Вялікі скачок Еўропы

Кіпр, Чэхія, Эстонія, Венгрыя, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія і Славенія — роўна 15 гадоў таму, 1 траўня 2004-га, гэтыя краіны сталі сябрамі Еўрасаюзу. Адбылося беспрэцэдэнтнае пашырэнне ЕС, якое таксама часта называюць «вялікі скачок».

© AP Photo, Alik Keplicz 

© AP Photo, Alik Keplicz 

Ніколі не забуду, як 1 траўня 2004 года трапіў пад хапун, які польскія памежнікі арганізавалі ў Тэрэспалі супраць антыглабалістаў. Прайшла інфармацыя, што тыя мараць сарваць афіцыйную імпрэзу, якая павінна была адбыцца ў Варшаве. Як вынік, прыкладна тузін беларусаў, а заадно і чачэнцаў, які прыехалі ў Польшчу за прытулкам, высадзілі з электрычкі і канваявалі ў невялікае памяшканне ўнутры вакзалу. Там мне давялося прасядзець да вячэрняй дэпартацыі на радзіму, цалкам не ацаніўшы ўсёй гістарычнай значнасці дня.

Між тым, 1 траўня 2004 года заслугоўвае ўвагі. Пашырэнне канчаткова перагарнула старонку гісторыі, калі ў народаў Усходу і Захаду былі розныя лёсы. І ў дадатак справакавала дэбаты пра тое, дзе сапраўды праходзіць усходняя мяжа Еўропы. Шмат хто лічыў, што тыя кардоны павінны праходзіць пад Оршай або Харкавым. Як вынік, праеўрапейскія сілы ў рэгіёне атрымалі моцны маральны допінг, што праявілася ўжо ўвосень. Аранжавы Майдан, які выбухнуў у Кіеве, праходзіў пад еўрапейскімі сцягамі. Тэма еўраарыентацыі як сістэмнай альтэрнатывы існуючым рэжымам пасля 2004-га стала прапісалася ў палітычнай дыскусіі краінаў экс-СССР.

1010375_0375_201.jpg


Увогуле, не прыняць Усходнюю Еўропу ў ЕС было проста немагчыма — хаця б таму, што менавіта ўсходнееўрапейцы прыдумалі канцэпт Еўрапейскага саюза. Так, днямі прэса вынайшла, што яшчэ ў XVII стагоддзі польскі астраном Станіслаў Любенецкі падбіваў французскага манарха ўзяць тытул «кароль Еўропы». А Станіслаў Ляшчынскі (1677–1766) напісаў трактат «Мемарыял аб вечным міры», у якім заклікаў Францыю (самая буйная дзяржава таго часу) абвясціць пра свой патранат над усімі еўрапейскім краінамі з рэспубліканскай формай кіравання. Гэтая мегадзяржава павінна была аб’яднаць землі ад Партугаліі да ўсходніх межаў Расійскай Імперыі. Ляшчынскі нават агучыў нейкі правобраз еўрапейскай канстытуцыі, паводле якой вышэйшая ўлада ў Еўропе належала Кангрэсу, дзе прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх краін-суб’ектаў.

З улікам ролі грамадзян Рэчы Паспалітай у распрацоўцы канцэпцыі агульнай Еўропы, магчыма, справядліва тое, што менавіта Польшча стала галоўным бенефіцыярам пашырэння 2004-га. Яшчэ напрыканцы 2017 года Польшча афіцыйна перайшла ў шэрагі тых краін, што развіваюцца найбольш дынамічна. Сёння гэта адна з найбольш актыўна растучых эканомік Еўропы. Паводле прагнозаў, бліжэйшымі гадамі ў пэўных прамысловых галінах Польшча можа абагнаць Францыю і ФРГ. Пры гэтым нельга не адзначыць цікавы казус. Абсалютная большасць палякаў падтрымліваюць сяброўства краіны ў ЕС. Аднак пры ўсёй еўрафіліі палякаў пры ўладзе ў Варшаве доўгі час знаходзяцца кансерватары, якія без перапынку сварацца з Бруселем за большую прававую і фіскальную аўтаномію краю.

Што тычыцца іншых краінаў, то там малюнак не такі адназначны. Пазітыўнымі паказнікамі могуць ганарыцца Чэхія, Славакія, Румынія. Горш выглядаюць справы ў Балгарыі і ў краінах Балтыі (акрамя Эстоніі). З іншага боку, ідэі выхаду са складу ЕС — фішка палітыкаў маргінальнага калібру. Пры ўсіх праблемах усходнія еўрапейцы згодныя: пашырэнне ЕС спрыяла ўмацаванню ў іх краінах дэмакратыі і барацьбе з карупцыяй.

117781478.jpg


Увогуле, цяперашняя гадавіна пашырэння адзначаецца ў эмацыйнай атмасферы, абсалютна не падобнай на тую, што панавала 15 гадоў таму. У 2004 годзе, калі сусветная эканоміка квітнела, а Расія яшчэ выходзіла з ямы 1990-х гадоў, еўрапейскім палітыкам падавалася, што магчыма ўсё. Іх не стрымлівалі нават кошты, якія павінны былі пайсці на падтрымку новых сябраў аб’яднання.

Але праз тры гады выбухнуў глабальны фінансавы крызіс, які падкасіў у тым ліку еўрапейскія рынкі. У 2010 годзе Грэцыя прызнала, што знаходзіцца на мяжы банкруцтва. У зоне еўра пачаліся праблемы, якія храналагічна сталі кропкай адліку ўздыму еўрафобскіх настрояў. Міграцыйны і эканамічны крызісы апошніх гадоў яшчэ больш узмацнілі лагер еўраскептыкаў, якія там-сям нават дарваліся да ўлады. Намер Вялікабрытаніі пакінуць еўрапейскі праект стаў для еўрааптымістаў сапраўднай маральнай траўмай.

Пра тое, што пакуль згаданая тэндэнцыя захоўваецца, сведчаць вынікі так званага Балканскага саміту ў Берліне, які праходзіў 29–30 красавіка. Падчас перамоваў Макрон і Меркель заблакавалі стары план Бруселя па пашырэнні ЕС за кошт шэрагу балканскіх дзяржаў да 2025-га. Пакуль плануецца адкласці прыём на нявызначаны тэрмін. Дарэчы, такі крок дыктуюць суровыя рэаліі. Калі Сербія і Косава стаяць на парозе вайны, наўрад ці дарэчы абмяркоўваць нейкае пашырэнне.

Нягледзячы на кепскія навіны, наўрад ці варта складаць некралогі еўрапраекту. Так ці інакш, гэты крызіс — не назаўжды. Прычым падчас выхаду з крызісу ў ЕС могуць паўстаць яшчэ больш амбіцыйныя планы. Напрыклад, днямі шведскае выданне «Svenska Dagbladet» заклікала Брусель шукаць рашэнне праблем праз уключэнне ў свой склад не толькі еўрапейскіх дзяржаў. Такая пазіцыя, мяркуе выданне, «падтрымае імкненне народаў на Захад і ўдарыць па радыкалізацыі грамадства». Ужо называецца і першая краіна-кандыдат у сябры ЕС, якая геаграфічна знаходзіцца па-за межамі Еўропы, — гэта Мексіка.