1004-ты дзень вайны. Расія можа зноў ужыць супраць Украіны ракету «Арэшнік»

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём з дапамогай рэжыму Лукашэнкі.

Фота УСУ

Фота УСУ

Вайна ва Украіне працягваецца і Сілы абароны працягваюць змаганне з акупантамі. Так, паводле даных Генштаба УСУ, за мінулыя суткі ліквідавана 1420 расійскіх захопнікаў, агульныя страты РФ з пачатку вайны складаюць ужо каля 729 тысяч 720 чалавек.

Таксама мінулыя суткі былі «ўраджайнымі» на знішчаную расійскую тэхніку. У прыватнасці, УСУ ператварылі ў металалом 20 танкаў, 36 баявых браніраваных машын, 24 артылерыйскія сістэмы. Таксама знішчана 105 БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню, 73 адзінкі аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў і тры адзінкі спецыяльнай тэхнікі.

Разам з тым, паводле звестак DeepState, расійцы прасунуліся каля Вялікай Навасёлкі, Разлеглага, Максімаўкі, Пустынкі і ў Тарэцку. Паводле звестак аналітыкаў, 22 лістапада расійцы праводзілі штурмы некалькімі калонамі. Па меншай меры пяць адзінак ваеннай тэхнікі яны задзейнічалі ў наступе на саму Навасёлку, яшчэ дзве — у пасадках на поўдзень ад Разлеглага.

Таксама аналітык BILD Юльян Рэпке паведамляў, што расійскія акупанты цяпер захапілі 25% Курахава, сітуацыя ў горадзе крытычная.


Глядзіце таксама

Расійскае кіраўніцтва працягвае славіць сваю балістычную ракету «Арэшнік», запушчаную па Украіне 21 лістапада, і цалкам магчыма, паўторыць яе запуск у бліжэйшыя дні, лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

«Расія выйграе ад шуміхі вакол удару 21 лістапада і, імаверна, спадзяецца, што распальванне турботы з нагоды запуску ракеты «Арэшнік» прымусіць Захад згарнуць сваю падтрымку Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым у ISW прагназуюць, што ў бліжэйшыя дні Расія можа правесці дадатковыя выпрабавальныя пускі такіх жа або аналагічных балістычных ракет, каб дамагчыся таго ж рытарычнага эфекту.

Так, расійскія крыніцы сцвярджаюць, што 23-24 лістапада Расія закрые частку сваёй паветранай прасторы для правядзення ракетных выпрабаванняў, але не ўдакладняюць, які тып ракет будуць тэставаць расійскія войскі.

Акрамя таго, намеснік начальніка ГУВ Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі папярэдзіў, што ў Расіі, верагодна, маецца да 10 ракет «Арэшнік» і што РФ, верагодна, правядзе выпрабавальныя пускі ўсіх гэтых ракет у будучыні.

Нагадаем, 21 лістапада Расія ўдарыла па Дняпры міжкантытэнтальнай балістычнай ракетай. Акупанты заяўляюць, што задзейнічалі ракету сярэдняй далёкасці «Арэшнік».

Паводле звестак Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны, ракету запусцілі з мабільнага ракетнага комплексу «Кедр».

Як адзначыў навуковы супрацоўнік ядзернага праекта ў Осла Фабіян Хофман, гэтую ракету могуць перахапіць некаторыя сістэмы СПА, напрыклад, SM-3 ад Aegis або Aegis Ashore, а таксама, хутчэй за ўсё, Arrow 3 і THAAD. Аднак на ўзбраенні Украіны іх няма.


Глядзіце таксама

У аператыўна-тактычнай групоўцы УСУ «Харкаў» абверглі інфармацыю аб прысутнасці вайскоўцаў КНДР на тэрыторыі Харкаўскай вобласці. Афіцыйная заява АТГ апублікавана на іх старонцы ў Facebook. Вайскоўцы адзначаюць, што чалавек, які паведаміў СМІ такія звесткі, каментаваў аператыўную абстаноўку па-за сваёй кампетэнцыяй, бо не з'яўляецца іх афіцыйным спікерам: «Аператыўная абстаноўка на Харкаўскім кірунку істотных змен не зведала, Сілы абароны Украіны працягваюць стрымліваць націск расійскіх акупацыйных войскаў».

Нагадаем, раней камандзір зводнага падраздзялення 153-й асобнай механізаванай брыгады Назарый Кішак заявіў, што на Харкаўскім кірунку заўважылі вайскоўцаў з Паўночнай Карэі.

Таксама пра тое, што на тэрыторыі Харкаўскай вобласці ўжо знаходзяцца салдаты КНДР, пісала CNN. Гэтую інфармацыю ім нібыта прадаставіў суразмоўца ў Службе бяспекі Украіны.


Глядзіце таксама

Агент партызанскага руху АТЭШ выведаў адну з баз УС РФ паблізу лініі фронту ў Данецкай вобласці. Як адзначаецца ў паведамленні, на базу пастаянна прыязджаюць машыны, высаджваюць вайскоўцаў і адразу з'язджаюць, не пакідаючы тэхнікі.

«Паводле слоў агента, гэта танкісты з Бураціі, якія рыхтуюцца да ўдзелу ў наступе на гэтым кірунку», — адзначаюць у АТЭШ.

Акрамя таго, паведамляецца пра канфлікты паміж расійскімі вайскоўцамі і буратамі, якія заканчваюцца смяротнымі выпадкамі — агент паведамляе аб трох «двухсотых».

«Незадаволенасць буратаў працягвае расці, што прыводзіць да частых выпадкаў здзекаў і зневажанняў расійцаў, правакуючы яшчэ большую напружанасць унутры падраздзяленняў», — адзначаюць у АТЭШ.


Глядзіце таксама

Як адзначыў палкоўнік Андрэй Білецкі, камандзір трэцяй штурмавой брыгады, цяпер сітуацыя на полі бою ў пэўнай ступені нават больш складаная, чым была ўвесну 2022 года. У наступныя некалькі месяцаў трымаць абарону будзе яшчэ цяжэй з-за зімовых умоў надвор'я.

На яго думку, наступ зімы і пагаршэнне ўмоў надвор'я прасоўванне акупацыйных войскаў не спыняць, бо вораг ідзе малымі групамі пяхотнікаў, а не тэхнікай, якая можа затрымацца ў гразі. Затое зімовае надвор'е цалкам можа ўскладніць абарону УСУ з-за складанасцяў ва ўжыванні ўсіх тыпаў БПЛА, у прыватнасці разведвальных і FPV-дронаў.