366-ты дзень вайны ва Украіне — год болю, шкадавання, веры і адзінства

Год таму пачалася вайна ва Украіне. Прапануем апошнія навіны на гэты час.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі — у Ямпалі і Іванаўскім. Яшчэ сем чалавек у вобласці атрымалі раненні.

На Херсоншчыне адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненні. У Херсоне ў выніку чарговага расійскага ўдару пашкоджаны магістральны трубаправод, які забяспечваў ацяпленне амаль 600 дамоў, дзе жыве больш за 40 тысяч чалавек.

У Купянскім раёне Харкаўскай вобласці ў выніку абстрэлаў паранены дзевяць чалавек. Такую інфармацыю даюць абласныя ваенныя адміністрацыі (АВА).

Украінскі Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 24 лютага — асабовага складу загінула каля 146 820 (+970 за мінулыя суткі) чалавек.

331480151_591897242855210_5390229846618629697_n.jpg


Армія РФ асноўныя намаганні цяпер засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскія войскі адбілі каля 100 нападаў арміі РФ на гэтых напрамках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

Паводле ўкраінскага боку, Расія працягвае прытоеную мабілізацыю. У прыватнасці, у рэгіёнах Каўказа — там прымусовай мабілізацыі падлягаюць усе мужчыны прызыўнога ўзросту незалежна ад стану здароўя і жадання ваяваць. Вялікая колькасць мабілізаваных — гэта грамадзяне, якія адбывалі або адбываюць пакаранне ў пенітэнцыярных установах. Іх вызваляюць пры ўмове добраахвотнага ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне.

У акупаванай Луганскай вобласці мабільныя аператары адключылі доступ да інтэрнэту — каб перашкодзіць перадачы звестак аб дзеяннях расійскіх войскаў і весці барацьбу з патрыятычна настроеным да Украіны насельніцтвам.

Зяленскі апублікаваў відэа, прысвечанае гадавіне поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. «24 лютага мільёны з нас зрабілі выбар: не белы сцяг, а сіне-жоўты сцяг. Не ўцёкі, а сустрэча. Сустрэча ворага. Супраціў і барацьба. Гэта быў год болю, шкадавання, веры і адзінства. І гэта год нашай з вамі нязломнасці. Ведаем, што гэта будзе годам нашай з вамі перамогі!» — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

* * *

Расія, верагодна, вядзе перамовы з кітайскай кампаніяй «Xi'an Bingo Intelligent Aviation Technology». РФ збіраецца набываць ударныя беспілотнікі ZT-180. Першыя 100 штук могуць быць пастаўлены ўжо ў красавіку, піша «Spiegel». Паводле ваенных экспертаў, гэтыя дроны здольны несці боегалоўку вагой ад 35 да 50 кілаграмаў.

«Politico» піша, што ЕС не ўзгадніў новыя санкцыі супраць Расіі з-за Польшчы, якая патрабуе іх узмацнення. Пры гэтым Варшава прызнае, што пакет затрымліваецца, але хоча, каб санкцыі «мелі сэнс».

Пакуль вядома, што дзясяты пакет санкцый ЕС не закрануў атамнай галіны РФ, хоць спробы накласці на яе абмежаванні былі, заявіў расійскім СМІ кіраўнік МЗС Венгрыі Петэр Сіярта. Таксама ён паведаміў, што ЕС у рамках новага пакета планаваў увесці санкцыі ў дачыненні да віцэ-прэм'ера, міністра прамысловасці і гандлю Дзяніса Мантурава, аднак Венгрыя выступіла супраць гэтага. Акрамя таго, Будапешт дамагаецца зняцця санкцый з дзевяці расіян з «бізнес-колаў».

Брытанія пашырыла санкцыі супраць Расіі, яны закранулі 92 фізічныя і юрыдычныя асобы. У прыватнасці, санкцыі ўведзены супраць расіян, звязаных з карпарацыямі «Расатам» і «Газпрам».

Новая Зеландыя таксама ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі: у спіс уключаны 87 чалавек, у тым ліку палітычныя дзеячы, якія маюць «стратэгічнае значэнне для Расіі і блізкія да Пуціна».

* * *

Урад Аўстраліі абвясціў пра прадастаўленне новага пакета ваеннай дапамогі Украіне, а таксама ўвёў новыя санкцыі супраць Расіі. У прыватнасці, у пакет увойдуць дадатковыя беспілотныя авіяцыйныя сістэмы (UAS), якія забяспечваюць разведку на полі бою, назіранне і рэкагнасцыроўку для УСУ, калі яны працягваюць баявыя дзеянні.

Санкцыі ўведзены ў дачыненні да 90 чалавек і 40 арганізацый. Сярод іх шэраг расійскіх міністраў, а таксама ключавыя гульцы абароннай прамысловасці РФ.

Сёння ў Вялікабрытаніі першыя з 200 украінскіх навабранцаў скончаць ваенную падрыхтоўку пры падтрымцы персаналу Сіл абароны Аўстраліі ў рамках аперацыі «Куду» — унёску Аўстраліі ў шматнацыянальную вучэбную праграму пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі.

Кітай апублікаваў свой варыянт «мірнага плана» па ўрэгуляванні вайны ва Украіне. Пекін, у прыватнасці, заклікаў да спынення баявых дзеянняў, адмены аднабаковых санкцый і найхутчэйшага аднаўлення дыялогу паміж РФ і Украінай, а таксама да процідзеяння прымяненню або пагрозе прымянення ядзернай зброі.

* * *

ЗША ў пятніцу, 24 лютага, абвесцяць пра новы пакет ваеннай дапамогі Украіне на 2 мільярды долараў, паведамляе «CNN». Перш за ўсё сродкі пойдуць на фінансаванне вытворчасці боепрыпасаў у ЗША. Акрамя гэтага, новы пакет дапамогі будзе ўключаць тэхніку, якую вырабяць у ЗША.

* * *

Мінабароны Малдовы адхіляе расійскія заявы аб падрыхтоўцы Украінай правакацыі ў Прыднястроўі. Заява Мінабароны РФ аб магчымых правакацыях з боку Украіны ў прыднястроўскім рэгіёне з'яўляецца «элементам псіхалагічнай аперацыі», заявілі ў малдаўскім ведамстве.


Генасамблея ААН пераважнай большасцю галасоў падтрымала рэзалюцыю, якая заклікае Расію спыніць баявыя дзеянні і вывесці свае войскі з Украіны, а таксама замацоўвае асноўныя палажэнні ўкраінскай «формулы міру». За прагаласавала 141 дзяржава з 193, супраць — сем: Расія, Беларусь, Сірыя, КНДР, Эквадор, Нікарагуа і Малі. Яшчэ 32 краіны ўстрымаліся.