З «буржуінамі» ды «кулакамі» не цырымоніцца!

Па Заходняй Беларусі катком прайшлося нямала людзей са зброяй. Першыя Саветы з дэпартацыямі, другія — з прымусовай калектывізацыяй, паміж імі — акупацыя з партызаншчынай. Новая ўлада не спала ў шапку: склала спісы падпанкаў, асаднікаў, святароў, леснікоў, паштароў. Памешчыкі аператыўна з’ехалі на Захад.

karykatura.jpg

Пасля масавай высылкі тысяч асаднікаў у Сібір і Казахстан (сем’і адпраўляліся асобна) на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі заставаліся аднаасобнікі, уладальнікі хутарскіх гаспадарак. Ім яшчэ належала перажыць вайну і пасляваенную калектывізацыю. А вайна з Германіяй наспявала, як навальніца ў спякоту.

Распавядае Соф’я Капуцкая, жыхарка Маладзечна:

«Жылі мы за кіламетраў 15 ад Крывічоў, недалёка ад Плешчаніцаў. Наш хутар называўся Сцешыцы. Перамены ўлады мы спачатку не заўважылі. Радаваліся ў асноўным беднякі і п’яніцы. Мы як рабілі, так і рабілі. Спраў хапала для ўсіх: куранят карміць, яйкі збіраць, гусей ганяць… А яшчэ ж карова, авечкі… Дзеці гэтак не лёталі, як цяпер, не ведаючы куды сябе падзець. Зранку як падымешся — цэлы дзень на нагах. З шасці-сямі гадоў дзяўчынкі пачыналі жаць. Для мяне бацька заказаў маленькі сярпок, з ім і замуж пайшла. Пакуль навучылася, не раз рэзала пальцы. Мы наймалі ўлетку па восем работнікаў, у асноўным з Плешчаніцкага раёна. Людзі прасіліся, каб і на наступны год у нас працаваць. У жніво і на копцы бульбы дапамагалі сваякі»…

Вайна і немцы

За няпоўныя два гады Заходнюю Беларусь запоўнілі настаўнікі, медыкі і спецыялісты розных галін гаспадаркі з усходніх абласцей. У першыя дні пасля нападу гітлераўцаў яны далучыліся да чырвонаармейцаў з трох армій Заходняй акругі, і ўся гэтая навала кацілася на ўсход.

Што акружэнцы, што бежанцы — усе заходзілі ў двары ў надзеі раздабыць штосьці з ежы. Узброеныя не надта цырымоніліся з «буржуінамі» ды «кулакамі». Цывільныя выдумлялі пра сябе хто што мог, многія казалі, быццам іх выпусцілі з турмы. Але цёртага жыццём заходнебеларускага селяніна падмануць было складана.

Дзяўчыну з вёскі Качай-Балота (Гомельская вобласць) Насцю Макаранка (Квяткоўскую) пасля медтэхнікума накіравалі ў Рось. Ездзіла на брычцы-«фаэтоне» па школах, рабіла прышчэпкі. Людзі яе любілі і звярталіся паважліва: «Пані доктарка».

Першыя бомбы ўпалі зусім блізка — немцы ўшчэнт разбілі ваенны аэрадром. Адтуль, як развіднела, папаўзлі салдацікі — хто без рукі, хто без нагі, хто з разарваным жыватом. Разам з акушэркай Таняй на пяці конных упражках павезлі раненых на ўсход. А па іх пачалі страляць з лесу. Паранены папрасіў медсястру: «Здымі мяне, ратуйся сама», — і папоўз паміраць у жыта. «Ён і цяпер там», — нязменна дадавала бабуля, апавядаючы гісторыю дачцэ.

Далей яны ўліліся ў несканчоны паток бежанцаў.

З лагера цывільных у Слоніме ўдалося збегчы: худзенькая Насця адарвала дошку ў прыбіральні, выпаўзла сама і вывалакала сяброўку. Папрасіліся заначаваць на саломе ў чужым гумне, але гаспадар лёгка распазнаў камсамолак і выдаў. Чуе дзяўчына пад раніцу: тарахцяць маторы. Закапалася сама і прысыпала спячую Таню. Немцы пачалі пароць салому штыхамі, але без выніку. Гаспадар разгубіўся: «Тылькі тутай былі! Юш збеглі!»

Адсядзеліся — і бегма адтуль. Заскочылі ў яшчэ адзін двор, папрасілі вады. «Напаю я вас зараз», — прыгразіў мужык, наставіўшы вілы. Доўга ішлі разам, пакуль не развіталіся: Таня падалася ў Расію, а Насця на поўдзень, у бок Парычаў.

Емяльян Дораш прасіць умеў. Яшчэ дзіцем у Першую сусветную з сястрой, просячы міласціну, прайшоў ад Наваградка да Беластока. Хіба ён думаў, што некалі трапіць туды на тэрміновую службу? Пастрыгчы навабранцаў паспелі, а вось да прысягі справа не дайшла. Камандзір распарадзіўся мудра: разам вы прападзяце, прабірайцеся малымі групамі. І адпусціў па дамах.

Ішлі паралельнымі дарогамі, ляснымі сцежкамі. На хутарах пілі выстаўленае для зборшчыкаў малако, ды не ва ўсіх страўнікі пераносілі такую ежу. Місію здабытчыка ўзяў на сябе Емяльян. Ён заходзіў у хату, паважліва кланяўся гаспадарам, хрысціўся і маліўся на абраз у куце. Яго кармілі і давалі трохі з сабою, так што ежы хапала паплечнікам.

