568-мы дзень вайны: У Крыме знішчаны расійскі комплекс СПА коштам 1,2 мільярда долараў

У ноч на 14 верасня вайсковая контрвыведка СБУ і ВМС Украіны правялі спецаперацыю каля Еўпаторыі — знішчылі расійскі комплекс СПА «Трыумф» коштам 1,2 млрд долараў. УСУ заявілі, што адбілі начную атаку дронаў — збітыя 17 з 22 беспілотнікаў.


Берагавы ракетны комплекс «Няптун». Ілюстрацыйнае фота

Берагавы ракетны комплекс «Няптун». Ілюстрацыйнае фота

 

Крым — знішчаны комплекс СПА «Трыумф» коштам 1,2 мільярда долараў

Раніцай 14 верасня ў акупаванай Еўпаторыі прагрымелі выбухі, расійскае Мінабароны заявіла пра атаку беспілотнікаў на Крым.

Пра некалькі магутных выбухаў паведаміў мясцовы жыхар. Паблікі распаўсюдзілі фота і відэа з месцаў выбухаў.

Выбухі ў Крыме прагрымелі ў раёне сяла Уютнае, што на захад ад Еўпаторыі.

«Па вуліцах ездзяць машыны хуткай дапамогі і ратавальнікаў. Як распавялі мясцовыя жыхары, у тым раёне, дзе быў выбух, размешчаная вайсковая частка №85683», – гаворыцца ў публікацыі “Грамадскага Крым”.

Паміж Еўпаторыяй і Уютным, дзе сёння былі чутныя выбухі, знаходзіцца РЛС расійскіх вайскоўцаў. А паблізу Заазернага, дзе таксама паведамлялі аб выбухах, размешчана база СПА РФ і радыётэлескоп П-400.

Пазней ва УСУ паведамілі, што нанеслі ўдар па месцы размяшчэння расійскіх ракетных комплексаў «зямля-паветра» паблізу Еўпаторыі ў Крыме. Пра гэта паведаміла ўпраўленне стратэгічных камунікацый апарата галоўнакамандуючага УСУ.

«Украінская праўда» напісала, што ў ноч на 14 верасня вайсковая контрвыведка СБУ і ВМС Украіны правялі унікальную спецаперацыю каля Еўпаторыі  — знішчылі расійскі комплекс СПА «Трыумф» коштам $1,2 мільярда долараў. Пра гэта распавялі журналістам УП у СБУ. Служба бяспекі паведаміла, што па цэлях у Крыме эфектыўна адпрацавалі беспілотнікі і ракеты “Няптун”. Спачатку беспілотнікі знішчылі радары і антэны комплексу, а пасля вывядзення са строю радыёлакацыйных станцый падраздзяленні ВМС двума крылатымі ракетамі “Няптун” ударылі па пускавых комплексах С300/400 “Трыумф”.

Са слоў суразмоўцы журналіста ў СБУ, расіян у Крыме чакаюць новыя сюрпрызы.

Аб’яднанага камандавання “Південь” Наталля Гумянюк, каментуючы выбухі ў Еўпаторыі, заявіла, што сілы абароны працуюць па варожых цэлях: «Засяроджанне ваенных аб'ектаў, наяўнасць побач аэрадрома — усё гэта кажа пра тое, што праца ажыццяўляецца абсалютна планавая. Цэлі законныя, цэны ваенныя».

Акупацыйныя ўлады Еўпаторыі і Крыма выбухі пакуль не каментавалі.

У 7:22 раніцы Мінабароны РФ паведамілі, што каля 5:00 раніцы Узброеныя Сілы Украіны пяццю марскімі безэкіпажнымі катэрамі спрабавалі атакаваць патрульны карабель Чарнаморскага флоту «Сяргей Котаў» у акваторыі Чорнага мора. Абароннае ведамства РФ запэўнівае, што пяць безэкіпажных катэраў нібыта знішчылі агнём са штатнага ўзбраення карабля.

Таксама ў РФ паведамілі, што нібыта знішчылі 11 БПЛА, якія атакавалі Крым. 

Украіна адбіла атаку дронаў

У ноч на 14 верасня расійскія вайскоўцы атакавалі Украіну некалькімі групамі ўдарных дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед-136/131».

Як паведамляе камандаванне паветраных сіл УСУ, атака вялася па трох напрамках: з мыса Чауда ў анэксаваным Крыме, з Ейска Краснадарскага краю і Курска.

Агулам зафіксаваныя пускі 22 дронаў у напрамку Мікалаеўскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Сумскай абласцей. Украінскія сілы СПА знішчылі 17 беспілотнікаў.

Улады Сумскай вобласці паведамілі, што два дроны ў Юнакаўскую і Новаслалабадскую грамады патрапілі ў будынкі прадуктовай крамы і непрацуючай лазні. У абодвух выпадках узнік пажар.

У Днепрапятроўскай вобласці абломкі збітых беспілотнікаў упалі ў Першамайскай грамадзе Нікапальскага раёна. У выніку адзін прыватны дом часткова разбураны. Пашкоджаны яшчэ шэсць дамоў, восем гаспадарчых пабудоў і тры аўтамабілі.

Пазней украінскі Генштаб удакладніў, што 13 верасня расіяне атакавалі Украіну 47 дронамі-камікадзэ тыпу Shahed-136/131, з якіх 35 былі знішчаныя.

Ноччу расіяне абстралялі з артылерыі сёлы Навадзмітрыроўка Белаазерскай абшчыны Херсонскай вобласці. Снарады трапілі па прыватным доме і яго тэрыторыі, загінула шасцігадовае дзіця, яшчэ чатыры чалавекі параненыя, сярод іх 13-гадовае дзіця, паведаміла украінская пракуратура.

За мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў у Херсонскай вобласці адзін чалавек загінуў, восем атрымалі раненні, паведаміла АВА.

 Навіны вайны

Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 14 верасня: асабовага складу — каля 270 970 (+620) чалавек. Да спісу дадаўся пункт «Падводныя лодкі». 

За мінулыя суткі на фронце адбылося 29 баявых сутыкненняў. На Купянскім і Бахмуцкім кірунках РФ працягвае спрабаваць прарваць абарону УСУ ў раёнах на паўночны ўсход ад Бераставога Харкаўскай вобласці, Белагораўкі Лугангскай вобласці і Багданаўкі Данецкай вобласці. У сваю чаргу, Сілы абароны Украіны мелі частковы поспех у раёнах Бахмута, Кляшчэеўкі, Андрэеўкі і Курдзюмоўкі Данецкай вобласці.

Каля Мар'інкі Данецкай вобласці за мінулыя суткі РФ здзейсніла 14 няўдалых спробаў выцесніць украінскія падраздзяленні з займаных пазіцый. Таксама былі адбітыя ўсе атакі РФ у раёнах Малой Такмачкі і Вербавай Запарожскай вобласці. У той жа час на Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках Сілы абароны Украіны ўтрымліваюць ініцыятыву, праводзяць штурмы. На Мелітопальскім напрамку УСУ працягваюць наступ.

 Замежныя навіны

  • Да канца верасня ва Украіне пачне працу новая каманда Пентагона для маніторынгу выкарыстання амерыканскай дапамогі, паведамляе CNN са спасылкай на генеральнага інспектара Мінабароны ЗША. Такое рашэнне было прынята ў адказ на заклікі рэспубліканцаў узмацніць кантроль за выкарыстаннем Украінай сродкаў ЗША.

  • Кім Чэн Ын запрасіў Пуціна наведаць Паўночную Карэю, і расійскі прэзідэнт прыняў запрашэнне, паведаміла паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК.