337-мы дзень вайны. Расія зноў атакавала: уначы — дроны, раніцай — ракеты

Раніцай 26 студзеня сілы СПА збілі ўсе 15 ракет, якія расіяне запусцілі ў бок Кіева. Усяго РФ выпусціла раніцай не менш за 30 ракет па Украіне.

Фота: Генеральний штаб ЗСУ, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота: Генеральний штаб ЗСУ, www.facebook.com/GeneralStaff.ua

Па ўсёй Украіне абвешчана паветраная трывога, паведамляецца аб пусках ракет. Уводзяцца аварыйныя адключэнні электраэнергіі, што дапаможа пазбегнуць магчымых пашкоджанняў аб'ектаў крытычнай інфраструктуры ў выпадку трапляння варожых ракет або дронаў.

Раніцай 26 студзеня каля шасці самалётаў Ту-95, якія, верагодна, узняліся ў раёне Мурманскай вобласці, выпусцілі ракеты па Украіне. Усяго чакаецца прылёт больш як 30 ракет, якія ўжо пачалі з'яўляцца ў некалькіх абласцях Украіны. Працуе СПА, паведаміў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Раніцай ва Украіне Ярмак паведаміў аб першых збітых ракетах, аднак не ўдакладняў дэталяў.

Ноччу расіяне атакавалі Кіеў некалькімі дзясяткамі дронаў «Shahed» — было збіта каля 15 БПЛА. Папярэдне, без ахвяр і траплянняў у аб'екты інфраструктуры.

А ўсяго за ноч 26 студзеня расіяне выпусцілі па тэрыторыі Украіны не менш за 24 дроны-камікадзэ «Shahed-136/131», усе яны былі збіты, паведамілі паветраныя сілы УСУ.

У Дняпры варожы беспілотнік трапіў у прамысловае прадпрыемства, ахвяр няма, паведаміў кіраўнік аблсавета Мікалай Лукашук.

Расійскія войскі за мінулыя суткі некалькі разоў абстралялі населеныя пункты Данецкай вобласці. З-за абстрэлаў загінуў адзін цывільны чалавек, яшчэ сямёра атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.


«За 25 студзеня расіяне забілі 1 жыхара Данецкай вобласці — у Бахмуце. Яшчэ 7 чалавек у вобласці атрымалі раненні», — напісаў кіраўнік вайсковай адміністрацыі.

У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі двое мірных жыхароў, яшчэ пяцёра атрымалі раненні, паведаміла АВА.

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты рускай арміі на раніцу 26 студзеня — каля 123 860 (+780 за мінулыя суткі) чалавек.

327691711_8812092098865150_3804968403256883567_n.jpg

Руская армія, хоць і нясе шматлікія страты, аднак не спыняе наступальных дзеянняў на Бахмуцкім і Новапаўлаўскім напрамках. На Ліманскім і Аўдзееўскім напрамках рускія вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні, на Купянскім, Запарожскім і Херсонскім — абараняюцца. Пра гэта паведаміў Генштаб Украіны ў ранішняй зводцы.

Украінскае войска адбіла атакі ў раёнах населеных пунктаў Чырвонапапоўка Луганскай вобласці і Верхнякаменскае, Спорнае, Раздолаўка, Благадатнае, Бахмут, Клячшыеўка, Мар'інка, Вугледар і Паўлаўка Данецкай вобласці.

У Крыме расіяне рыхтуюцца да чарговай хвалі мабілізацыі. Так, да 29 студзеня ўсе «дзяржаўныя» і прыватныя ўстановы павінны падаць спісы асоб на бронь ваенным камісарыятам. Наступная масавая хваля мабілізацыі запланавана на канец лютага. З 1 лютага ўсе рамонтныя і будаўнічыя работы на бюджэтных прадпрыемствах і ўстановах будуць спынены, а ўсе запланаваныя сродкі — перанакіраваны на ваенныя дзеянні ва Украіне.

Вытворца амерыканскіх знішчальнікаў F-16 «Lockheed Martin» гатовы пастаўляць свае самалёты ў еўрапейскія краіны, якія будуць рээкспартаваць іх ва Украіну, паведаміў прадстаўнік кампаніі Фрэнк Сэнт-Джон.

Пентагон учора ўвечары апублікаваў поўны спіс новага пакета вайсковай дапамогі Украіне коштам 400 мільёнаў долараў:

31 танк «Abrams» са 120-міліметровымі снарадамі і іншымі боепрыпасамі;

8 тактычных машын для аднаўлення абсталявання;

дапаможныя транспартныя сродкі і абсталяванне;

фінансаванне навучання, абслугоўвання і падтрымкі.


Кіраўнік УСУ Залужны паведаміў, што правёў тэлефонную размову з кіраўніком аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША Маркам Мілі: «Абмеркавалі абвешчаны пакет вайсковай дапамогі Украіне і ўзаемныя крокі для найхутчэйшага прыняцця новых узораў тэхнікі на ўзбраенне».

Турэцкі тэлеканал «NTV» паведаміў, што ў порце Херсона расіяне мінулай ноччу патрапілі ў карабель «Тузла» пад сцягам Турцыі, людзей на борце не было, узнік пажар.

Аўстралія далучылася да краін, якія будуць дапамагаць ствараць спецтрыбунал па ваенных злачынствах РФ ва Украіне, заявіла кіраўніца МЗС Пені Вонг.

Найбуйнейшая ў Германіі і Еўропе нафтагазавая кампанія «Wintershell Dea» праз супольнае з «Газпрамам» прадпрыемства пастаўляла парафін для расійскай авіяцыі, датычнай да ўдараў па шматпавярхоўцы ў Дняпры і гандлёвым цэнтры ў Краменчугу, гаворыцца ў супольным расследаванні «Spiegel» і «ZDF».

Зяленскі ў вячэрнім відэазвароце назваў перадачу танкаў Украіне гістарычным дасягненнем лідараў: «Ключавое цяпер — хуткасць і аб'ём. Хуткасць трэніроўкі нашых ваенных, хуткасць пастаўкі танкаў ва Украіну. Аб'ём танкавай падтрымкі. Мы павінны сфарміраваць такі танкавы кулак, такі кулак свабоды, пасля ўдараў якога тыранія ўжо не падымецца».

Таксама ўкраінскі прэзідэнт распавёў больш падрабязна пра сваю размову з генеральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбергам: «Мы павінны адкрыць пастаўкі таксама дальнабойных ракет для Украіны, важна — мы павінны пашыраць і наша супрацоўніцтва ў артылерыі, мы павінны выйсці на пастаўкі самалётаў для Украіны. І гэта мара. І гэта задача».

Вайна ва Украіне ўвайшла ў такую фазу, калі абодва бакі рыхтуюцца да вырашальнага наступу. Упэўненасць, з якой абмяркоўваюцца будучыя наступу з боку Расіі і Украіны, ужо настолькі вялікая, што размова ідзе не пра магчымасць такіх аперацый, а пра час, калі яны пачнуцца, і пра кірункі ўдараў.

Паводле korrespondent.net, Украінскай службы РБК; www.ukrinform.ua