512-ты дзень вайны: Яшчэ адна цяжкая ноч у Адэсе і Мікалаеве
Мінабароны Беларусі паведаміла, што беларускія вайскоўцы цягам тыдня разам з наймітамі ПВК Вагнер «адпрацуюць вучэбна-баявыя задачы» на палігоне на паўднёвым захадзе краіны, на мяжы з Польшчай.
Расія можа нанесці ўдары па грамадзянскіх караблях у Чорным моры і абвінаваціць у гэтым Украіну, заявіў спікер Рады нацбяспекі ЗША Адам Ходж. Паводле яго слоў, расіяне пачалі ўсталёўваць дадатковыя марскія міны ў акваторыі Чорнага мора, у асноўным на падыходах да ўкраінскіх партоў.
Барэль назваў варварскімі мэтанакіраваныя абстрэлы Расіяй партовай інфраструктуры ў Адэсе, якія ідуць ужо трэцюю ноч запар. Са слоў еўрапейскага дыпламата, свядомае знішчэнне Расіяй запасаў збожжа, прызначанага на экспарт, прывядзе да маштабнага харчовага крызісу ў свеце.
Чарговая начная атака на украінскія порты
Уначы Расія зноў атакавала Адэсу і Нікалаеў, пад ударам — парты, прычалы, жылыя дамы і гандлёвыя сеткі. Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Усяго РФ выпусціла па Украіне 19 ракет і 19 ударных дронаў, знішчыць удалося пяць ракет і 13 беспілотнікаў.
Расійская армія ўжыла:
- сем крылатых ракет “Онікс” з берагавога ракетнага комплексу Бастыён (Крым);
- чатыры крылатых ракеты паветранага базавання Х-22 з васьмі самалётаў Ту-22М (з акваторыі Чорнага мора);
- тры крылатыя ракеты марскога базавання “Калібр”, верагодна, з падлодкі з акваторыі Чорнага мора, з іх дзве былі знішчаныя сіламі СПА;
- пяць крылатых ракет наземнага базавання Іскандэр-К (Крым), з іх тры ўдалося знішчыць;
- 19 ударных БПЛА тыпу Shahed-136/131 з двух кірункаў — паўднёвага (Чауда, Крым) і паўночна-ўсходняга (Курск), з іх 13 знішчана сіламі СПА.
У выніку начной атакі па Адэсе загінуў адзін чалавек — яго цела знайшлі пад заваламі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Кіпер. Ён удакладніў, што ў Адэсе пацярпелі восем чалавек, сярод якіх сярод іх адно дзіця і трое супрацоўнікаў ДСНС. Пацярпелых у Адэскай вобласці, паводле ўдакладненых звестак, няма. У гарадскія бальніцы шпіталізавалі траіх пацярпелых, яны знаходзяцца ў стане сярэдняй ступені цяжкасці, сярод іх адзін супрацоўнік ДСНС.
- Уначы РФ нанесла ракетны ўдар і па Мікалаеву: пацярпелі 19 чалавек, двое шпіталізаваныя, сярод іх дзіця. У выніку траплення разбураныя некалькі паверхаў трохпавярховага дома і ўзнік пажар плошчай 450 квадратных метраў, які ўжо ліквідаваны. Працягваецца разбор завалаў. Пашкоджаныя суседнія шматпавярховыя дамы, паведаміў кіраўнік АВА Віталь Кім.
- Раніцай 20 ліпеня расіяне абстралялі горад Ваўчанск Чугуевскага раёна Харкаўскай вобласці, адзін чалавек загінуў, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. Акрамя таго, за мінулыя суткі войска РФ з мінамётаў, ствольнай і рэактыўнай артылерыі і іншага ўзбраення абстрэльваў населеныя пункты Багадухоўскага, Харкаўскага, Купянскага і Чугуеўскага раёнаў. Пашкоджаныя жылыя дамы, людзі не пацярпелі.
- Уначы расіяне атакавалі дронамі-камікадзэ Сямёнаўку Чарнігаўскай вобласці, ёсць траплянні ў жылыя дамы, колькасць пацярпелых удакладняецца, паведаміў кіраўнік вобласці Вячаслаў Чавус. Таксама РФ абстрэльвала з артылерыі, мінамётаў і з верталёта Ноўгарад-Северскую суполку.
