Таямніца маскоўскіх перамоў

Напярэдадні Другой сусветнай вайны Вялікабрытанія і Францыя спрабавалі дамовіцца з Савецкім Саюзам аб сумесным выступленні супраць нацысцкай Германіі. Узамен Сталін патрабаваў ад заходніх дэмакратый граць па яго правілах.

Рыбентроп і Сталін пасля падпісання савецка-германскага пакта ў Крамлі. Жнівень 1939 года

Рыбентроп і Сталін пасля падпісання савецка-германскага пакта ў Крамлі. Жнівень 1939 года


Хаўрус з д’яблам

Англійская і французская вайсковыя дэлегацыі прыехалі 11 жніўня 1939 года ў Маскву, каб дамовіцца з Крамлём аб удзеле Саветаў у магчымай «антыгітлераўскай кааліцыі». Варта адзначыць, што англічане і французы вырашылі ехаць у СССР не звычайным наземным шляхам праз усю Еўропу і памежную станцыю Коласава, а на параходзе праз Ленінград, а адтуль цягніком да Масквы.

На той момант у Еўропе ўсе разумелі, што пазбегнуць глабальнай вайны не атрымаецца. Гітлер далучыў Аўстрыю, акупаваў Чэхію, патрабаваў тэрыторый і падтрымкі ад Польшчы і Румыніі. У гэтай сітуацыі Парыж і Лондан прыйшлі да высновы, што трэба дамаўляцца з бальшавікамі. Другая Рэч Паспалітая выдатна разумела: «гарантыі Масквы» могуць каштаваць ёй вельмі дорага. Падчас «Чэхаславацкага крызісу 1938 года» Крэмль, з мэтай дапамогі Празе, патрабаваў ад палякаў прапусціць падраздзяленні Чырвонай Арміі параз польскую тэрыторыю. Але палякі добра памяталі 1920 год, калі бальшавікі імкнулася прарвацца ў Еўропу дзеля арганізацыі «сусветнай рэвалюцыі». Варшава разумела, што праз 18 гадоў Сталін імкнецца рэалізаваць тое, што не атрымалася падчас польска-бальшавіцкай вайны.

Летам 1939 года сітуацыя Польшчы ўскладнялася яшчэ і тым, што на перамовы з бальшавікамі накіраваліся тыя дзяржавы, ад якіх палякі чакалі падтрымкі і гарантыі незалежнасці. Яшчэ ў траўні 1939 года польскі міністр замежных спраў Юзаф Бэк у лісце паслу Польшчы ў Парыжы Юліюшу Лукасевічу падкрэсліваў: «Прашу звярнуць увагу Банэ (міністра замежных спраў Францыі), што нават аднабаковую савецкую гарантыйную дэкларацыю лічу для нас непрымальнай». Дарэчы, 11 траўня 1939 года гэтае меркаванне свайго шэфа агучыў у размове з народным камісарам замежных спраў СССР Вячаславам Молатавым пасол Польшчы ў Савецкім Саюзе Вацлаў Гжыбоўскі. У чэрвені 1939 года Юзаф Бэк накіраваў польскім дыпламатычным установам інструкцыю, у якой адзначаў, што «польскі бок не пагаджаецца на згадку Польшчы ў дамове, заключанай паміж заходнімі дзяржавамі і СССР». Акрамя гэтага, у дакуменце адзначалася, што ўмовы аказання дапамогі з боку СССР дзяржаве, якая падверглася нападу, без яе згоды Варшава лічыла недапушчальным і небяспечным парушэннем бяспекі ва Усходняй Еўропе.

Французскія і брытанскія вайскоўцы ў Маскве ў 1939 годзе

Французскія і брытанскія вайскоўцы ў Маскве ў 1939 годзе


Праз Валожын і Маладзечна на... Кёнігсберг?

Брытанскі бок падтрымліваў польскі пункт гледжання. Больш за тое, «Foreign Office» (МЗС Брытаніі) інфармаваў Варшаву пра тое, як ідуць перамовы ў Маскве. А вось Масква спрабавала выкарыстаць «перамовы з капіталістамі» на сваю карысць, а менавіта — атрымаць геапалітычныя бонусы. Падчас размоваў з французскімі і брытанскімі вайскоўцамі 14 жніўня 1939 года народны камісар абароны Клімент Варашылаў і яго калег Вячаславаў Молатаў усё часцей і часцей узгадвалі Польшчу і краіны Балтыі як магчымыя ахвяры германскай агрэсіі. Бальшавіцкі маршал падыходзіў да карты Еўропы і алоўкам дэманстраваў, як Чырвоная Армія можа «прыйсці на дапамогу суседзям». «Галоўнай умовай нашага ўдзелу ў вайне супраць агрэсара з’яўляецца пропуск нашых войскаў на польскую тэрыторыю праз віленскі калідор і Галіцыю, а таксама праз румынскую тэрыторыю. Калі мы не дамовімся пра гэта, то няма сэнсу размаўляць далей. Разважанні прадстаўнікоў французскай і англійскай дэлегацыі пра тое, што Польшча і Румынія могуць уласнаручна звярнуцца па дапамогу да Савецкага Саюза лічу не зусім аб’ектыўнымі. Могуць звярнуцца, а могуць не звярнуцца. Ці могуць звярнуцца з такім спазненнем, якое паўплывае на пагаршэнне сітуацыі Англіі і Францыі і іх хаўруснікаў», — адзначаў падчас перамоў маршал Варашылаў.

