321-шы дзень вайны. Жорсткія баі за Саледар для Расіі бессэнсоўныя?

Сітуацыя вакол украінскага Саледара супярэчлівая. Рускія ваенныя карэспандэнты паведамляюць пра ўзяцце горада, іншыя крыніцы гэта абвяргаюць. Падаецца, ужо не ў першы раз расійскія «ўра-патрыёты» выдаюць жаданае за рэальнае.

img_20230109_203936_193.jpg


Генштаб Украіны паведамляе, што за мінулыя суткі праціўнік нанёс шэсць ракетных і 16 авіяцыйных удараў, здзейсніў больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскай інфраструктуры Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласцей.

На ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца небяспека варожых авіяцыйных і ракетных удараў.

Войскі РФ тройчы за ноч абстралялі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці з цяжкай артылерыі, паведаміў старшыня абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Вораг выпусціў па Краснагрыгор'еўскай абшчыне, Марганцы і Нікапалі больш за 20 снарадаў. Усюды абышлося без пацярпелых.

Таксама расійскія вайскоўцы за мінулыя суткі нанеслі 33 удары па мяжы Сумскай вобласці. Абышлося без ахвяр.

У ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны практычна нічога не паведамляецца аб сітуацыі вакол Саледара, дзе ідуць жорсткія баі. Мяркуючы па звестках з месца падзей, расійскія фарміраванні ўвайшлі ў цэнтр горада, аднак пад поўны кантроль яго пакуль не ўзялі.

Раней намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла, што Узброеныя сілы Украіны працягваюць трымаць абарону Саледара, вядуцца цяжкія баі. «Вораг не ўлічвае вялікія страты свайго асабовага складу і працягвае актыўна штурмаваць. Подступы да нашых пазіцый проста ўсеяны целамі загінулых байцоў праціўніка», — адзначыла яна.

Пра тое, што заявы расійскіх захопнікаў аб узяцці пад свой кантроль Саледара Данецкай вобласці не адпавядаюць рэчаіснасці, паведаміў і Інстытут вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначаюць, што акупанты не захапілі горад, нягледзячы на некалькі заяў расійцаў пра тое, што той нібыта ўзяты і Бахмут рызыкуе аказацца ў непазбежным акружэнні.

У ISW кажуць, што 10 студзеня назіралі візуальнае пацвярджэнне прысутнасці «вагнераўцаў» у цэнтры Саледара, але «рэальнасць паквартальнага кантролю над мясцовасцю ў Саледары зацямняецца дынамічным характарам гарадскіх баёў. Расійскія войскі ўжо на працягу некалькіх месяцаў спрабуюць дасягнуць значных тактычных поспехаў у раёне Саледара», — гаворыцца ў публікацыі.

Аналітыкі дадалі, што, нават калі прымаць за чыстую манету «самыя гучныя» заявы расійцаў, гэта не прадвяшчае неадкладнага атачэння Бахмута. «Кантроль над Саледарам не абавязкова дазволіць расійскім сілам усталяваць кантроль над крытычна важнымі наземнымі камунікацыямі УСУ да Бахмута», — пішуць у ISW.

А тым часам украінскія сілы працягвалі прасоўванне па лініі Сватава — Крамянная (гэтыя гарады размешчаны ў Луганскай вобласці і ляжаць на шляху УСУ ў Севераданецк і Лісічанск).

ISW па-ранейшаму ацэньвае рызыку расійскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі як нізкую, але магчымую. Рызыка прамога ўдзелу Беларусі ў зводцы ацэньваецца як вельмі нізкая.

Паводле ВВС, «Інтэрфакс-Украіна»; «Карэспандэнт»; «Украінская праўда»