347-мы дзень вайны. Вяртанне палонных і акцыі ўкраінскіх дыверсантаў у Расіі
Пачаліся трыста сорак сёмыя суткі расійскага шырокамаштабнага ўварвання. У нашым ранішнім аглядзе распавядаем, што адбываецца на ваенных і дыпламатычных франтах.
Уладзімір Зяленскі паведаміў, што яшчэ 116 украінцаў вярнуліся дадому з расейскага палону. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўдалося вярнуць 1762 чалавек.
*****За мінулыя суткі УСУ адбілі атакі акупантаў у раёнах Крамянной і Шыпілаўкі Луганскай вобласці і Верхнекаменскага, Благадатнага, Чырвонай Гары, Праскоўеўкі, Бахмута, Іванаўскага і Клешчаеўкі Данецкай вобласці. Войскі РФ засяроджваюць намаганні і спрабуюць наступаць на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках.
*****У Харкаве расійскія ракеты прыляцелі ў жылы масіў у цэнтры горада, пацярпелі тры чалавекі, паведамляе АВА. Пацярпела 54-гадовая жанчына і двое мужчын 51 і 55 гадоў. Жанчыну шпіталізавалі з асколачным раненнем, мужчынам аказалі дапамогу на месцы.
*****Расейскія акупанты кінулі большасць сваіх сіл на падрыхтоўку атакі ў Луганскай вобласці, таму наўрад ці змогуць пайсці ў наступ на Запарожжа, гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны.
Расейцы сабралі на Марыупальскім кірунку 30 тысяч сваіх вайскоўцаў. Аднак, паводле ацэнак ISW, усе гэтыя сілы вораг рыхтуе для спробы наступу на Луганшчыне і непадалёк ад Бахмута.
*****Генштаб УСУ паведамляе пра выпадкі адмовы расейскіх мабілізаваных прымаць удзел у баявых дзеяннях. Па стане на 3 лютага з Луганскай вобласці на тэрыторыю РФ было вернута да 600 такіх асоб.
Па звестках ISW, Мінабароны Расеі можа прымаць пэўныя меры па інтэграцыі добраахвотніцкіх батальёнаў у сваю структуру. Вядомы расійскі ваенны блогер 4 лютага заявіў, што Саюз добраахвотнікаў ваенных частак Данбаса вырашыў стварыць з добраахвотніцкіх падраздзяленняў УС РФ адзіны Добраахвотніцкі корпус УС РФ. Telegram-канал «ДНР» 2 лютага сцвярджаў, што расейскія чыноўнікі прымушалі мабілізаваных шахцёраў прыняць вайсковую прысягу Расеі, нягледзячы на месяцы вайсковай службы. Расійскае СМІ ТАСС таксама паведаміла 4 лютага, што расейскі ўрад пашырыў паўнамоцтвы ваенна-ўрачэбных камісій таксама на аказанне дапамогі добраахвотніцкім фарміраванням.
*****У Расіі працуе сакрэтны ўкраінскі батальён, піша The Guardian. «Братэрства» тэхнічна не залежыць ад войска Украіны, але дзейнічае сумесна з афіцыйнымі сіламі.
Адзін з жаўнераў батальёна распавёў выданню пра аперацыю, якая адбылася два тыдні таму. «Нашай групе трэба было прывезці на тэрыторыю Расеі пэўную колькасць выбухоўкі і пакінуць яе ў пэўным месцы, — кажа ён. — Я не ведаю, для чаго і каму прызначалася гэтая выбухоўка. Але я дакладна ведаю, што некаторыя людзі ў Расеі гатовыя дапамагчы ўкраінцам».
Шэсць тыдняў таму, па яго словах, ён правёў самую паспяховую аперацыю па знішчэнні расійскага верталёта, які перавозіў высокапастаўленых супрацоўнікаў МУС Расіі.
Аператыўная група з пяці чалавек адправілася ў 7 раніцы, лёгка пракраўшыся праз лясы і палі, у Расію.
«Стралялі з пераноснага зенітна-ракетнага комплексу па верталёту з адлегласці 4 км. На жаль, трапляння мы не бачылі, бо былі далёка, але выбух пачулі. А потым хутка беглі са сваіх пазіцый».
Выданне адзначае, што праз неафіцыйны статус валанцёраў іх гісторыі не могуць быць спраўджаны незалежна, але яны пераканаўчыя і заслугоўваюць даверу.
******Украінскія СМІ паведамляюць, што прэзідэнт Уладзімір Зяленскі пазбавіў украінскага грамадзянства шэраг адыёзных палітыкаў часоў Януковіча. Ва ўсіх гэтых таварышаў ёсць расейскае грамадзянства.
Сярод іх — экс-кіраўнік РНБА Андрэй Клюеў, экс-міністр адукацыі Дзмітрый Табачнік, былы міністр даходаў і збораў Аляксандр Кліменка, экс-кіраўнік МУС Віталь Захарчанка, беглы экс-кіраўнік СБУ Аляксандр Якіменка. Таксама ў спіс патрапіў дэпутат «ОПЗЖ» адэскага гарсавета Віктар Баранскі і іншыя.
*****Заходняя зброя не павінна быць выкарыстана Украінай для нападаў па Расіі, заявіў канцлер Германіі.
Олаф Шольц у інтэрв'ю журналістам «Bild» заявіў пра дамоўленасці з прэзідэнтам Зяленскім аб тым, што прадастаўленая партнёрамі зброя не будзе выкарыстана УСУ для ўдараў па тэрыторыі Расіі:
«Адносна гэтага існуе кансэнсус. Разам з нашымі партнёрамі мы перадаем Украіне баявыя танкі, каб яна магла сябе абараніць. Мы старанна ўзважвалі кожную пастаўку зброі, цесна каардынавалі яе з нашымі саюзнікамі, перш за ўсё з Амерыкай. Такі сумесны падыход прадухіляе эскалацыю вайны», — падсумаваў канцлер.
*****Ва Украіне ўкаранілі сістэму Delta ў Сілы абароны.
Delta забяспечвае аб'ёмнае разуменне прасторы бою ў рэжыме рэальнага часу, інтэгруе інфармацыю аб суперніку ад розных сэнсараў і крыніц, у тым ліку разведданыя, на лічбавай карце, не патрабуе дадатковых налад і можа працаваць на любой прыладзе — ноўтбуку, планшэце або мабільным тэлефоне.
Акрамя гэтага, да платформы падцягваюцца даныя аэравыведкі, спадарожнікаў, беспілотнікаў, стацыянарных камер, радараў, чатаў. Delta размясцілі ў iнтэрнэт-воблаку за межамі Украіны, у мэтах бяспекі ад ракетных і кібератак ворага.