Савецкі бок, па сутнасці, патрабаваў, каб Францыя і Вялікабрытанія «здалі» Польшчу — свайго галоўнага саюзніка ва Усходняй Еўропе, як у 1938 годзе яны аддалі Гітлеру Чэхаславакію. Крэмль жорстка патрабаваў, каб у выпадку нападу Трэцяга Рэйху на Другую Рэч Паспалітую апошняя дазволіла праход савецкіх войскаў з боку Полацку і Заслаўя ў накірунку на Вільню. Так, паводле меркавання Масквы, савецкія войскі маглі дайсці да Усходняй Прусіі. Акрамя гэтага, Сталін хацеў атрымаць калідор у Галіцыі і Румыніі. Прадстаўнікі французскай дэлегацыі на патрабаванні Сталіна адказалі, што Польшча і Румынія — незалежныя дзяржавы і пытанне аб транзіце чужых войскаў праз іх тэрыторыю трэба вырашаць з урадамі гэтых дзяржаў. Перамовы зайшлі ў тупік, але для Масквы справа была зробленая. СССР зрабіў выгляд, што «змагаецца за мір», разлічваючы, што флегматычныя еўрапейцы альбо «здадуць» палякаў і румын, альбо ўсё вырашыць «дыялог» паміж Крамлём і Рэйхсканцылярыяй.

Французскія і англійскія афіцэры ў Маскве

Французскія і англійскія афіцэры ў Маскве


Сталін працягвае руку Гітлеру

На сустрэчы з паслом Германіі ў СССР Фрыдрыхам Шуленбургам 15 жніўня 1939 года наркам Вячаслаў Молатаў адзначыў, што дзвюм краінам «трэба размаўляць вельмі канкрэтна», і запытаў, «ці мае германскі бок акрэсленае меркаванне па справе заключэння пакта аб ненападзе з СССР». Хутка немцы перадалі савецкім уладам мемарандум, у якім, у прыватнасці, адзначалася: «Паміж Германіяй і СССР не існуе супярэчнасці інтарэсаў. […] Заходнія капіталістычныя дэмакратыі з’яўляецца ворагамі як нацыянал-сацыялістычнай Германіі, так і СССР, і зараз яны, з дапамогай заключэння вайсковага хаўрусу, спрабуюць зноў уцягнуць Савецкі Саюз у вайну супраць Германіі. У 1914 годзе такая палітыка мела кепскія наступствы для Расіі».

У гэты ж час улады Другой Рэчы Паспалітай ад сваіх французскіх саюзнікаў атрымалі дэталі франка-брытанска-савецкіх перамоваў у Маскве. Парыж усё яшчэ наіўна разлічваў дамовіцца з бальшавікамі коштам саступак па «польскім пытанні». Пры гэтым прадстаўнікі Генеральнага штаба Войска Польскага спрабавалі давесці французам, што бальшавікі не збіраюцца ратаваць мір, а імкнуцца забяспечыць свае геапалітычныя інтарэсы.

Сталін і Молатаў. 1939 год

Сталін і Молатаў. 1939 год


У Берліне 19 жніўня 1939 года была падпісаная савецка-германская гандлёвая дамова. 22 жніўня міністр замежных спраў Польшчы Юзаф Бек адзначыў у паведамленні для польскіх паслоў у Парыжы і Лондане наступнае: «Савецкі ўрад даўно праводзіць двайную гульню з мэтай сарваць перамовы з Парыжам і Лонданам, таму нашае негатыўнае стаўленне да транзіту савецкіх войскаў не можа служыць повадам да сітуацыі, якая склалася (на маскоўскіх перамовах)». 23 жніўня 1939 года ў Маскву прыляцеў міністр замежных справаў Трэцяга Рэйху Ёахім фон Рыбентроп, які ў ноч на 24 жніўня падпісаў пакт аб ненападзе паміж Германіяй і СССР. Французская і брытанская дэлегацыя вымушаныя былі з’ехаць з Масквы ні з чым.


А заўтра была вайна...

Ці ведалі ў Варшаве, што да Пакта Рыбентропа–Молатава быў далучаны патаемны пратакол? Безумоўна, ведалі. У апошнія дні жніўня адзін з супрацоўнікаў Генеральнага консульства Польшчы ў сталіцы БССР, які, па сумяшчальніцтву, быў агентам польскай выведкі, перадаў у Варшаву інфармацыю пра небяспечны для Польшчы дадатак да савецка-германскага пакта. Аднак польскія дыпламаты да моманту пачатку Другой сусветнай вайны ніякіх контрдзеянняў не прымалі. У жніўні 1939 года Сталін ашукаў «капіталістычныя дзяржавы» і зрабіў усё для рэалізацыі сваіх планаў. Варта адзначыць, што падраздзяленні Чырвонай Арміі, якія перайшлі польска-савецкую мяжу а пятай гадзіне раніцы 17 верасня 1939 года, пры сустрэчы з жаўнерамі Войска Польскага павінны былі «супакойваць» апошніх тым, што ідуць на дапамогу Другой Рэчы Паспалітай у вайне з Германіяй. Аднак нават такая вытанчаная хлусня не магла схаваць жудасную рэчаіснасць мядовага месяцу дыктатараў, якія ў верасні 1939 года пачалі дзяліць паміж сабой Еўропу.