларускага ансамбля песні і танца пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы, а таксама салістам балета Беларускай філармоніі.
Беларускі этнограф, педагог і мемуарыст Мар’ян Пецюкевіч (1904–1983) нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна-каталіка на Браслаўшчыне. Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўлянскім народным вучылішчы і самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны з дапамогай беларускіх ксяндзоў В. Шутовіча і А. Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся Радашковіцкай беларускай гімназіі. Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы быў затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска.

Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію, археалогію, славістыку, а ў 1938 годзе атрымаў ступень магістра філасофіі. Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэку Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1930–1935 гадах — першы рэдактар часопіса «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем Івана Луцкевіча.
Пасля вайны ў 1949 годзе разам з сям’ёй быў арыштаваны і сасланы ў Краснаярскі край. А ў 1952 годзе, паводле пастановы генеральнага пракурора Літоўскай ССР, зноў арыштаваны, дастаўлены ў Вільню і асуджаны за «нацыяналізм» на 25 гадоў пазбаўлення волі. І толькі ў 1957 годзе, пасля перагляду справы, быў вызвалены і па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў Казіміра Машыньскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 года ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея горада Торуні, адкуль выйшаў на пенсію.
У Польшчы Марыян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, быў звязаны з беларускім рухам на Беласточчыне. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці аддаваў вывучэнню народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху, супрацоўнічаў з гісторыкамі Юрыем Туронкам і Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Белавежа». Пасля смерці з друку выйшла некалькі ягоных кніг па этнаграфіі, кніг успамінаў і эпісталярнай спадчыны.
Папулярны заходнебеларускі паэт 1930-х гадоў Хведар Ільяшэвіч меў Божы дар. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію і гістарычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 26 гадоў стаў магістрам філасофіі за дысертацыю «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні». Вершы і празаічныя абразкі пачаў пісаць рана. Друкаваў іх у «Студэнцкай думцы», «Беларускай ніве», «Крыніцы». У 1922 годзе ў Вільні выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Веснапесьні». Пасля свет пабачылі яшчэ два — «Зорным шляхам» (1932) і «Захварбаваныя вершы» (1936). Пры жыцці ў Хведара Ільяшэвіча выйшла яшчэ адна кніжачка пра лёс і літаратурную творчасць Ядвігіна Ш. Вось і ўсё, што паспеў зрабіць ён за свае 38 гадоў (загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў Германіі ў 1948 годзе). Ягоныя шматлікія апавяданні, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі і пераклады раскіданы па заходнебеларускіх выданнях 1920–1940-х гадоў і даўно просяцца пад адну вокладку.
Вось такі лёс сяброў Беларускага студэнцкага саюза, пра якіх нагадаў гэты стары фотаздымак.