625-ты дзень вайны: асноўнае на гэты час
Украіна падбіла ў Крыме два расійскія дэсантныя катэры. Віктар Орбан заявіў, што Еўрасаюз не павінен пачынаць перамовы аб сяброўстве з Украінай.
Украіна падбіла ў Крыме два расійскія дэсантныя катэры
Уначы сілы абароны Украіны пацэлілі ў два расійскія хуткасныя дэсантныя катэры ў крымскім пасёлку Чарнаморскае, паведамляе шэраг украінскіх СМІ са спасылкай на прадстаўніка ГУР Мінабароны Андрэя Юсава.
У выніку начной аперацыі ў Крыме падбіты малыя дэсантныя караблі ЧФ РФ праекта 11770 (класа «Сарна»). На караблях знаходзіўся экіпаж і загружаная браніраваная тэхніка, у тым ліку БТР-82, паведамляе ГУР Мінабароны Украіны. Гэтыя катэры Расія актыўна выкарыстоўвала падчас акупацыі вострава Змяіны для перакідання ваеннай тэхнікі і дэсанту. Акрамя таго, расіяне размяшчалі на борце катэраў зенітна-ракетныя комплексы «Тор-М2» для мабільнага прыкрыцця сваёй групоўкі на востраве і ў Чорным моры.
Малы дэсантны карабель класа «Сарна» — гэта серыя расійскіх хуткасных дэсантных катэраў на паветраным каверне. Карабель мае высокую хуткасць, можа змяшчаць да 45 тон грузу і 92 чалавекі ўзброенага дэсанта. Расія выкарыстоўвае гэтыя катэры для высадкі перадавых груп марской пяхоты або эвакуацыі. А ва ўмовах фактычнай адсутнасці ў расіян карабельных сродкаў СПА пасля шэрагу ўкраінскіх нападаў такія катэры з ЗРК на борце служылі прыкрыццём караблёў ЧФ РФ на рэйдах.
У Марыупалі прагрымеў выбух: узарвалі машыну прарасійскіх сілавікоў
У Марыупалі на праспекце Металургаў узарвалі аўтамабіль аднаго з «паліцэйскіх», паведаміў дарадца мэра горада Пётр Андрушчанка. Дэталі ён паабяцаў даць пазней.
Раніцай марыупальскі супраціў паведаміў, што «ўжо перадаў падарунак» на святкаванне дня паліцыі ў РФ.
«Паглядзім, ці апошні сюрпрыз на сёння. Нарэшце добрыя навіны з горада», — піша дарадца мэра Пётр Андрушчанка.
Украінскія СМІ адзначаюць, што апошнім часам ідзе актыўная ліквідацыя прарасійскіх сіл, прычым не толькі на акупаваных тэрыторыях Украіны, але і на тэрыторыі Расіі. Так, 8 лістапада ў Луганску прагрымеў выбух. Аўтамабіль былога «паліцэйскага начальніка» Міхаіла Філіпоненкі ўзляцеў у паветра, ён загінуў. Філіпоненка адказваў за арганізацыю катаванняў украінцаў — як вайскоўцаў, так і цывільных.
Акрамя таго, 9 лістапада ў акупаваным Скадоўску Херсонскай вобласці прагрымелі выбухі. У выніку ўдару па размяшчэнні вайсковага следчага ўпраўлення СК РФ дзесяць чалавек загінулі, 11 паранены, паведамляе апазіцыйнае расійскае выданне «Astra» са спасылкай на свае крыніцы. Удар быў нанесены па двухпавярховым доме на вуліцы Партовай, 59, у якім размяшчаліся расійскія ваенныя следчыя. Будынак быў цалкам знішчаны. А10 лістапада стала вядома, што ў выніку выбуху цалкам разбураны будынак, у якім знаходзіліся высокапастаўленыя супрацоўнікі Следчага камітэта Расіі.
Таксама ў Бранскай вобласці 9 лістапада невядомыя падарвалі аўтамабіль памежнай службы РФ, загінуў падпалкоўнік ФСБ.
Віктар Орбан: Украіна «ва ўсіх адносінах» не гатова да пачатку перамоў аб яе сяброўстве ў ЕС
Віктар Орбан заявіў, што Еўрасаюз не павінен пачынаць перамовы аб сяброўстве з Украінай.
Прэм'ер-міністр Венгрыі ў інтэрв'ю на радыё« Kossuth» заявіў: «Украіна ва ўсіх адносінах не гатова да таго, каб можна было казаць пра яе імкненні ўступіць у ЕС. Украіна такая ж далёкая ад сяброўства ў ЕС, як Мака ад Ерусаліма» (цытуе прэм'ера выданне «HVG»).
Па словах Орбана, «выразная пазіцыя Венгрыі» палягае ў тым, што перамовы аб уступленні Украіны ў ЕС нават не павінны пачынацца.
Пры гэтым ён адзначыў, што Еўрасаюз «вінаваты Венгрыі 3-4-5 мільярдаў еўра», перадачу якіх ЕС прыпыніў праз прэтэнзіі да Будапешта з нагоды правядзення рэформаў судовай сістэмы і барацьбы з карупцыяй.
Орбан падкрэсліў, што гэта пытанне ніяк не можа быць звязана з пазіцыяй Венгрыі па ўступленні Украіны ў ЕС.
