1023-ці дзень вайны: Усё, што гучыць з Крамля, — гэта мова ультыматумаў
Украінцы пераважна скептычна ставяцца да «перамоваў у імя перамоваў». Грамадзяне Украіны не ўспрымаюць тэрытарыяльныя саступкі Расіі. Генеральны сакратар NATO заявіў, што страты бакоў у вайне Расіі з Украінай перавысілі мільён чалавек.
Расіяне засяродзіліся на трох кірунках — украінскі Генштаб
УСУ вядуць жорсткія баі на ўсходзе і поўдні Украіны. Больш за ўсё атак зафіксавана на Курахаўскім кірунку ў раёне пяці населеных пунктаў. Цяпер там працягваюцца 13 баёў. З пачатку сутак, 12 снежня, на фронце адбылося 138 баявых сутыкненняў.
Больш за ўсё баёў зафіксавана на Курахоўскім, Пакроўскім і Урэміўскім кірунках, паведаміў Генштаб УСУ ў зводцы па стане на 16:00 у чацвер, 12 снежня.
Трамп не згодны з запускам ракет «на сотні міль углыб Расіі»
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў Кіеў за запуск амерыканскіх ракет па тэрыторыі Расіі ў лістападзе, піша ВВС са спасылкай на Time. Гаворка ідзе пра дальнабойныя ракеты ATACMS.
«Я катэгарычна не згодны з запускам ракет на сотні міль углыб Расіі. Навошта мы гэта робім?» — сказаў Трамп у інтэрв'ю часопісу.
«Мы проста абвастраем гэтую вайну і пагаршаем яе», — дадаў ён.
Калі Трампа спыталі, ці адмовіцца ён ад падтрымкі Украіны, той адказаў, што будзе выкарыстоўваць падтрымку Кіева з боку ЗША ў якасці рычага ціску на Расію ў перамовах аб спыненні вайны.
«Я хачу дасягнуць пагаднення, а адзіны спосаб дасягнуць пагаднення — гэта не кідаць [Украіну]», — дадаў абраны прэзідэнт ЗША.
«Я думаю, што самае небяспечнае цяпер — гэта тое, што адбываецца, калі Зяленскі вырашыў (з адабрэння, як я мяркую, прэзідэнта [ЗША]), пачаць абстрэльваць Расію ракетамі. Гэта сур'ёзная эскалацыя. Я думаю, што гэта дурное рашэнне», — сказаў у інтэрв'ю Трамп.
- У чацвер, 12 снежня, часопіс Time назваў Трампа Чалавекам года
У шорт-ліст акрамя Трампа ўваходзілі Ілан Маск, Кейт Мідлтан і Юлія Навальная.
«На працягу 97 гадоў рэдактары Time выбіраюць чалавека года: гэта чалавек, які больш за ўсіх паўплываў на свет і загалоўкі за апошнія 12 месяцаў — да лепшага ці да горшага. У многія гады гэты выбар быў складаным. У 2024-м — не», — патлумачыў такі выбар галоўны рэдактар часопіса Time Сэм Джекобс.
Украіна не гатовая да перамоваў з РФ
Уладзіміру Пуціну важна працягваць агрэсію. Усё, што гучыць з Крамля, — гэта мова ультыматумаў, адзначыў кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
Украіна пакуль не гатовая да перамоваў з Расіяй. Для іх пачатку Украіна павінна быць дастаткова моцнай, каб гаварыць з агрэсарам на роўных. Пра гэта сказаў кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак у інтэрв'ю Суспільному ў чацвер, 12 снежня.
«Для пачатку перамоваў Украіна павінна быць моцнай, і тады зможа гаварыць з РФ на роўных. Таму што ўсё, што гучыць з Крамля, — гэта мова ультыматумаў», — заявіў ён.
Са слоў Ермака, менавіта таму сёння ідзе абмеркаванне з партнёрамі, чаму так важна ўзмацніць Украіну і чаму наогул трэба разбіваць расійскія наратывы, што Украіна нібыта хацела вайны.
«Украіна не хацела яе і ніяк Расію не правакавала. РФ прыйшла сюды не абараняць кагосьці, бо яна не абараняе нават сваю тэрыторыю (гаворка пра Курскую вобласць. — Рэд). Пуціну важна прадаўжаць агрэсію на нашай тэрыторыі», — дадаў кіраўнік ОП.
Днямі прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што мірныя перамовы для завяршэння вайны паміж Украінай і Расіяй могуць пачацца ўжо гэтай зімой.
Зрэшты, як сведчаць звесткі апытання Цэнтра Новая Еўропа, украінцы пераважна скептычна ставяцца да «перамоваў у імя перамоваў». Грамадзяне Украіны не ўспрымаюць тэрытарыяльныя саступкі Расіі.
Генеральны сакратар NATO: Страты бакоў у вайне ва Украіне перавысілі мільён чалавек
Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што ў выніку расійска-ўкраінскай поўнамаштабнай вайны з лютага 2022 году колькасць ахвяраў перавысіла мільён загінулых і параненых.
Пра гэта Рутэ заявіў у сваім выступе ў Брусэлі ў чацвер, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Марк Рутэ падкрэсліў, што вайна ва Украіне кожны дзень вядзе да новых разбурэнняў і гібелі людзей.
«Кожны тыдзень з усіх бакоў ва Украіне гіне больш за 10 000 (чалавек) забітых і параненых. Больш за мільён ахвяр з лютага 2022 года. Пуцін спрабуе сцерці Украіну з карты свету», — заявіў генеральны сакратар NATO.
Ён удакладніў, што страты Расіі дасягнулі 700 тысяч чалавек.
«Сітуацыя на фронце мяняецца павольна і вельмі дарагой цаной для расіян. Яны ўжо страцілі 700 тысяч чалавек забітымі і параненымі. Гэты месяц стаў рэкордным па колькасці расійскіх страт», — сказаў генеральны сакратар NATO.
Рутэ адзначыў, што агрэсія Пуціна — далёка не новая схема, але саюзнікі па NATO занадта доўга на яе не рэагавалі.
Генеральны сакратар NATO таксама папярэдзіў, што Альянс не гатовы да пагроз, з якімі ён сутыкнецца з боку Расіі ў найбліжэйшыя гады, і заклікаў перайсці да мыслення ваеннага часу са значна большымі выдаткамі на абарону.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі нядаўна апублікаваў звесткі аб тым, што з 24 лютага 2022 года загінулі 43 тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў і 370 тысяч былі параненыя. Паводле Зяленскага, страты РФ перавышаюць 750 тысяч чалавек — 198 тысяч забітымі і больш за 550 тысяч параненымі.