Шляхецкі маёнтак у люстэрку часу
У міжваеннае дваццацігоддзе ў Заходняй Беларусі дваранскія палацы і сядзібы былі цэнтрам грамадскага і культурнага жыцця. А як жылі ў 1920–1930-я гады нашчадкі магнатэрыі некалі магутных Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай і якія парадкі панавалі ў іх радавых сядзібах?
Ардынаты і дробныя землеўласнікі
Як вядома, у Другой Рэчы Паспалітай былі адмененыя саслоўныя прывілеі. Аднак дзякуючы сваім буйным зямельным уладанням (у тым ліку і ардынацыям), развітай гаспадарцы, прадстаўнікі дваранства літоўска-беларускіх зямель працягвалі заставацца вельмі ўплывовай групай тагачаснага польскага грамадства. Аднак былі і менш багатыя шляхецкія роды. Сярэдні дваранскі зямельны маёнтак у паўночна-ўсходніх ваяводствах складаў ад 50 да 150 гектараў зямлі. У адпаведнасці з зямельнай рэформай, у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах дапускалася мець у ва ўласнасці да 400 гектараў зямлі. Частка дваран у 1920-я гады не вытрымала эканамічных і палітычных выпрабаванняў і паступова збяднела, а іх маёнткі былі выстаўлены на продаж на аўкцыёнах.
Яшчэ з часоў Расійскай імперыі шляхта Паўночна-Заходняга краю імкнулася ўкараняць новыя, замежныя спосабы развіцця жывёлагадоўлі і раслінаводства. Варта падкрэсліць, што прадстаўнікі шляхецкіх родаў замаўлялі спецыялізаваную літаратуру з Еўропы. Нярэдка з Захаду прыязджалі і аграномы. Падобная сітуацыя назіралася і ў міжваенны час. Пры гэтым акцэнт рабіўся на апрацоўцы мясцовай сыравіны. Калі ля маёнтку знаходзіліся сажалка ці рака, гаспадары рабілі ўсё, каб наладзіць адлоў рыбы, ракаў.
Тыповы шляхецкі маёнтак
Дарэчы, рыбныя тавары, апрацаваныя ў прыватных шляхецкіх прадпрыемствах Заходняй Беларусі, экспартаваліся ў Еўропу, у тым ліку ў Бельгію і Францыю. Такім жа поспехам карысталіся і мясцовыя вяндліны. Распаўсюджанай была прадукцыя сыроў. Дзеля гэтага са Швейцарыі замаўляліся спецыяльныя інгрэдыенты.
Мерачоўшчына, Палескае ваяводства, 1939 год
На Палессі і на Нёмане ў шляхецкіх маёнтках быў распаўсюджаны агратурызм, які падтрымліваўся з боку польскай дзяржавы. Такая разнастайнасць гаспадарчай дзейнасці тлумачылася тым, што ў 1920–1930-я гады эканамічная сітуацыя Польшчы была нестабільнай, і дваранства ўсходніх ваяводстваў спрабавала рабіць шматфункцыянальныя гаспадаркі, якія б маглі хутка перапрафілявацца.
Госць у дом — Бог у дом
Тыповы шляхецкі маёнтак у Заходняй Беларусі складаўся з дзвюх частак: двара, які быў аточаны паркам, а таксама гаспадарчых пабудоў, побач з якімі знаходзіліся зямельныя надзелы, лясы і лугі. У маёнтку жыў шляхціц разам з жонкай і дзецьмі, а таксама прыслугай. Акрамя гэтага, у доме маглі жыць бацькі гаспадара і іншыя сямейнікі. Добрай традыцыяй і адметнай рысай даваенных заходнебеларускіх фальваркаў была гасціннасць. Для гасцей у доме заўсёды трымаўся асобны пакой з прыгатаваным ложкам, а ў сталовай гатавалася дадатковая ежа. На стол выслаўляліся лепшыя стравы і гатункі спіртнога. Візіт гасцей быў сваістым выпрабаваннем для жонкі гаспадара, якая павінна была прасачыць, каб прыслуга ўсё зрабіла і не было аніякіх накладак.
Бібліятэка ў адным са шляхецкіх палацаў, 1930-я гады
Слугі і работнікі
Шляхціцам міжваеннага ўзору не трэба было карыстацца з гарадскіх ці местачковых крам. Усім іх забяспечвала ўласная гаспадарка. Яшчэ са старажытных часоў у фальварках існавала асобная культура харчавання. Амаль адразу за познім сняданкам ішоў абед. Праз некалькі гадзін быў падвячорак, а за ім неўзабаве і вячэра. І падчас кожнага з гэтых «ланч-таймаў» стол проста ламіўся ад страў. Не дазвалялася спазняцца на калектыўную сямейную трапезу. Калі ў доме былі госці, пасля абеду ў сталовай ці ў «салоне» падавалі гарбату ці каву, мужчыны курылі сігары і пілі кан’як. Для гаспадароў маёнтку гатаваўся так званы «першы стол», а для слуг і працоўных — «другі». Часамі блюда з гаспадарскага стала даставаліся і прыслузе.
Колькасць слуг у маёнтку залежала ад таго, наколькі багатай была дваранская сям’я. У сярэдзіне 1930-х гадоў у шляхецкіх сядзібах на Заходняй Беларусі было ў сярэднім некалькі чалавек прыслугі — кухар, пакаёўка і пара слуг. Уладары маёнткаў на працягу дня займаліся вырашэннем гаспадарчых пытанняў, а больш дробныя шляхціцы працавалі разам з наёмнай працоўнай сілай на полі, млыне ці маслабойні.
