Ці магчымая еўрапейская будучыня для Беларусі?

Учора, 1 траўня, споўнілася 15 год, як да Еўрапейскага саюза далучыўся шэраг краін, сярод якіх — і нашы суседзі: Літва, Латвія, Польшча. Як змянілася іх жыццё пасля далучэння да еўрапейскай сям’і і ці магчыма Беларусі апынуцца ў шэрагу краін-сябраў ЕС? 

59337370_2106039073022223_4361260193523171328_n.jpg


Гэтыя пытанні мы адрасавалі кіраўніку Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі спадарыні Андрэа Віктарын.
Пашырэнне Еўрапейскага саюза ў 2004 годзе было самым буйным з пункту гледжання тэрыторыі, колькасці дзяржаў і насельніцтва. 1 траўня 2004 года 10 краін — Кіпр, Чэхія, Эстонія, Венгрыя, Латвія, Літва, Мальта, Польшча, Славакія і Славенія — далучыліся адначасова да Еўрапейскага саюза.

Андрэа Віктарын.

Андрэа Віктарын.

Андрэа Віктарын зазначае, што крытэрыі для ўступлення ў Еўрапейскі саюз не змяняюцца. Новыя краіны прымаюцца толькі тады, калі яны могуць прадэманстраваць, што змогуць быць паўнавартаснымі сябрамі ЕС дзякуючы выкананню ўсіх стандартаў і правілаў ЕС, наяўнасці згоды з боку ўсіх інстытутаў і краін ЕС, а таксама наяўнасці згоды сваіх грамадзян, выражанай праз ухваленне нацыянальным парламентам ці на рэферэндуме.
У Дамове аб Еўрапейскім саюзе гаворыцца, што любая еўрапейская краіна можа падаць заяўку на членства, калі яна паважае дэмакратычныя каштоўнасці ЕС і імкнецца да іх прасоўвання. Першы крок, які павінна зрабіць краіна — задаволіць ключавыя крытэрыі для ўступлення. Яны былі ў асноўным вызначаны Еўрапейскім саветам у Капенгагене ў 1993 годзе і вядомыя, адпаведна, як «Капенгагенскія крытэрыі». Краіны, якія жадаюць далучыцца да ЕС, павінны мець некалькі складнікаў.
Па-першае, стабільныя інстытуты, якія гарантуюць дэмакратыю, вяршэнства права, правы чалавека, павагу да меншасцяў і іх абарону.Па-другое, рынкавую эканоміку, якая функцыянуе, і здольнасць спраўляцца з канкурэнцыяй і рынкавымі сіламі ў ЕС.Па-трэцяе, здольнасць прымаць на сябе і эфектыўна выконваць абавязацельствы членства, уключаючы прыхільнасць мэтам палітычнага, эканамічнага і валютнага саюза.
Аднак, звяртае ўвагу спадарыня Віктарын, ЕС таксама павінен быць у стане інтэграваць новыя краіны ў свой склад.
Можна пачуць розныя меркаванні адносна таго, як змянілася жыццё ў нашых суседзяў пасля далучэння да ЕС. Каб не трансляваць скажоных меркаванняў, прапануем чытачам самім пазнаёміцца з некаторымі фактамі адносна кожнай з краін.
Па словах кіраўніка Прадстаўніцтва ЕС, для таго, каб новадалучаныя краіны дагналі Саюз па сярэдніх паказчыках росту і даходах, ён уклаў велізарныя сродкі праз сваю Палітыку згуртаванасці і, пачынаючы з 2014 года, праз інвестыцыйны план для Еўропы — План Юнкера. Гэтыя інвестыцыі мелі вельмі станоўчыя вынікі на месцах, дзякуючы не толькі фінансавай падтрымцы ЕС, але таксама намаганням гэтых новых краін па рэфармаванні і забеспячэнні сваёй прывабнасці для інвестараў і бізнесу. Па лініі Еўрапейскіх структурных і інвестыцыйных фондаў у 10 краін, што далучыліся ў 2004-м, у перыяд з 2004 да 2020 года будзе інвеставана 365,2 млрд еўра — гэта 2,6 працэнта ад іх ВУП штогадова. З 2014 года ў гэтыя краіны мабілізавалі на 31,4 млрд еўра дадатковых інвестыцый.

Euronews

Euronews

Сёння ЕС з'яўляецца ўнікальным эканамічным і палітычным аб'яднаннем. Мэта Саюза заключаецца ў забеспячэнні свабоды, бяспекі і правасуддзя без унутраных межаў, у забеспячэнні высокаканкурэнтнай рынкавай эканомікі, аховы навакольнага асяроддзя, свабоды ад сацыяльнай ізаляцыі і дыскрымінацыі. ЕС імкнецца садзейнічаць навукова-тэхнічнаму прагрэсу і салідарнасці паміж краінамі, захоўваць і прасоўваць культурную і моўную разнастайнасць усіх сваіх краін. Асноўным эканамічным рухавіком Саюза з'яўляецца адзіны рынак. Еўрапейскі саюз — найбуйнейшы гандлёвы блок у свеце. Ён з'яўляецца таксама найбуйнейшым у свеце экспарцёрам прамысловых тавараў і паслуг, а таксама самым вялікім рынкам імпарту для больш як 80 краін. Калектыўна ЕС і яго краіны з'яўляюцца найбуйнейшым у свеце донарам гуманітарнай і тэхнічнай дапамогі. ЕС іграе важную ролю ў міжнароднай дыпламатыі і працуе на забеспячэнне стабільнасці, бяспекі і дабрабыту, дэмакратыі, асноўных свабод і вяршэнства права на міжнародным узроўні.


Чытайце таксама:

Вялікі скачок Еўропы


Як запэўнівае Андрэа Віктарын, Еўрапейскі саюз імкнецца да адносін партнёрства і супрацоўніцтва з усімі краінамі свету, а рашэнне што да пажаданага ўзроўню адносін з ЕС прымае кожна краіна-партнёр самастойна. ЕС не навязвае нейкі парадак дня ці каштоўнасці краінам-партнёрам. Наадварот — краіны-партнёры самі вырашаюць, ці жадаюць яны прыняць стандарты ЕС, і вызначаюць свае ўласныя мэты ў адносінах з ЕС.
Такім чынам, перспектыва займець «свой пачэсны пасад між народамі» аб’яднанай Еўропы для Беларусі — цалкам дасягальная. Вось толькі ці стане на гэта палітычнай волі і, уласна, волі саміх беларусаў, якія ўсё яшчэ дэманструюць досыць моцную прыхільнасць да расійскай інтэграцыі, — вялікае пытанне.