558-мы дзень вайны. Зяленскі мяняе міністра абароны
Усё больш звестак пра тое, што Украіна прарвала першую лінію эшаланіраванай абароны Расіі на паўднёвым напрамку фронту. У той жа час Расія не дасягае поспеху ў наступленні на ўсходзе Украіны. А Зяленскі мяняе міністра абароны, таму што ў вайне «патрэбны новыя падыходы».
Сітуацыя на франтах
Паводле даных Генштаба Украіны, на фронце за апошнія суткі адбылося 30 баявых сутыкненняў. На аўдзееўскім кірунку праціўнік вёў беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці.
На мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць наступ акупантаў у раёне Мар'інкі Данецкай вобласці.
На запарожскім кірунку вораг вёў наступальныя дзеянні ў раёне Прытульнага Запарожскай вобласці, поспеху не меў.
У той жа час УСУ працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на мелітопальскім напрамку, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, ажыццяўляюць меры контрбатарэйнай барацьбы.
Намеснік міністра абароны Украіны Ганна Маляр у эфіры тэлемарафону адзначыла, што на ўсходзе «некалькі змяняецца» лакальная дынаміка, але ён усё яшчэ застаецца асноўным напрамкам варожага наступу. Расійцы пастаянна спрабуюць наступаць на ліманскім, купянскім, мар'інскім і аўдзееўскім напрамках. Тым не менш, з пачатку наступу Украіны там вызвалена 47 квадратных кіламетраў. На мінулым тыдні ўкраінскія войскі прасунуліся на 3 квадратныя кіламетры ў раёнах Кляшчыеўкі, Курдзюмаўкі і Азяранаўкі.
Пра інтэнсіўнасць баёў сведчыць тое, што расійцы здзяйсняюць каля 8 тысяч абстрэлаў у тыдзень і выкарыстоўваюць каля 400 тысяч боепрыпасаў.
Даныя інтэрактыўнай карты DeepState сведчаць аб тым, што ўкраінскія вайскоўцы змаглі адціснуць расійскія войскі з некаторых пазіцый на бахмуцкім кірунку і ў раёне Сватава. Сілы абароны мелі пэўны поспех каля Кляшчыеўкі і Новаягораўкі. Як адзначаюць аналітыкі DeepState, нягледзячы на ўсе рэзервы, якія праціўнік уводзіў на чатырох асноўных участках Сватаўскага адрэзка, дасягнуць вынікаў яму не ўдалося.
Некаторыя расійскія падраздзяленні пакінулі гэты ўчастак фронту і з'ехалі пад Токмак. У публікацыі звяртаецца ўвага, што амаль на ўсіх адрэзках фронту прысутнічаюць вязні, завербаваныя на вайну з расійскіх турмаў.
Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведамляе, што УСУ пашыраюць плацдарм у Запарожскай вобласці, а таксама працягваюць контрнаступаць пад Бахмутам. ISW са спасылкай на расійскія крыніцы піша, што 3 верасня ўкраінскія войскі праводзілі наступальныя аперацыі ўздоўж адміністрацыйнай мяжы паміж Данецкай і Запарожскай абласцямі.
Атакі дронаў
Уначы 4 верасня войскі РФ атакавалі поўдзень і ўсход Украіны ўдарнымі БПЛА «Shahed-136/131», паведаміла камандаванне паветраных сіл Украіны. Агулам расійская армія накіравала 32 ударныя беспілотнікі на Адэскую і Днепрапятроўскую вобласці.
«Сіламі і сродкамі паветраных сіл, ва ўзаемадзеянні з супрацьпаветранай абаронай іншых складнікаў Сіл абароны Украіны, знішчаны 23 варожыя ўдарныя БПЛА. Прыменена знішчальная авіяцыя, зенітныя ракетныя войскі і падраздзяленні мабільных агнявых груп», — падкрэслілі вайскоўцы.
