438-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: галоўныя навіны на гэты час
Начныя абстрэлы і новыя ахвяры, небяспечная сітуацыя на Запарожскай АЭС, Прыгожын хоча перакласці адказнасць за правал у Бахмуце на Мінабароны. Расказваем галоўныя навіны з украінскага фронту на гэты момант.
Ноччу акупанты абстралялі з цяжкай артылерыі Нікапаль, загінула жанчына.
Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак, па горадзе запусцілі больш за 10 снарадаў, пашкодзіўшы 7 прыватных дамоў і шматпавярховік. У выніку абстрэлу 72-гадовая жанчына атрымала смяротныя траўмы, а яшчэ двое мясцовых жыхароў — кантужаны.
Пашкоджаныя абстрэламі таксама вокны інтэрната каледжа, тры газаправоды, ЛЭП, 14 сонечных панэляў, гаспадарчыя збудаванні і 5 аўтамабіляў.
*****Герб СССР на мануменце «Радзіма-маці» ў Кіеве заменяць трызубцам. Пра гэта паведаміў міністр культуры і інфармацыйнай палітыкі Аляксандр Ткачэнка. У Міністэрстве культуры ўжо зараз рыхтуецца адпаведная дакументацыя.
*****Кіраўнік МАГАТЭ Гросі назваў усё больш непрадказальнай і небяспечнай сітуацыю на Запарожскай АЭС.
«Я вельмі занепакоены цалкам рэальнымі пагрозамі ядзернай бяспекі і захаванасці, з якімі сутыкаецца АЭС. Мы павінны дзейнічаць цяпер, каб прадухіліць пагрозу цяжкай ядзернай аварыі», — цытуе Гросі сайт МАГАТЭ.
Па даных агенцтва, у апошні час назіралася павелічэнне ваеннай прысутнасці і актыўнасці на лініі фронту.
«Эксперты МАГАТЭ працягваюць рэгулярна чуць абстрэлы, у тым ліку позна ўвечары ў гэтую пятніцу», — заявіў Гросі.
*****Праціўнік працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Вядуцца цяжкія баі за Бахмут і Мар'інку.
За мінулыя суткі праціўнік нанёс 6 ракетных удараў, 48 авіяцыйных удараў і здзейсніў 77 абстрэлаў з РСЗА, паведамляе Генштаб УСУ.
Расійскія акупанты праводзяць эвакуацыю мясцовых жыхароў з часова захопленага Энергадара Запарожскай вобласці ў напрамку населеных пунктаў Бярдзянск і Прыморск, на мясцовыя базы адпачынку. Эвакуацыі падлягаюць людзі з расейскімі пашпартамі. Прычым у першую чаргу трапляюць тыя, хто пагадзіўся на расейскае грамадзянства ў першыя месяцы акупацыі.
*****Ноччу ў паветранай прасторы Кіева быў выяўлены расійскі беспілотнік-разведчык. Сіламі СПА дрон быў знішчаны.
*****За мінулыя суткі УСУ ліквідавалі 660 расійскіх акупантаў, знішчылі 10 баявых браніраваных машын, 18 артылерыйскіх сістэм і 18 беспілотнікаў.
*****Расійскія СМІ паведамляюць, што ў Курскай вобласці за 60 км ад мяжы з Украінай быў выяўлены беспілотнік. На крыле БПЛА меў надпіс “Слава Украіне”. Зараз месца яго падзення ахоўваецца.
*****Заява кіраўніка ПВК “Вагнер” Яўгена Прыгожына пра намер перадаць кантроль над аперацыяй у Бахмуце Данецкай вобласці лідару Чачні Рамзану Кадыраву сведчыць пра тое, што ён гатовы перакласці адказнасць за магчымы правал аперацыі на Мінабароны Расіі. Пра гэта паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
5 траўня кіраўнік ПВК “Вагнер” Яўген Прыгожын заявіў, што выведзе наймітаў “Вагнера” з Бахмута з 10 траўня праз нібыта недахоп боепрыпасаў. Ён паскардзіўся на вялікія страты сярод наймітаў і абвінаваціў у гэтым міністра абароны Сяргея Шайгу і начальніка Генеральнага штаба ВС РФ Валерыя Герасімава.
*****Акупанты абстралялі Балаклею Харкаўскай вобласці, ёсць пацярпелыя.
Па словах кіраўніка АВА Сінягубава, папярэдне, пацярпелі 5 чалавек: дзве жанчыны 75 гадоў і адна жанчына 50 гадоў атрымалі выбуховыя траўмы, яшчэ двое мужчын 20 і 85 гадоў — адносна лёгкія раненні. Зараз на месцы працуюць усе экстраныя службы.