Масакра. Забойствы жыхароў Заходняй Беларусі ў верасні 1939-га
Першыя тыдні верасня 1939-га сталі сапраўднай трагедыяй для жыхароў Заходняй Беларусі. Яшчэ ўчора беларусы, палякі, яўрэі, украінцы жылі мірна, а прыход бальшавікоў прывёў да грамадзянскай вайны.
Савецкія танкі ў Брэсце. Верасень 1939-га. Фота з архіва Ігара Мельнікава
Перспектывы для «крэсаў»
У міжваеннае дваццацігоддзе адносіны паміж мясцовым насельніцтвам Заходняй Беларусі і прыезджымі палякамі былі далёкімі ад ідэальных. Афіцыйная Варшава лічыла ўсходнія ўскраіны «Польшчай катэгорыі В». Бедны, аграрны рэгіён, без развітай дарожнай інфраструктуры, патрабаваў значных фінансавых уліванняў, якіх у Другой Рэчы Паспалітай не было.
Жыхары Заходняй Беларусі размаўляюць з чырвонаармейцамі
Аднак у канцы 1930-х гадоў эканамічная сітуацыя ў Польшчы палепшылася, і ў снежні 1938 года міністрам прамысловасці і гандлю Яўгеніюшам Квяткоўскім быў прадстаўлены праект 15-гадовага інвестыцыйнага плану, які, у тым ліку, павінен быў палепшыць сітуацыю ў Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах, ператварыўшы іх у развітыя, у эканамічным сэнсе, рэгіёны.
Чырвоная Армія ў Заходняй Беларусі. Верасень 1939 года
Так, у перыяд з 1939 па 1942 год планавалася пабудаваць моцную вайсковую прамысловасць, на працягу наступных трох гадоў працы павінны былі ісці ў накірунку развіцця транспартнай інфраструктуры (перш за ўсё на ўсходзе), у 1945–1948 гадах планавалася мадэрнізаваць сельскую гаспадарку, у 1948–1951 гадах павінен быў наступіць урбанізацыйны ўсплёск, які б суправаджаўся развіццём гарадоў. Нарэшце, да 1954 года планавалася дабіцца ліквідацыі розніцы паміж заходняй і ўсходняй Польшчай. Гэты праект выклікаў значную падтрымку ў польскага грамадства, у тым ліку і ў жыхароў усходніх ваяводстваў.
Што раз’ядноўвала грамадства Заходняй Беларусі?
Паланізацыйная палітыка ў дачыненні да нацыянальных меншасцяў, якую ў 1930-х гадах праводзілі польскія ўлады, не спрыяла фарміраванню добрых адносінаў паміж карэнным насельніцтвам усходніх ваяводстваў і палякамі.
Як пазначае польскі даследчык Марэк Вежбіцкі, у паўночна-ўсходніх ваяводствах этнічны падзел супадаў з грамадскім. Эканамічныя (землеўласнікі і асаднікі) і гармадска-палітычныя (чыноўнікі, войска, касцёл) эліты мелі польскі характар. Да таго ж сярод мясцовага беларускага насельніцтва не быў развіты сярэдні клас і інтэлігенцыя.
Разам з гэтым, варта ўлічваць, што вялікі ўплыў на фарміраванне адносін паміж мясцовым насельніцтвам і палякамі гуляў значна развіты дзяржаўны нацыяналізм апошніх і камуністычная агітацыя падпольных прасавецкіх арганізацый, якія падтрымліваў Савецкі Саюз.
Новая ўлада ў Заходняй Беларусі. Кастрычнік 1939 года
Да падзей 17 верасня 1939 года грамадства Заходняй Беларусі аднеслася па-рознаму. Не толькі палякі, але і некаторая частка заможных беларусаў абгрунтавана бачыла ў гэтым небяспеку для свайго будучага існавання на гэтых тэрыторыях. Трэба таксама ўлічваць, што на гэтых тэрыторыях было досыць шмат бежанцаў з этнічна польскіх тэрыторый, якія спрабавалі на Усходзе ўратавацца ад вайны. Разам з гэтым, значная частка сялянскай беднаты станоўча ставілася да факту пераходу Чырвонай Арміяй савецка-польскай мяжы. У гэтым яны бачылі не толькі вызваленне з-пад «панскай улады», але і выратаванне ад магчымай нямецкай акупацыі. Гэтыя людзі нават не здагадваліся, што праз два гады нацысты ўсё ж акупіруюць Беларусь.
