595-ты дзень вайны. Расійскія вайскоўцы сутыкнуліся з крызісам псіхічнага здароўя
«Частковая мабілізацыя» Пуціна, абвешчаная ў мінулым годзе, падобна, толькі нашкодзіла расійскім войскам. З-за таго, што мабілізавалі тых, да каго проста дацягнуліся, баявая эфектыўнасць войскаў РФ застаецца на «неаптымальным узроўні».
Паводле інфармацыі Генеральнага штаба УСУ, украінскія войскі наступаюць на мелітопальскім і бахмуцкім кірунках, за мінулыя суткі адбылося 108 баявых сутыкненняў. Сілы абароны знішчылі расійскі знішчальнік Су-25.
Байцы Нацгвардыі спынілі спробы расійскіх войскаў прасунуцца ў раёне Аўдзееўкі Данецкай вобласці. Воіны падраздзяленняў Нацгвардыі за суткі знішчылі 6 адзінак тэхнікі: два танкі, тры БТР і баявую браніраваную машыну.
Расійцы актывізавалі свае наступальныя намаганні ў Аўдзееўцы і на захадзе Запарожскай вобласці, каб адцягнуць сілы УСУ ад Рабоціна, дзе ўкраінскія войскі, падобна, прарвалі лінію абароны, паведамляе ў сваёй справаздачы Інстытут вывучэння вайны (ISW).
* * *
Таксама ISW паведамляе, што ўкраінскія войскі працягваюць вядзенне наступальных аперацый на некалькіх кірунках. УСУ змаглі прасунуцца на поўдні, уключаючы паўночны ўсход ад Нікольскага.
Расійскі «ваенкар» сцвярджаў, што войскі РФ разгарнулі «магутныя бранятанкавыя групы» для пачатку шырокамаштабных наступальных аперацый паблізу Сінькоўкі, Іванаўкі і Макееўкі. Расійскія крыніцы сцвярджалі, што на купянскім кірунку разгорнуты падраздзяленні 6-й агульнавайсковай арміі, у той час як элементы новасфарміраванай 25-й агульнавайсковай арміі атакуюць украінскія пазіцыі паблізу Макееўкі.
Спікер Усходняй групоўкі войскаў УСУ Ілля Еўлаш у эфіры тэлемарафону пацвердзіў, што расійскія войскі пачалі аднаўляць наступальныя дзеянні на лімана-купянскім кірунку. «Вядома, вораг не можа сабе дазволіць наступаць адразу ўздоўж 140 кіламетраў. Ён акцэнтуе сваю ўвагу паблізу населеных пунктаў Іванаўка і Сінькоўка, якія знаходзяцца ў Харкаўскай вобласці і каля Макееўкі», — сказаў Еўлаш. Ён распавёў, што раней расійцы спрабавалі наступаць каля Новаягораўкі, але, «атрымаўшы ладна па зубах ад УСУ», адмовіліся ад сваіх планаў.
«Праціўнік працягвае нарошчваць інтэнсіўнасць менавіта на гэтым кірунку. Асноўнай яго мэтай застаецца ўзяцце Купянска. Паколькі там ёсць чыгунка, і гэта досыць важны лагістычны хаб на гэтым кірунку», — распавёў Еўлаш.
* * *
За мінулыя суткі РФ нанесла ўдар зенітнай кіраванай ракетай С-300 па грамадзянскіх дамах у населеным пункце Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці. Акрамя гэтага, акупанты атакавалі паўднёвыя рэгіёны Украіны ўдарнымі БПЛА тыпу« Shahed-136/131», большая частка з якіх знішчана супрацьпаветранай абаронай.
У выніку ракетнага ўдару па пгт Вялікі Бурлук атрымалі раненні тры цывільныя чалавекі. Пацярпелі дзве жанчыны 45 гадоў і 34-гадовы мужчына. Адна жанчына і мужчына шпіталізаваны. У пасёлку пашкоджаны дзесяць будынкаў і чатыры аўтамабілі, удакладніў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Войскі РФ за мінулыя суткі 82 разы абстралялі Херсонскую вобласць з розных відаў зброі, ёсць паранены, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Пракудзін.
У Днепрапятроўскай вобласці на працягу ночы расійскія захопнікі не пакідалі ў спакоі Нікапальскі раён. З цяжкай артылерыі білі па Нікапалі, Марганецкай і Міроўскай абшчынах. Пацярпела 78-гадовая жанчына. Ёй аказалі неабходную дапамогу. Лячыцца яна будзе амбулаторна. У Нікапалі пашкоджаны 2 адміністрацыйныя будынкі, камунальнае прадпрыемства і інтэрнат. Таксама пашкоджаны 5 шматкватэрных дамоў. Астатнія тэрыторыі абследуюць спецыялісты.
Ноччу 11 кастрычніка ўкраінскія беспілотнікі нібыта атакавалі аб'екты на тэрыторыі Суражскага раёна. Пра гэта заявіў губернатар Бранскай вобласці РФ Аляксандр Багамаз. З яго слоў, два беспілотныя лятальныя апараты самалётнага тыпу былі знішчаны сіламі СПА Міністэрства абароны РФ.
* * *
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Twitter піша, што расійскія вайскоўцы сутыкнуліся з крызісам псіхічнага здароўя. У снежні 2022 года расійскія псіхолагі выявілі каля 100 тысяч вайскоўцаў, якія пакутуюць на посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР).
Як адзначаецца ў зводцы, гэтая колькасць амаль напэўна цяпер вышэйшая, паколькі расійскія вайскоўцы не могуць забяспечыць дастатковую ратацыю і аднаўленне сіл з поля бою. На гэту праблему звярталі ўвагу некалькі камандзіраў, у тым ліку былы генерал-маёр 58-й агульнавайсковай арміі Іван Папоў, які быў адхілены ад камандавання ў ліпені 2023 года.
Паводле звестак брытанскай выведкі, ёсць дадатковыя прыкметы таго, што лекары ў Расіі адпраўляюць на фронт вайскоўцаў, непрыдатных для ўдзелу ў баявых дзеяннях. Апеляцыйных пазоваў супраць расійскіх вайскова-медыцынскіх камісій у 2023 годзе больш, чым у 2022 годзе, пры гэтым многія справы адхілены або пазовы пакінуты без задавальнення.
«Праз адсутнасць клопату аб псіхічным здароўі і гатоўнасці сваіх жаўнераў да бою, баявая эфектыўнасць Расіі прадаўжае заставацца на неаптымальным узроўні», — адзначаюць у Мінабароны Брытаніі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 11 кастрычніка раптоўна прыбыў з неанансаваным візітам у Брусель. У планах Зяленскага — сустрэчы з генеральным сакратаром Альянсу Енсам Столтэнбергам і міністрам абароны ЗША Лойдам Осцінам. Акрамя таго, другі раз з пачатку поўнамаштабнай вайны ён правядзе перамовы ў Бруселі з прэм'ер-міністрам Бельгіі Аляксандрам дэ Кроа.
Украінскі прэзідэнт упершыню ў афлайн-рэжыме возьме ўдзел у пасяджэнні фармату «Рамштайн».
«Маю важны зварот да ўсіх прысутных міністраў абароны краін-удзельніц гэтай магутнай кааліцыі... Галоўнае — наша агульная абарона свабоды і людзей», — заявіў Зяленскі.