1037-мы дзень вайны. Украіна атакавала ваенны аэрадром у Расіі

Расійскія войскі ціснуць на Пакроўскім кірунку ва Украіне, а «Калядная ракетная атака» расіянаў выклікала абурэнне ў абодвух прэзідэнтаў ЗША — дзейснага і абранага. Тым часам у самой Расіі працягваюцца напады на ваенкаматы. Распавядаем пра галоўныя падзеі поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, што здарыліся за мінулы дзень і прайшоўшую ноч.

Фота: Генштаб УСУ

Фота: Генштаб УСУ

За мінулыя суткі, 25 снежня, на фронце адбылося 217 баявых сутыкненняў. Больш за ўсё расійцы атакавалі на Пакроўскім кірунку, паведамляе ў ранішняй зводцы Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны (УСУ).

На Пакроўскім кірунку адбіта 57 атак расіянаў у бок населеных пунктаў Зялёнае Поле, Міралюбаўка, Прамень, і іншых.

На Курахоўскім кірунку расійцы атакавалі 31 раз. Больш актыўна за ўсё акупанты спрабавалі рушыць наперад у раёнах населеных пунктаў Петрапаўлаўка, Славянка, Ясенава, Курахава, Андрэеўка і Дачнае.

На Врэмаўскім кірунку расійцы здзейснілі 35 штурмаў у раёнах Канстанцінопальскага, Бурштынавага, Вялікіх Навасёлкак, і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 26 разоў. У Курскай вобласці Расіі ўкраінскія вайскоўцы адбілі 26 штурмавых дзеянняў расійскіх войскаў.

* * *

У ноч на 26 снежня расійскія войскі запусцілі па Украіне 31 дрон розных тыпаў. «Па стане на 08.30 пацверджана збіццё 20 ударных БПЛА тыпу "Shahed" і беспілотнікаў іншых тыпаў у Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай і Днепрапятроўскай абласцях», — паведамілі ў паветраных сілах Украіны. 11 варожых беспілотнікаў-імітатараў былі «лакальна страчаныя» — звычайна пад такой фармулёўкай маюць на ўвазе працу РЭБ.

* * *

Расійскае Міністэрства абароны заявіла, што супрацьпаветраная абарона РФ 25 снежня перахапіла 59 беспілотнікаў. Пры гэтым 26 дронаў нібыта знішчылі над Белгародскай вобласцю, 23 — над Варонежскай, па тры — над Курскай, Бранскай і Тамбоўскай, адзін — над Азоўскім морам.

Выданне ASTRA піша, што дроны спрабавалі ўдарыць па ваенным аэрадроме «Балтымор» у Варонежы, над якім нібыта збілі некалькі дронаў. «Пацярпелых няма, аэрадром не пашкоджаны», — піша выданне.

Ваенны аэрадром «Балтымор» знаходзіцца прыкладна ў 175 км ад Украіны. Там дыслакуецца 47-ы бамбардзіровачны авіяцыйны полк 105-й змяшанай авіяцыйнай дывізіі. Асноўны тып самалётаў — Су-34, якія расейцы выкарыстоўваюць для ўдараў Кабамі.

* * *

471490610_942634224716323_5535922930432983989_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адрэагаваў на ўчорашнюю масіраваную паветраную атаку Расіі па Украіне. Ён даручыў Пентагону прадоўжыць нарошчваць пастаўкі зброі УСУ.

«Дазвольце мне растлумачыць: украінскі народ заслугоўвае таго, каб жыць у міры і бяспецы, і Злучаныя Штаты і міжнародная супольнасць павінны працягваць падтрымліваць Украіну, пакуль яна не атрымае перамогу над агрэсіяй Расіі», — гаворыцца ў заяве Байдэна.

«Я даручыў Міністэрству абароны прадоўжыць нарошчванне паставак зброі ва Украіну, і Злучаныя Штаты прадоўжаць нястомна працаваць над умацаваннем пазіцый Украіны ў яе абароне ад расійскіх войскаў», — рэзюмаваў прэзідэнт ЗША.

Таксама на ракетны ўдар РФ на Каляды адрэагавалі і ў камандзе новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У прыватнасці, будучы спецпрадстаўнік па Украіне Кіт Келаг заявіў, што гэтая атака з'яўляецца жорсткім нападам. «Каляды павінны быць часам міру, аднак Украіна падвергнулася жорсткаму нападу на Каляды. Наносіць маштабныя ракетныя ўдары і атакі з дапамогай беспілотнікаў у дзень нараджэння Госпада — гэта няправільна», — напісаў Келаг у сацсетцы Х.

* * *

Японія перадасць Украіне яшчэ 3 млрд долараў, забяспечаных замарожанымі расійскімі актывамі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі па выніках размовы з прэм'ер-міністрам Японіі Шыгеру Ішыбай.

* * *

У горадзе Гусь-Хрустальны Уладзімірскай вобласці РФ увечары 25 снежня аўтамабіль заехаў у будынак ваеннага камісарыята — кіроўца пратараніў вароты і пасля гэтага падпаліў машыну. Мэр расійскага горада Аляксей Сакалоў назваў кіроўцу «чарговай ахвярай украінскіх махляроў». Па словах мэра, мужчыну затрымалі, ён дае паказанні.