Дэлегацыя з Палесся на дажынках у прэзідэнта Польшчы ў Спале, 1930-я гады
Пры гэтым правай рукой гаспадара быў кіраўнік маёнтку, які арганізоўваў працу наёмных рабочых і сачыў за станам гаспадаркі. Што ж тычыцца наёмнай працоўнай сілы, то частка гэтых людзей працавала «на пана» на пастаяннай аснове і жыла ў доме для чэлядзі. Разам з тым шляхціц наймаў і так званых «падзёншчыкаў», якія атрымлівалі грошы за кожны дзень працы. Акрамя грашовага ўзнагароджання «пан» павінен быў карміць «парабкаў», пры гэтым, па ўспамінах жыхароў Заходняй Беларусі, якім давялося папрацаваць на паншчыне, харчаванне там было на вельмі высокім узроўні. Гэтаму не трэба здзіўляцца, бо добра накормлены работнік лепш выканае працу.
Падчас жніва работнікі не пакідалі поле, а харчаванне прывозілася непасрэдна на месца працы. У галодныя гады шляхціцы імкнуліся падтрымаць сваіх работнікаў, выдаючы збожжа і насенне з уласных сховішчаў. Летам за гэта сяляне павінны былі адпрацаваць у панскай гаспадарцы. Вялікім святам для гаспадара шляхецкага фальварка былі «Дажынкі». У гэты дзень багатыя землеўласнікі рабілі для сваіх сялян святочны абед і запрашалі аркестр. Свята ўраджаю, якое прыйшло з глыбіні стагоддзяў, шанавалася шляхтай, у чым праяўлялася павага да працы звычайных беларускіх сялян-палешукоў.
Адпачынак, святы і выхаванне моладзі
У вольны час вясной і летам дваранства заходнебеларускіх ваяводстваў міжваеннай Польшчы рабіла пікнікі на прыродзе, пры гэтым гаявыя ці леснікі спецыяльна шукалі для гаспадароў зручныя месцы.
На адным са шляхецкіх балаў, 1930-я гады
Падчас сямейных святаў ладзіліся балы ці карнавалы. Найбольш вядомыя з іх адбываліся ў Нясвіжскім замку падчас ардынацыі Альбрэхта Радзівіла. У дзень імянін шляхціца перад домам ці ўездам у парк будавалася часовая святочная вітальная брама. У гэты дзень гаспадары запрашалі да сябе вялікую колькасць гасцей.
Важным момантам было выхаванне моладзі. Аўтарытэт бацькі не ставіўся пад сумнеў. Моладзь вучылі шанаваць сямейныя традыцыі. Хлопцаў стараліся адпраўляць на вучобу ў горад альбо на службу ў войска. Дзяўчыны вучыліся простаму жаночаму рамяству — шыццю, уменню гатаваць і ўвогуле быць добрай гаспадыняй.
Важным момантам у жыцці шляхецкіх родаў быў шлюб дзяцей. І тут, як і ў папярэднія часы, пад увагу прымалася не толькі каханне, але і паходжанне будучага мужа ці жонкі. Карацей кажучы, як і ў старажытнасці, важная роля надавалася радаводу. Шлюб у большасці шляхецкіх сямей пачынаўся блаславеннем маладых бацькамі і заканчваўся цырымоніяй у касцёле. На свяце прысутнічалі ўсе члены дзвюх сем’яў.
Шляхецкае вяселле, пачатак 1930-х гадоў
Шляхецкія сядзібы ў шэрагу з дзяржаўнымі ўстановамі, войскам і паліцыяй, былі ў Заходняй Беларусі першым месцам, дзе з’явіліся машыны і матацыклы. Напрыклад, на 1 студзеня 1939 года ў Віленскім ваяводстве было зарэгістравана 275 машын і 290 матацыклаў, у Навагрудскім — 189 і 170, у Палескім — 217 і 358. Большасць з гэтых транспартных сродкаў належала менавіта буйным землеўласнікам і прадстаўнікам шляхты. Увогуле, на пачатак 1939 года ў Другой Рэчы Паспалітай налічвалася каля 20 тысяч шляхецкіх маёнткаў і палацаў.
…Другая сусветная вайна змяніла выгляд Усходняй Еўропы. У далучанай да БССР Заходняй Беларусі жорстка знішчалася ўсё, што было звязана з «панскімі маёнткамі і палацамі». Беларускаму грамадству ўнушалася, што шляхта ў Заходняй Беларусі эксплуатавала мясцовае беларускае насельніцтва.
Афіцэры Войска польскага ў Заходняй Беларусі, 1930-я гады
Але калі адкінуць ідэалагічную мішуру, становіцца зразумелым, што прадстаўнікі шляхты ў большасці сваёй былі проста добрымі гаспадарамі, якія ўмелі зарабляць грошы і давалі магчымасць зрабіць гэта іншым. Да таго ж, гэтая саслоўная група была носьбітам непаўторнага старажытнага духу ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Яны былі апошнімі нашчадкамі тых некалі магутных дзяржаў. І пра гэта варта памятаць.
Фота з архіва Ігара Мельнікава