Украінскія абаронцы збілі 17 варожых дронаў у Адэскай вобласці, аднак зафіксавана траплянне ў Ізмаільскім раёне. Акрамя таго, шэсць БПЛА ўдалося знішчыць у Днепрапятроўскай вобласці. Там ёсць траплянні па інфраструктурным аб'екце ў Дняпроўскім раёне.
У ноч на панядзелак 4 верасня ў Маскве закрылі на прылёт і вылет самалётаў аэрапорты «Унукава», «Дамадзедава» і «Шарамеццева», затрыманы і адменены дзясяткі рэйсаў.
Нагадаем, апошнім часам у Маскве ледзь не кожную ноч абвяшчаюць план «Дыван», які ўводзіцца, калі ў небе выяўляюць невядомыя або небяспечныя аб'екты.
Замест Рэзнікава — Умераў
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў звальненне Аляксея Рэзнікава з пасады міністра абароны Украіны. «На гэтым тыдні парламенту будзе прапанавана прыняць і кадравае рашэнне. Хачу пазначыць гэта цяпер. Я вырашыў правесці замену міністра абароны Украіны. Аляксей Рэзнікаў прайшоў гэтыя больш чым 550 дзён поўнамаштабнай вайны. Лічу, што Міністэрства мае патрэбу ў новых падыходах і іншых фарматах узаемадзеяння як з вайскоўцамі, так і з грамадствам у цэлым», — заявіў ён.
На думку Зяленскага, міністэрства павінен узначаліць Рустэм Умераў.
Рустэм Умераў узначальваў у Вярхоўнай Радзе Украіны часовую спецыяльную камісію па пытаннях маніторынгу атрымання і выкарыстання міжнароднай матэрыяльна-тэхнічнай дапамогі. У цяперашні час ён з'яўляецца кіраўніком Фонду дзяржаўнай маёмасці.
Аналітыка вайны
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначаюць, што ўкраінскія вайскоўцы падчас контрнаступальных аперацый у Запарожскай вобласці, хутчэй за ўсё, прарвалі найбольш падрыхтаваную лінію абароны расійскіх акупантаў, і наступныя могуць быць не такімі моцнымі.
У ISW звяртаюць увагу, што серыя прарваных расійскіх абарончых пазіцый каля Рабоціна ўяўляе сабой сістэму ўзаемазвязаных траншэй і бліндажоў акупантаў, якія ахоўваюцца супрацьтанкавымі равамі і шчыльнымі міннымі палямі. Войскі РФ, магчыма, не праводзілі складанай падрыхтоўкі на працягу наступных серый абарончых слаёў, асабліва ў дачыненні да шчыльнасці мінных палёў.
УСУ выдаткавалі на размініраванне больш часу, чым чакалі ў пачатку контрнаступлення, бо паслядоўны агонь расійскай артылерыі і авіяцыі вымусіў украінскую пяхоту праводзіць размініраванне толькі ўначы. Цяжкія мінныя палі вымусілі УСУ ісці па вузкіх шляхах — менавіта гэта і з'яўляецца мэтай мінных палёў у адпаведнасці з расійскай абарончай дактрынай.
Таму сілы абароны цяпер могуць мець больш магчымасцей для больш вольнага манеўравання ў тактычным тыле прарванай расійскай абарончай лініі.
Раней у эстонскай выведцы агучылі меркаванне, што ўкраінскія вайскоўцы прарвалі першую лінію абароны на запарожскім кірунку ў раёне Рабоціна. Як заявіў кіраўнік разведцэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Марго Гросберг, у апошнія тыдні ўзброеныя сілы баявымі дзеяннямі ў Запарожскай вобласці, у напрамку Рабоціна і Вербавага, змаглі знясіліць акупантаў.
Акрамя гэтага прадстаўнік Белага дома па нацыянальнай бяспецы Джон Кірбі заяўляў пра тое, што УСУ за апошнія дні дамагліся прыкметнага прагрэсу на паўднёвым кірунку. Гаворка ідзе пра поспехі ў раёне другой лініі абароны Расіі.