310-ты дзень вайны ва Украіне

Уначы Украіна зноў атакавана іранскімі дронамі-камікадзэ, усе яны былі збіты СПА. Зяленскі заявіў, што пад Новы год магчыма паўтарэнне ўчарашняй маштабнай ракетнай атакі — вораг яшчэ раз паспрабуе зрабіць так, каб свята ўкраінцы сустракалі ў цемры.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Начная атака дронамі

У ноч на 30 снежня РФ атакавала Украіну беспілотнікамі-камікадзэ «Shahed-131/136» іранскай вытворчасці. Збіць удалося ўсе 16 дронаў, выпушчаных рускімі з паўднёва-ўсходняга і паўночнага кірункаў. Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл УСУ. Для пераадолення сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіны вораг спрабаваў выкарыстоўваць рэчышча Дняпра.

Расіяне атакавалі дронамі-камікадзэ і Кіеў. Старшыня АВА Валянцін Разнічэнка паведаміў, што ўсе пяць варожых «шахедаў» збілі сілы СПА.

Адзін з дронаў трапіў у адміністрацыйны будынак у Галасееўскім раёне сталіцы, у выніку чаго будынак часткова разбураны, а ў жылым доме побач ёсць пашкоджанні вокнаў. Інфармацыі пра пацярпелых не паступала.

Пазней Клічко ўдакладніў, што, па інфармацыі сіл СПА, на Кіеў ляцелі сем дронаў-камікадзэ, два з іх збілі на падлёце да ўкраінскай сталіцы, пяць — над горадам.

Намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Кірыл Цімашэнка змясціў фота пашкоджаных дамоў.

Сумская вобласць раніцай зведала масіраваны абстрэл: зафіксавана 60 «прылётаў»

Расійскія войскі раніцай 30 снежня масіравана абстралялі Сумскую вобласць з мінамётаў. У рэгіёне зафіксавана 60 «прылётаў». Пра гэта паведамляе кіраўнік Сумскай АВА Дзмітрый Жывіцкі.

Учора ўвечары расіяне з мінамётаў абстралялі Шалыгінскую абшчыну. Было 15 «прылётаў». Таксама каля поўначы вораг 19 разоў ударыў з артылерыі па Зноб-Наўгародскай абшчыне.

Раніцай 30 снежня праціўнік з мінамётаў атакаваў Мірапольскую абшчыну. Там зафіксавалі 60 «прылётаў».


У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін мірны жыхар — у Бахмуце, паведаміў старшыня АВА Павел Кірыленка.

У Харкаўскай вобласці тры чалавекі загінулі і адзін паранены, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў.

У Херсонскай вобласці з-за расійскіх абстрэлаў раненні атрымаў адзін чалавек, паведаміў старшыня АВА Яраслаў Янушэвіч.


Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 30 снежня: «асабовага складу ліквідавана» — каля 105 250 (+690 за мінулыя суткі) чалавек. Найбольшыя страты праціўнік панёс на Ліманскім і Бахмуцкім кірунках.

Малюнак facebook.com/GeneralStaff.ua

Малюнак facebook.com/GeneralStaff.ua

РФ спрабуе наступаць на Бахмуцкім і палепшыць тактычнае становішча на Ліманскім і Купянскім кірунках, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі атакі расійскай арміі ў раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка і Белагораўка Луганскай вобласці і Саледар, Іванаўскае, Кляшчыеўка, Каменка, Аўдзееўка, Вясёлае, Вадзяное, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці.

ФСБ заявіла аб прадухіленні тэракту на Паўночным Каўказе, які нібыта па заданні ўкраінскіх спецслужбаў планаваў грамадзянін Украіны. Ён затрыманы і, быццам, даў прызнальныя паказанні, заявілі ў ФСБ.

Брытанская разведка паведамляе, што Заходнюю групу войскаў РФ ва Украіне можа ўзначаліць генерал-лейтэнант Яўген Нікіфараў. (Раней ГУР МАУ паведамляла, што Нікіфараў ужо назначаны на гэту пасаду і што ён прадстаўляе групу Суравікіна-Прыгожына.) Нікіфараў стане як мінімум чацвёртым камандзірам злучэння пасля ўварвання і зменіць генерал-палкоўніка Сяргея Кузаўлёва, назначанага тры месяцы таму.

Разведка Брытаніі нагадала, што раней Нікіфараў удзельнічаў у правальным для Расіі наступе на Кіеў. Будучы начальнікам штаба Усходняй групы войскаў Расіі ў першыя тыдні ўварвання, Нікіфараў павінен прымаць актыўны ўдзел у планаванні спробы гэтай групы войскаў і паветрана-дэсантных войскаў прасунуцца на Кіеў з паўночнага захаду праз Чарнобыльскі раён.

Перад Заходняй групай войскаў стаіць задача ўтрымліваць раён Луганскай вобласці вакол Крамянной і Сватава. Паколькі любы з бакоў можа паспрабаваць наступ на гэтым участку, Нікіфараў бярэ на сябе важную аператыўную ролю ў канфлікце, адзначаюць аналітыкі.

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што выбухі на вайсковых аб'ектах у тылавых раёнах РФ дэманструюць неэфектыўнасць расійскай СПА і абвастраюць крытыку ўлады, якая не можа абараніць сваю тэрыторыю. На думку аналітыкаў, становіцца ўсё больш відавочным, што Расія не здольная супрацьстаяць паветраным пагрозам глыбока ўнутры сваёй тэрыторыі.

Джо Байдэн паведаміў, што падпісаў бюджэт ЗША на 2023 фінансавы год, які ўключае шматмільярдную дапамогу Украіне.

Вялікабрытанія перадала Украіне больш за 1000 металашукальнікаў «VALLON» і 100 камплектаў для абясшкоджвання бомбаў, каб дапамагчы ачысціць мінныя палі, паведаміў брытанскі ўрад.

Міжнародная арганізацыя «Цэнтр расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці» (OCCRP) назвала Прыгожына карупцыянерам года: «Брудныя грошы, першабытны гвалт, цынізм і беспакаранасць нават перад тварам расійскага закона — усе вытворныя карупцыі, што ўхваляецца дзяржавай, аб'ядноўваюцца ў яго постаці. Менавіта таму, пакуль яго найміты сеюць смерць у чарговым украінскім горадзе, экспертнае журы OCCRP прысудзіла Прыгожыну званне карупцыянер года-2022».

Летась карупцыянерам года быў Лукашэнка.


У выніку ўчарашняй расійскай ракетнай атакі ва Украіне загінулі тры чалавекі, яшчэ шасцёра параненыя, сярод іх дзіця. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі.

Уладзімір Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце паведаміў, што па стане на гэты вечар адключэнне электрычнасці ёсць у большасці абласцей Украіны. Асабліва складаная сітуацыя на Кіеўшчыне і ў самой сталіцы, на Львоўшчыне, у Адэсе і вобласці, у Херсоне і вобласці, На Віннічыне і ў Закарпацці. «Але гэта не параўнальна з тым, што магло б быць, калі б не нашы гераічныя зенітчыкі і СПА... Засталося два дні ў гэтым годзе. Магчыма, вораг яшчэ раз паспрабуе зрабіць так, каб Новы год мы сустракалі ў цемры», — дадаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, сітуацыя на перадавой за суткі засталася без істотных змен: «Найбольш вострая — у Бахмуце, Саледары, па ўсёй лініі на Данбасе. Вораг не адмовіўся ад вар'яцкай ідэі захапіць Данеччыну... Цяпер яны ставяць сабе задачу — пад Новы год».


Наступны ракетны ўдар Расіі можа быць больш масіраваным, чым учарашні, заявіў прадстаўнік паветраных сіл УСУ Юрый Ігнат: «Расія аднаўляе парк авіяцыйнай тэхнікі. Расіяне выпусцілі на сёння 13 самалётаў, якія маюць па восем падвесак. Пытанне ў тым, наколькі яны гатовыя ў цяперашні час выдаткаваць тых жа крылатых ракет. Носьбітаў у іх дастаткова».

Паводле сацсетак, korrespondent.net, украінскай службы РБК, www.unian.net