Злачынствы падчас «вызвалення»
Да пачатку савецкага «вызвольнага паходу» польскі дзяржаўны апарат на Заходняй Беларусі, нягледзячы на тое, што польска-нямецкі фронт рухаўся на ўсход, функцыяніраваў досыць эфектыўна. Дзейнічалі мабілізацыйныя цэнтры Войска Польскага, а паліцыя і дапаможныя фармацыі сачылі за парадкам.
Як адзначае польскі гісторык Чэслаў Гжэляк, яшчэ да падзей 17 верасня дзеячы былой Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі пачалі складаць спісы антысавецкіх элементаў, якія падлягалі ліквідацыі. У Скідзелі такія дакументы рыхтаваліся яшчэ з 1938 года. Для ілюстрацыі тых жудасных падзей прывядзем шэраг прыкладаў.
Звычайная заходнебеларуская сям'я. 1937 год
У вёсцы Каленікі на Гродзеншчыне была створана «прасавецкая» група падпольшчыкаў, на чале якой былі былыя ўдзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі. Яны атакавалі фальварак Уладысін і разрабавалі там некалькі дамоў. Пазней «рэўкамаўцы» накіраваліся ў фальварак Бергелі. Па дарозе да дому «партызаны» сустрэлі некалькі чалавек, якія ехалі з Ваўкавыска ў Гродна. Даведаўшыся, што гэта настаўнікі, людзі з чырвонымі апаскамі расcтралялі іх, а рэчы разрабавалі.
Начальнік міліцыі, былы сябра КПЗБ
У маёнтку Баяры ля Індуры 17 верасня 1939 года прасавецкія элементы, сярод якіх былі асобы, якія сядзелі да вайны ў польскіх турмах за крымінальныя злачынствы, прысудзілі да смерці графа Міхала Красінскага, а таксама яго эканома і кіраўніка маёнтку і расcтралялі гэтых людзей.
Такі ж лёс чакаў і арыштаванага 26 верасня членамі КПЗБ уласніка маёнтку Мандзін, афіцэра Войска Польскага, Тадэвуша Урсын-Нямцэвіча. Звярніце ўвагу, амаль усе атрады народных помснікаў, якія дзейнічалі ў раёне Індуры, былі добра ўзброеныя. Дакладна вядома, што падраздзяленняў Войска Польскага ці паліцыі, якіх можна было раззброіць, у гэты час там не было. Вайсковыя склады таксама адсутнічалі. Гэты факт наводзіць на думку, што «антыпанская акцыя» рыхтавалася загадзя і пры падтрымцы савецкага боку.
Тадэўш Урсын-Нямцэвіч
Магіла Тадэўша Урсын-Нямцэвіча
У Малай Бераставіцы 19 верасня былі забітыя сям’я графа Валкавіцкага, войт гміны, яго сакратар, паштальён і настаўнік. Усіх іх абвінавацілі ў антысавецкай дзейнасці і расстралялі на месцы.
У вёсцы Данілкі дзейнічаў «партызанскі атрад» на чале з былым верхаводам банды рабаўнікоў Іосіфам Гаўрылюком. За крымінальныя злачынствы апошні адбываў зняволенне ў турме ў Гродна, аднак на пачатку Другой сусветнай вайны збег адтуль і вярнуўся дадому. Першай яго ахвярай стаў солтыс і яго сын, удзельнік вераснёўскай кампаніі. Пазней Гаўрылюк і яго людзі забілі інжынера, італьянца па паходжанні, Вітаўта Бярэцці. Пасля ўстанаўлення савецкай улады былы злачынца з Данілак зрабіў кар’еру і стаў старшынёй калгаса.
Польскі кантынгент у Заходняй Беларусі. Патэнцыйныя ахвяры рэўкамаўцаў
У мястэчку Красналеск Кобрынскага павета рэўкамаўцы забілі бязногага інваліда толькі за тое, што той быў капітанам Войска Польскага ў адстаўцы.
У вёсцы Снітава асобы з чырвонымі апаскамі крыжавалі мясцовага праваслаўнага святара па прозвішчы Жураўлёў. Яго абвінавацілі ў «польскім патрыятызме».
