391-ы дзень вайны. За кошт вялікіх страт Расія дасягнула нязначных поспехаў у Бахмуце

Расійскія акупанты павялічылі тэмп наступу на Данбасе. Яны спрабуюць дасягнуць хоць нейкіх нязначных поспехаў перад поўнай стратай ініцыятывы на фронце, лічаць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Фота: unian.net

Фота: unian.net

Эксперты ISW у чарговай зводцы адзначылі, што расійцы дасягнулі нязначных поспехаў у Бахмуце і яго ваколіцах, у той жа час акупанты павялічылі тэмпы аперацый вакол Аўдзееўкі. Паведамляецца, што 20 сакавіка захопнікі, верагодна, занялі дадатковыя пазіцыі на паўднёвым захадзе і поўначы Бахмута, а таксама на паўночным захадзе ад горада-крэпасці паміж Багданаўкай і Хромавым.

Пры гэтым аналітыкі лічаць, што павелічэнне тэмпаў наступу ў раёне Аўдзееўкі прывяло да вялікіх страт і, магчыма, з'яўляецца памылковай спробай адцягнуць украінскіх байцоў ад іншых напрамкаў на фронце. У той жа час эксперты сумняваюцца, што расійцы змогуць вытрымаць гэты тэмп, яны назапашваюць сілы ў ваколіцах Данецка.

«Застаецца верагодным, што расійскі наступ можа прымусіць Украіну адступіць з Бахмута і/або Аўдзееўкі, хоць пакуль гэта не здаецца прадвызначаным», — падсумавалі ў Інстытуце вывучэння вайны.

Фота: ua.depositphotos.com

Фота: ua.depositphotos.com

За суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі больш за 120 нападаў акупантаў на пяці кірунках. Асноўнай мэтай праціўніка застаюцца спробы выхаду на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей.

«Акупанты засяроджвалі свае асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Купянскім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. Дзякуючы прафесійным і зладжаным дзеянням, нашы абаронцы адбілі больш за 120 нападаў акупантаў на названых кірунках», — гаворыцца ў аператыўнай зводцы Генштаба Узброеных сіл Украіны.

Так, на Купянскім і Ліманскім кірунках вораг беспаспяхова спрабаваў прарваць абарону ўкраінскіх войскаў, ажыццявіўшы артылерыйскія абстрэлы раёнаў 11 населеных пунктаў уздоўж лініі баявога сутыкнення. Таксама акупанты вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў напрамку Навасёлаўскага.

На Бахмуцкім кірунку расійскія войскі не спыняюць штурмавых дзеянняў каля Бахмута. У той жа час украінскія воіны адбілі атакі праціўніка ў раёнах населеных пунктаў Багданаўка, Іванаўскае, Прадцечына і Паўночнае.

На Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім кірунках праціўнік беспаспяхова спрабаваў наступаць у напрамку населеных пунктаў Бердзічы, Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае і Новаміхайлаўка Данецкай вобласці.

На Запарожскім і Херсонскім напрамках праціўнік працягвае абарону.

«На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных змен. Расійская Федэрацыя працягвае захоўваць значную ваенную прысутнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, аднак без відавочнага фарміравання наступальных груповак. У той жа час праціўнік працягвае інжынерныя працы ў памежных раёнах Бранскай і Курскай абласцей», — дадалі ў Генштабе УСУ.

Фота: ua.depositphotos.com

Фота: ua.depositphotos.com

У Расіі працягваецца прыхаваная мабілізацыя, але маральны стан мабілізаваных вайскоўцаў знаходзіцца на нізкім узроўні. Пра гэта распавёў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў у эфіры інфармацыйнага тэлемарафону.

«Калі казаць пра сітуацыю ў войску, то той факт, што прыхаваная мабілізацыя ў Расіі працягваецца і вядзецца падрыхтоўка да далейшых мабілізацыйных мерапрыемстваў, сведчыць пра тое, што нават праведзенай мабілізацыі недастаткова, войска не з'яўляецца эфектыўным, не з'яўляецца забяспечаным належным чынам, навучаным, і пра гэта кажуць велізарныя страты на полі бою», — заявіў ён.

Ён дадаў, што ў разведкі ёсць вялікая колькасць аўдыёперахопаў расійскіх акупантаў з перадавой, якія сведчаць аб нізкім маральным стане. Юсаў адзначыў, што апублікуецца толькі частка з іх.

«Яны бачаць працу сваіх жа загарадатрадаў, бачаць некампетэнтнасць свайго камандавання і яны бачаць велізарныя страты людзей вакол сябе. Ні пра якія ідэйныя складнікі або давер прапагандзе Салаўёва і Скабеевай гаворка дакладна не ідзе», — сказаў прадстаўнік ГУР, дадаўшы, што большасць з іх паспрабавалі б уцячы, калі б не загарадатрады.