З вялікай удзячнасцю піша пра жыхароў на захадзе Беларусі былы ваеннапалонны, партызан атраду «Дзімы» на Лагойшчыне Юрый Волкаў:

«Людей более гостеприимных, чем на Западной Белоруссии, я до этого не встречал. Хотя и были всевозможные наказы новой немецкой власти: «не пускать ночевать», «не кормить», «за ослушание — расстрел», население продолжало и кормить и укрывать многочисленных «бродяг», бежавших из плена, о чём мне рассказывали буквально в каждой хате. Сколько нашего брата шаталось тогда по Белоруссии — сказать трудно. Многие мои товарищи по «партизанке» прошли этот курс бродяжничания в той или иной степени. И ни я, ни они не могли вспомнить случая, чтобы кто-либо или когда-нибудь отказал приходящим в еде. Всех она выкормила, выходила, часто вылечила; случаи выдачи пленных немцам или полиции были крайне редки». (Волкаў Юрый Сяргеевіч, «Война без прикрас и героических подвигов», 1985–1999, Ленинград)

Не ўсім так шанцавала. Дасюль кепскай думкі пра заходнікаў мая суседка па доме баба Шура. Як толькі немца выбілі з-пад рэчкі Проні і пагналі, вярнуліся дзевяць Зюлікавых у сваю хату. А есці, акрамя травы, няма чаго. «Будзем паміраць», — падумала да ўсяго прызвычаеная маці. Але выправіла дзвюх дачок, 28-га і 32-га года нараджэння, за станцыю Негарэлае на заробкі.

Абышлі сёстры вёскі Нясвіжскага, Стаўбцоўскага раёнаў — ніхто на працу не бярэ, зерне не гатовае. А есці ж хочацца. Тады малодшая Аляксандра асмелілася прасіць. Абышла ўсё сяло з працягнутай рукой, і ніхто ў яе далоньку нічога не паклаў. Не прынята там даваць «за так». Тады, кажа, я набрала з карыта бульбы, зваранай для свіней, і мы наеліся.

Бог усё ж вырашыў злітавацца і паслаў папрашайкам працу: рваць лён за ежу. На другой сядзібе жалі паспеўшае жыта. На трэцяй таксама спатрэбіліся іх рукі. Так пашчасціла зарабіць. Мелі на дарогу шэсць боханаў хлеба, два мяшэчкі зерня і нават скрутак здору.

На цягніку праўдамі і няпраўдамі дабраліся да Мінска. У горадзе Шура пару хлябоў прадала, купіла сабе і сястры па сукенцы ў гарошак. У вагоне-цялятніку, дзякуючы добраму салдаціку, давезлі заробленае ў свой Дрыбінскі раён. Маці плакала ад радасці.

plakat_4.jpg

Партызанская «харчразвёрстка»

Падручнікам па жыцці заходніх беларусаў стала для мяне кніга Міхася Конана «Юргінія». Аўтар, як і я, апытваў старых людзей, да таго ж шмат матэрыялу дала яму гісторыя ўласнай сям’і. Возьмем такі эпізод. У сялянскую хату заходзяць узброеныя людзі, звяртаюцца да гаспадара. «Мы з Бягомльскай партызанскай зоны. Ведаем, што ў цябе ёсць конь. На фашыстаў пешшу ж не пойдзеш». Калі не дзейнічала простая логіка, падпускалі ідэйнасці. «Можа, ты хочаш, каб немцы на нашай зямлі былі вечна?»

Забіраючы каня, угледзелі карову з падцёлкам: «Так, карову да нас завядзеш сам». Што адчувае ў такіх выпадках гаспадар? «Сэрца білася так цяжка, быццам ён без перадыху цэлы загон папару пераараў. А тут яшчэ Усця са сваімі кленічамі на партызан.(…) Як жа мы будзем жыць, Лявонка? Хто нам дапаможа?»

Партызанаў жанчыны сапраўды клялі, зняважліва звалі іх «кароўнікамі» і «падушачнікамі». Каму ж спадабаецца, што дзеці ядуць траву? Было, што нанач адводзілі кароў да бліжэйшых нямецкіх гарнізонаў, дзе яны будуць цалейшымі.

Нямецкі гарнізон стаяў крыху воддаль ад вёскі Караватка, жыхары з суседніх вёсак прыводзілі туды сваю жывёлу. Дык партызаны, не зачапіўшы сам гарнізон, абчысцілі вёску і пазабіралі ўсіх кароў. Паспяховы атрымаўся рэйд! Што яны напісалі ў справаздачы?

Пры арганізацыі калгаса прыезджы старшыня прапанаваў назваць гаспадарку «Чырвоны партызан». З месца выгукнулі: «Чырвоны каравятнік!»

Вось як піша пра начныя візіты Рычард Жураўскі, ураджэнец хутара Янаўшчына Маладзечанскага раёна: «Я чуў, як трывожна шапталіся дарослыя, раз-пораз гучала слова «немцы». Гаспадарка яшчэ была моцная, па двары, як і раней, хадзілі гусі ды куры. Праз некаторы час пачало ўсё па чарзе знікаць. (…) Бо па начах з’яўляліся «госці», і пасля кожнага візіту нешта з худобы прападала. Гэта былі ўзброеныя людзі ў цывільнай вопратцы. Пашпартоў не прад’яўлялі, настаўлялі зброю і камандавалі: «Давай!» Аднойчы забралі авечак. Неўзабаве не стала свіней. Крыху пазней са двара вывелі нашых коней. Пад канец вайны наш дзед стаў поўным «пралетарыем».