24 лютага Крэмль тэлефанаваў у Кіеў і патрабаваў здацца: РФ паслалі мацюкамі і паклалі слухаўку

З нагоды Дня Незалежнасці Украіны амерыканская газета «The Washington Post» падрыхтавала вялікі матэрыял пра пачатак вайны і абарону Кіева.

Ілюстрацыйнае фота з сайта blogging.kiev.ua

Ілюстрацыйнае фота з сайта blogging.kiev.ua

Выданне «The Washington Post» падрыхтавала вялікі матэрыял пра абарону сталіцы Украіны. Там, у прыватнасці, распавядаецца пра тэлефанаванне з Крамля 24 лютага.

«The Washington Post» піша, што ў першы дзень поўнамаштабнага расійскага ўварвання кіраўніку Офіса прэзідэнта Украіны Андрэю Ермаку патэлефанаваў найбліжэйшы паплечнік Пуціна Дзмітрый Козак.

Козак нарадзіўся ва Украіне, але два дзесяцігоддзі займае ключавыя пасады ў Крамлі і выконвае найважнейшыя даручэнні Пуціна. Дзмітрый Козак патэлефанаваў і сказаў, што ўкраінцам самы час здавацца. На што Ярмак толькі абмацюкаў яго і паклаў слухаўку.

Таксама ў матэрыяле WP згадваецца размова міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава з беларускім  міністрам абароны Віктарам Хрэніным напярэдадні вайны і яшчэ раз — праз некалькі дзён пасля. Так, 22 лютага Хрэнін «даў слова афіцэра» і запэўніў, што наступу з тэрыторыі Беларусі не будзе.

Наступная размова адбылася 26 лютага, калі беларускі міністр абароны патэлефанаваў Рэзнікаву, каб «дрыготкім голасам» перадаць пасланне кіраўніка Мінабароны Расіі Шайгу. Маўляў, «калі Украіна падпіша акт аб капітуляцыі, уварванне спыніцца». Рэзнікаў адказаў: «Я гатовы прыняць капітуляцыю з боку Расіі».

Паводле www.unian.net