«Перамовы аб сяброўстве не павінны пачынацца — гэта выразная пазіцыя Венгрыі... Я хацеў бы вельмі ясна даць зразумець, што адмова Венгрыі ад пачатку перамоў з Украінай аб сяброўстве ў ЕС не з'яўляецца прадметам камерцыйнага пагаднення... Гэта не можа быць звязана з пытаннем аб сродках, якія Венгрыя мае права атрымаць».
Навіны вайны
-
Украіна неўзабаве атрымае трэці дывізіён «Patriot», паведаміў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат.
- Расія павялічыла выдаткі бюджэту на гэты год на 37 млрд долараў (3,4 трлн расійскіх рублёў) праз вайну, піша «Financial Times». Выданне адзначае, што гэта яшчэ больш узмацняе інфляцыйныя рызыкі ў эканоміцы і падкрэслівае рост кошту вайны ва Украіне.
- ААЭ пагадзіліся абмежаваць экспарт у Расію тавараў, якія выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяннях ва Украіне, паведамляе «Bloomberg». Абмежаванні будуць ахопліваць і прамы экспарт, і рээкспарт. Акрамя таго, паводле даных агенцтва, Турцыя таксама разглядае пытанне аб прымяненні аналагічных мер. Доля ААЭ і Турцыі ў абыходзе Расіяй заходніх санкцый складае 4% і 6% адпаведна. Больш за 80% расійскіх закупак тавараў прыпадае на Кітай і Ганконг.
Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 10 лістапада: асабовага складу — каля 309 520 (+800) чалавек.
Супрацьпаветраная абарона Украіны ўначы знішчыла пяць з шасці ўдарных БПЛА «Shahed-136/131», а таксама адну кіраваную авіяцыйную ракету Х-59. Пра гэта паведаміла камандаванне ўкраінскіх паветраных сіл. Дронамі РФ атакавала з раёна Прыморска-Ахтарска (Краснадарскі край), а адна кіраваная авіяцыйная ракета Х-31 і адна КАР Х-59 былі выпушчаны з паветранай прасторы акупаванай Херсоншчыны. Паветраныя цэлі былі знішчаны ў межах Днепрапятроўскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай і Кіеўскай абласцей.
За мінулыя суткі на фронце адбылося 69 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы. На купянскім кірунку сілы абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёне Сінькоўкі Харкаўскай вобласці; на ліманскім — каля Стэльмахоўкі і Новаягораўкі Луганскай вобласці; на бахмуцкім — у раёнах Багданаўкі, Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на аўдзееўскім — на паўднёвы ўсход ад Новакалінавага, Аўдзееўкі, Першамайскага Данецкай вобласці; на мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці; на шахцёрскім — на поўдзень ад Залатой Нівы і Старамаёрска Данецкай вобласці; на запарожскім — у раёнах Вербавага і Рабоціна Запарожскай вобласці.
-
Пытанне вайсковай дапамогі Украіне стала прадметам вострых дыскусій паміж прадстаўнікамі абедзвюх партый Кангрэса ЗША. Рэспубліканцы выкарыстоўваюць яго для прасоўвання сваіх інтарэсаў, а дэмакраты, у сваю чаргу, настойваюць на падтрымцы як Украіны, так і Ізраіля.
- ЗША працягнуць перадаваць Украіне пакеты вайсковай дапамогі, але яны будуць меншыя, паведаміла намесніца прэс-сакратара Пентагона Сабрына Сінгх. Яна заклікала Кангрэс прыняць дадатковае фінансаванне як мага хутчэй. Таксама Сінгх удакладніла, што ЗША ўжо выкарысталі больш за 95% з агульнай сумы 62,3 млрд долараў, якія былі вылучаныя на падтрымку Украіны з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ. Яна нагадала, што адміністрацыя ўжо выкарыстала ўсе фонды ініцыятывы садзейнічання бяспецы Украіны (USAI) і мае ў рэзерве яшчэ каля 1 млрд долараў на пакеты ў межах прэзідэнцкіх паўнамоцтваў (PDA).
- Учора, 9 лістапада, стала вядома, што ўпершыню ў гісторыі ААН прадстаўніка Расіі не абралі ў склад Міжнароднага суда ААН. Пра гэта паведаміў Уладзімір Зяленскі: «Свет бачыць, хто разбурае міжнароднае права, а не абараняе яго. Віншуем прадстаўнікоў Аўстраліі, Мексікі, ПАР, Румыніі і ЗША з перамогай на выбарах у Міжнародны суд ААН як у Радзе бяспекі, так і ў Генасамблеі».
- Зяленскі заявіў у вячэрнім відэазвароце, што самыя гарачыя кірункі на фронце за мінулыя суткі — аўдзееўскі, мар'інскі, купянскі і бахмуцкі. «Удзячны ўсім нашым брыгадам, кожнаму падраздзяленню. Ёсць вынікі, якія натхняюць. Будзе — больш», — падкрэсліў украінскі прэзідэнт. Таксама ён паведаміў, што ўлада працягвае працаваць з усімі партнёрамі дзеля сістэм СПА для Украіны: «стараемся фактычна штотыдзень дадаваць сілы нашаму паветранаму шчыту».