- Ноччу Сумы атакавалі тры варожых БПЛА тыпу Shahed 136. Адзін з іх збіты, другі падбіты сіламі СПА, а трэці трапіў у будынак пазашкольнай аздараўленчай установы. У выніку трапляння пашкоджана памяшканне ўстановы, узнік пажар. Пацярпеў адзін чалавек.
- У Данецкай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек (у Канстанцінаўцы), яшчэ двое атрымалі раненні.
- У Запарожскай вобласці ў выніку ўдару кіраванай авіябомбы па Арэхаву адзін чалавек загінуў, трое параненыя.
- У Херсонскай вобласці трое параненых.
Навіны вайны
Армія РФ засяроджвае асноўныя намаганні на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — за мінулыя суткі адбылося каля 30 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. Сілы абароны працягваюць наступальную аперацыю на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Генштаб агучыў арыенціровачныя страты РФ на раніцу 20 ліпеня: асабовага складу — каля 240 010 (+530).
Украінскія войскі працягваюць наступ на поўнач і на поўдзень ад горада Бахмут, вядуць баі каля Курдзюмаўкі, паведаміў спікер Генштаба Андрэй Кавалёў. На паўднёвым фронце расіяне спрабавалі вярнуць страчанае становішча каля Прытульнага, але беспаспяхова. На напрамках Малая Такмачка — Вербавыя, Новаданілаўка — Рабоціна Сілы абароны Украіны мелі поспех, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах.
Ва Украіны пакуль няма магчымасці збіваць ракеты наземнага базавання “Онікс”, якімі Расія атакуе поўдзень краіны, распавёў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Ён растлумачыў, што гэтыя супрацькарабельныя ракеты ляцяць на хуткасці больш за 3000 кіламетраў на гадзіну і пры заходзе на цэль могуць ляцець на вышыні 10-15 метраў над вадой, што абцяжарвае іх выяўленне і знішчэнне.
«З такімі ракетамі цяжка змагацца, таму гэта ўскладняе працу СПА. Але ўплываць на іх працу можна, тымі ж сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Не ўсе гэтыя ракеты далятаюць да мэты, але частка далятае», — дадаў Ігнат. Што тычыцца ракет Х-22, то іх хуткасць яшчэ большая — звыш 4000 кіламетраў на гадзіну, і заходзяць яны на цэль па балістычнай траекторыі. Таму для іх знішчэння патрэбныя адпаведныя сродкі — такія як Patriot, адзначыў Ігнат.
На раніцу 20 ліпеня на вайсковым палігоне ў Кіраўскім раёне Крыма працягваецца дэтанацыя — ужо другі дзень. У МНС РФ заявілі, што «сітуацыя стабілізуецца, дэтанацыя адбываецца істотна радзей».
Навіны замежных партнёраў Украіны
ЗША плануюць абвясціць пра яшчэ адзін пакет вайсковай дапамогі Украіне на суму блізу 400 мільёнаў долараў, паведамляе CNN са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў. У пакет увойдуць дадатковыя ракеты для комплексаў СПА NASAMS і Patriot, боепрыпасы для HIMARS, артылерыйскія снарады, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin і супрацьтанкавыя кіраваныя ракеты TOW. Чыноўнікі папярэдзілі, што пакет яшчэ не ўзгоднены канчаткова і можа быць зменены.
Аўстралія ўвяла санкцыі супраць 35 арганізацый з РФ, паведаміў МЗС краіны. У прыватнасці, гэта арганізацыі з абароннага, тэхналагічнага і энергетычнага сектараў. Таксама пад санкцыі трапілі дзесяць фізічных асоб, уключаючы расійскіх міністраў і чыноўнікаў, а таксама вайскоўцаў з Беларусі.
Адмова Пуціна ўдзельнічаць у саміце БРІКС у ПАР сведчыць пра канчатковую страту яго аўтарытэту, заявіў прадстаўнік Дзярждэпу ЗША Мэцью Мілер: «Гэта сведчыць аб глабальнай слабасці РФ. Няма найлепшага прыкладу, найлепшай ілюстрацыі істотнага пагаршэння аўтарытэту Расіі ў свеце, чым тое, што прэзідэнт Пуцін цяпер наўрад ці зможа з'ехаць за мяжу... Вайна Расеі стала стратэгічнай паразай і для самога Пуціна».