226-ы дзень вайны. Напады да дня нараджэння Пуціна
Рускія войскі сёння, 7 кастрычніка, могуць актывізаваць атакі ў сувязі з днём нараджэння Пуціна. Чытайце пра галоўныя падзеі, што адбыліся ва Украіне ў ноч на 7 кастрычніка і сёння раніцай.
Пра актывізацыю актыўнасці рускай арміі сёння, 7 кастрычніка, папярэдзіў намеснік начальніка галоўнага аператыўнага ўпраўлення Генштаба УСУ Аляксей Громаў. Паводле яго слоў, напады могуць здарыцца і па ўказанні самога Пуціна, і па ініцыятыве яго камандавання. Громаў згадаў, што важна памятаць, наколькі РФ апантаная ідэяй памятных і сакральных дат. Таму атакі рускага войска могуць быць падобнымі на абстрэлы падчас Дня Незалежнасці Украіны, калі РФ імкнулася пасеяць паніку сярод мірнага насельніцтва.
УСУ адбілі дзевяць нападаў ворага за суткі — Генштаб Украіны.
Украінская авіяцыя нанесла 23 удары па пазіцыях праціўніка — у яго істотныя страты. Сілы СПА Украіны збілі больш за 20 расійскіх беспілотнікаў.
Генштаб Украіны паведамляе ў ранішняй зводцы 7 кастрычніка, што войскі Расіі спрабуюць утрымаць часова захопленыя тэрыторыі, не спыняюць вядзенне наступальных дзеянняў на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, а таксама ажыццяўляюць перагрупоўку войскаў на паўднёвабужскім кірунку. УСУ адбілі дзевяць нападаў рускай арміі за суткі.
За мінулыя суткі рускія нанеслі восем ракетных і 15 авіяцыйных удараў, здзейснілі больш за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, а тры іх крылатыя ракеты Х-22 не даляцелі да цэляў.
Ад рускіх абстрэлаў пацярпелі больш за 25 населеных пунктаў Украіны, сярод якіх Харкаў, Запарожжа, Нікалаеў і Нікапаль.
Ракетны ўдар па Запарожжы.
Фота: ракетны ўдар па Запарожжы 7 кастрычніка (Telegram)
Раніцай 7 кастрычніка расійскія войскі нанеслі чарговы ракетны ўдар па Запарожжы. Кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі (АВА) Аляксандр Старух распавёў: «Вораг нанёс ракетны ўдар па абласным цэнтры. Заставайцеся ва ўкрыццях. Ёсць рызыка паўторных абстрэлаў», — напісаў ён.
Паводле звестак мясцовых Telegram-каналаў, над горадам пасля ўдару падымаецца слуп дыму.
Гэта не першы ўдар па Запарожжы. Так, сёння — у ноч на 7 кастрычніка — расійскія войскі ўпершыню атакавалі дронамі-камікадзэ горад Запарожжа. У выніку атакі пацярпеў цывільны чалавек.
А ўчора раніцай рускія войскі выпусцілі па Запарожжы сем ракет, што трапілі ў шматпавярховікі. Завалы, пад якімі заставаліся людзі, ратавальнікі разбіралі ўчора ўвесь дзень. Паводле апошняй інфармацыі, у выніку той атакі загінулі 11 чалавек, яшчэ 21 чалавека ўдалося выратаваць з-пад завалаў.
У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў — у Бахмуце і Курдзюмаўцы. Акрамя таго, у Святагорску знайшлі целы яшчэ семярых мірных жыхароў, што былі забіты рускімі падчас акупацыі. Яшчэ сем чалавек за ўчора атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
На Харкаўшчыне з-за варожых удараў за суткі пацярпелі восем чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Так, у Купянскім і Чугуеўскім раёнах шпіталізавалі па два чалавекі, у Ізюмскім — чатыры.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) мяркуе, што выкарыстанне Расіяй іранскіх беспілотнікаў Shahed-136 наўрад ці істотна паўплывае на ход вайны. У прыватнасці, выкарыстанне гэтых БЛА не прыводзіць да эфектаў, што аналагічныя прымяненню Украінай сістэм HIMARS. Аналітыкі адзначаюць, што рускія не накіроўваюць беспілотнікі на вузлы каля поля бою, але выкарыстоўваюць шмат БЛА з мэтай тэрору тылавых цывільных раёнаў.
Паводле ISW, 6 кастрычніка ўкраінскія войскі, верагодна, працягнулі контрнаступальныя аперацыі на паўночным усходзе Харкаўскай вобласці ў раёне Купянска і аперацыі ўздоўж дарогі Крамянная — Сватава на захадзе Луганскай вобласці.
Між тым рускія войскі, верагодна, ствараюць абарончыя пазіцыі ў верхняй частцы Херсонскай вобласці. Яны працягнулі наземныя атакі ў Данецкай вобласці і маглі дамагчыся новых поспехаў у раёне Бахмута.
Брытанская выведка піша, што трафейная расійская тэхніка цяпер складае значную частку ваеннай тэхнікі Украіны. Паводле аналітыкаў, Украіна, верагодна, з моманту ўварвання РФ захапіла не менш за 440 расійскіх асноўных баявых танкаў і каля 650 іншых бронемашын. Больш за палову наяўнага цяпер танкавага парку Украіны патэнцыйна складаецца з трафейных машын.
Няздольнасць расійскіх экіпажаў знішчыць непашкоджаную тэхніку перад адыходам або перад здачай у палон сведчыць пра дрэнную падрыхтоўку салдат і нізкі ўзровень баявой дысцыпліны. І, відаць, з-за наступу УСУ і дэмаралізацыі расійскага войска, РФ, хутчэй за ўсё, працягне губляць цяжкае ўзбраенне.
Міністр абароны Украіны Рэзнікаў звярнуўся да расійскіх вайскоўцаў і заклікаў іх не згубіць час і выратаваць Расію ад трагедыі, а расійскае войска — ад знявагі.
Рэзнікаў заявіў, што кіраўніцтва Расіі падманула і здрадзіла расійскім вайскоўцам, бо адпраўляе салдат на смерць за ілюзорныя мэты Пуціна. «Мы гарантуем жыццё, бяспеку і справядлівасць усім, хто адмовіцца ваяваць ва Украіне», — падкрэсліў украінскі міністр.