У гміне Асоўцы група падпольшчыкаў забіла супрацоўніка паліцыі і некалькіх асаднікаў.
У вёсцы Валавель дзейнічаў атрад «партызан», які нападаў на разрозненыя часткі польскага войска. На яго чале стаяў нейкі Васіль Голуб. Мясцовыя жыхары ўспаміналі, як людзі Голуба фасонілі ў польскіх трафейных мундзірах і ботах-афіцэрках. Адной з ахвяр гэтай банды быў невядомы палкоўнік Войска Польскага. У кастрычніку 1939 года Васіль Голуб быў абраны дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі.
Польскае адвакацкае пасведчанне, знойдзенае на месцы расстрэлу польскіх грамадзян пад Кобрынам
Пад вёскай Сяхновічы дзейнічала банда, якая нападала на малыя групы польскіх салдат, якія адступалі з Кобрына. Злачынцы рабавалі вайскоўцаў, забіраючы ўсё, нават вайсковыя пасы і торбы-хлебакі.
У Пружанах 19 верасня натоўп людзей напаў на паліцэйскага і капітана Войска Польскага і забіў іх прама на вуліцы.
У Косаўскім павеце быў па-зверску забіты супрацоўнік паліцыі Станіслаў Муха. Забойцы з чырвонымі апаскамі… разрэзалі яго жывот і развесілі вантробы па дрэвах.
У адной з вёсак Лунінецкага павету камендант народнай міліцыі Уладзімір Страх, у сядзібе міліцыі асабіста павесіў гаявога (лясніка) Артура Рылко. За што? Зараз ужо ніхто не адкажа.
Салдаты Войска Польскага. Ліда 1937 год
У гміне Шчорсы Навагрудскага ваяводства адразу пасля з’яўлення першых частак Чырвонай Арміі былі створаны сялянскія камітэты, на чале якіх сталі былыя палітвязні. Першае, што зрабілі камуністы, гэта арыштавалі 84 селяніна і пачалі іх судзіць. На самай справе, гэта быў не суд, а звядзенне рахункаў. У выніку 12 сялян было расстраляна, пры гэтым ахвярам адразалі вушы.
Аднак распаўсюджанымі былі і факты, калі беларусы ратавалі сваіх былых паноў ці знаёмых. Напрыклад, працоўныя маёнтку князёў Мірскіх адправілі дэлегацыю ў Баранавічы з просьбай вызваліць арыштаваных гаспадароў старажытнага замку. Беларусы ўратавалі сем’і шматлікіх польскіх асаднікаў у мястэчку Лерыполь падчас расправы, якую ўчынілі мясцовыя рэўкамаўцы.
У вёсцы Малыя Жуковічы беларуская моладзь уступілася за настаўніцу і паліцыянта, якіх арыштавала народная міліцыя. Хлопцы нават паехалі ў аддзяленне НКУС у Індуры і настаялі на тым, каб арыштаваных вызвалілі. На жаль, такія шчаслівыя выратаванні былі рэдкасцю.
Антыплакат пра 15-гадовы план
Прыкладаў жудасных забойстваў вельмі шмат. Чытаеш архіўныя дакументы, справаздачы, слухаеш успаміны сведкаў — і з’яўляецца ўражанне, што заходняя частка Беларусі ў тыя дні ізноў перажыла жудасць «нулявых саветаў» 1920 года, калі бальшавікі ішлі заваёўваць Еўропу, знішчаючы пры гэтым ўсё на сваім шляху. Безумоўна, нацыянальныя супярэчнасці і памылкі польскай палітыкі ў міжваеннае дваццацігоддзе аказалі свой уплыў на фарміраванне антыпольскіх настрояў сярод мясцовых жыхароў Заходняй Беларусі. Разам з тым, цалкам верагодна, што гэтая вераснёўская масакра 1939 года была запланавана яшчэ да пачатку «ўз’яднання». Рукамі злачынцаў, крымінальнікаў, заблытаўшыхся сялян бальшавікі праводзілі зачыстку новых тэрыторый і стваралі спрыяльныя ўмовы для іх саветызацыі. Такім быў яшчэ адзін бок «вызвалення» Заходняй Беларусі з-пад «панскана прыгнёту».