621-шы дзень вайны: У Расіі засталося менш за тысячу дальнабойных ракет

На лініі фронту як украінскія, так і расійскія войскі маюць нязначныя поспехі на розных кірунках. Расія працягвае наносіць па Украіне паветраныя ўдары ракетамі і дронамі, аднак пры гэтым значна страчвае свой баявы патэнцыял. Высокадакладных ракет засталося не так шмат.

Фота: Getty Images

Фота: Getty Images

Як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 6 лістапада, УСУ працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута, а таксама на мелітопальскім кірунку, наносяць расійцам страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. На працягу мінулых сутак на фронце адбылося 53 баявыя сутыкненні.

На бахмуцкім кірунку акупанты спрабавалі аднавіць страчанае становішча ў раёнах Кляшчэеўкі і Андрэеўкі, дзе абаронцы Украіны адбілі пяць нападаў праціўніка. Таксама армія РФ вяла беспаспяховыя штурмавыя дзеянні паблізу Багданаўкі, Хромава і Паўднёвага Данецкай вобласці, дзе ўкраінскія воіны адбілі яшчэ пяць нападаў праціўніка.

На купянскім кірунку РФ вяла беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Петрапаўлаўка, Іванаўка Харкаўскай вобласці, дзе ўкраінскія абаронцы адбілі каля 10 атак праціўніка.

На аўдзееўскім кірунку расійскія войскі пры падтрымцы авіяцыі не пакідаюць спроб акружыць Аўдзееўку. УСУ трымаюць абарону, адбілі каля 10 атак у раёнах населеных пунктаў Стэпавае, Аўдзееўка, Паўночнае, Першамайскае Данецкай вобласці.

На мар'інскім кірунку войскі РФ вялі беспаспяховыя штурмавыя дзеянні ў раёне Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці. Тут украінскія воіны адбілі больш за 20 атак.

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што ўкраінскія войскі працягнулі наступальныя аперацыі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці 5 лістапада і дамагліся нязначных пацверджаных поспехаў. У прыватнасці, расійскі вайсковы блогер заявіў, што ўкраінскія войскі нядаўна дамагліся поспехаў на ўсход ад чыгуначнай лініі ў раёне Андрэеўкі і што баявыя дзеянні працягваюцца ў раёне Кляшчэеўкі.

Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 4 лістапада, паказвае, што ўкраінскія войскі дамагліся абмежаваных поспехаў на паўночны захад ад Вербавага, піша ISW.

Таксама, паводле звестак ISW, 5 лістапада расійскія войскі працягнулі атакі ў заходняй частцы Запарожскай вобласці і дасягнулі нязначнага пацверджанага прасоўвання. Відэазапіс з геалакацыяй, апублікаваны 4 лістапада, паказвае, што расійскія войскі распачалі абмежаванае прасоўванне да лініі траншэй на захад ад Вербавага.

Украінскія войскі працягваюць дзейнічаць на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці і дасягнулі пацверджаных поспехаў: яны прасунуліся да паўднёва-заходняга кута сонечнай электрастанцыі каля Падстэпавага (12 км на ўсход ад горада Херсона і 3 км ад ракі Днепр).

Дадатковыя геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 лістапада, пацвярджаюць, што ўкраінскія сілы ўтрымліваюць пазіцыі ў Крынках (30 км на ўсход ад Херсона і 2 км ад ракі Днепр).

* * *

2944758.jpg

* * *

Увечары 5-га і ўначы 6-га лістапада расійскія вайскоўцы атакавалі Украіну 22 дронамі-камікадзэ «Shahed-136/131» і чатырма тыпамі ракет. Было выпушчана па адной кіраванай авіяцыйнай ракеце Х-31 і Х-59 з паветранай прасторы акупаванай Херсонскай вобласці, таксама зафіксаваны пуск супрацькарабельнай ракеты П-800 «Онікс» і балістычнай ракеты «Іскандэр-М» з тэрыторыі часова акупаванага Крыма.

Пускі 22 ударных БПЛА« Shahed-136/131» зафіксаваны з раёна мыса Чауда (Крым). Удары былі нанесены па прыпартовай інфраструктуры Адэскай вобласці і аб'ектах грамадзянскай інфраструктуры Херсона.

Сілам СПА ўдалося знішчыць 15 ударных БПЛА «Shahed-136/131» і адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59.

У Херсоне пад удар трапілі жылыя кварталы ў Цэнтральным раёне. У выніку трапляння снарадаў пашкоджаны кватэры і прыватныя дамы.

З-за ўдару па прыпартовай інфраструктуры ў Адэскай вобласці пашкоджаны складскія памяшканні, разгрузная спецтэхніка і аўтамабілі са збожжам. Пажар аператыўна ліквідаваны.

У Адэсе з-за ўдараў сур'ёзна пашкоджаны Нацыянальны мастацкі музей, а таксама водаправод і шэраг будынкаў. У музеі пашкоджаны сцены, выбіты некаторыя шыбы. Праводзяцца работы па абследаванні і фіксацыі пашкоджання аб'екта ў зоне Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мэр горада адзначыў, што ўсе музейныя экспанаты захаваліся.

6 лістапада адэскаму Нацыянальнаму мастацкаму музею спаўняецца 124 гады.

* * *

Паводле звестак украінскай выведкі, цяпер у Расіі ў запасах прыблізна 870 высокадакладных ракет аператыўна-стратэгічнага і стратэгічнага ўзроўню, якія могуць паражаць аб'екты на адлегласць большую за 350 кіламетраў.

Па словах прадстаўніка ГУР генерала-маёра Вадзіма Скібіцкага, гаворка арыенціровачна ідзе пра 165 «Калібраў», прыкладна 160 адзінак Х-101, Х-555 і Х-55 з баявой часткай, каля 290 адзінак «Іскандэр-М» і «Іскандэр-К», прыкладна 80 «Кінжалаў», а таксама 150 ракет Х-22/Х-32. Эфектыўная адлегласць удару ракетай Х-22 — 350 кіламетраў.

Скібіцкі ўдакладніў, што летась паказчыкі былі амаль такія ж. Гэта, паводле яго слоў, сведчыць, што Расіі ўдалося наладзіць вытворчасць ракет і падтрымліваць яе на дастатковым узроўні.

«Зразумела, што выкарыстоўваць цалкам свае ракеты расійцы таксама не могуць — мінімум 30% яны павінны пакінуць сабе ў запасах. У выпадку, калі яны зноў выпусцяць амаль усё па нашай энергетычнай сістэме і не дамогуцца выніку, зноў хтосьці паляціць з пасады», — адзначыў прадстаўнік ГУР.

* * *

Расійцы стварылі на часова акупаваных тэрыторыях псеўда-добраахвотніцкія падраздзяленні, але не змаглі знайсці ахвотных там служыць, паведамляе ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву.

Паводле ацэнак саміх расійцаў, у батальёнах «Судаплатава» і «Маргелава», створаных калабарацыяністамі ў Запарожжы і Херсонскай вобласці адпаведна, служыць да 7% мясцовых. То-бок большасць жыхароў часова акупаваных тэрыторый праігнаравалі «добраахвотніцкія» батальёны. Большая частка іх асабовага складу — жыхары РФ і найміты з Сербіі.