631-шы дзень вайны: Расія мяняе тактыку?

Расійская армія змяніла тактыку атакі: запускае ўдарныя беспілотнікі над Украінай раніцай, а не ўначы.

Фота Генштаба УСУ

Фота Генштаба УСУ

Расія звычайна атакуе Украіну дронамі ўначы, а сёння зрабіла гэта раніцай — у такі час іх таксама складана збіваць праз густы туман, распавёў спікер паветраных сіл Юрый Ігнат. Паводле яго слоў, каля дзесяці БПЛА сёння атакавалі Украіну. У прыватнасці, пра атаку папярэджвалі Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобласці, дзе размешчаны аэрадром.

Падчас начной атакі супрацьпаветраная абарона знішчыла 16 з 18 дронаў Shahed, якімі Расія атакавала з паўднёва-ўсходняга кірунку (Прыморска-Ахтарск). Пра гэта паведаміла камандаванне паветраных сіл. Акрамя таго, увечары 15 лістапада ў Палтаўскай вобласці знішчана кіраваная авіяцыйная ракета Х-59.

Ва Украіне пачалі серыйную вытворчасць аналагаў «Шахедаў»

Ва Украіне наладжаная серыйная вытворчасць аналага «Шахеда». Цяпер за месяц вырабляюць дзясяткі такіх беспілотнікаў. Пра гэта сказаў украінскі міністр стратэгічнай прамысловасці Аляксандр Камышын падчас штогадовага пасяджэння Еўрапейскай бізнес-асацыяцыі. Паводле яго слоў, абаронны сектар уносіць важны ўклад у эканоміку краіны. У будучыні гэта павінна стаць галоўнай галіной украінскай эканомікі.

«Пачынаючы з таго, што называецца «ўкраінскі "Шахед"», мы не кажам назву гэтага прадукту, але мы пачалі яго масавую вытворчасць і цяпер (вырабляем) дзясяткі ў месяц. Працягваем выпуск шматлікіх іншых тавараў, якія раней мы выраблялі вельмі мала, але цяпер мы маем прыстойныя лічбы», — сказаў міністр.

Ён сказаў і пра шматразовае павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці: «Нас задавальняе павелічэнне ў 10 і больш разоў. Такі рост у нас па многіх напрамках».

Камышын падкрэсліў, што аб інтэграцыі «Украбаронпрама» з бізнесам цяпер гаворка не ідзе. Але дзяржаўны завод дапамагае прыватным невялікім кампаніям, якія займаюцца беспілотнікамі. «У сувязі з гэтым «украінскі "Шахед"» з'явіўся менавіта на дзяржаўным заводзе», — падкрэсліў украінскі міністр.

  • Украіну з афіцыйным візітам наведаў новы кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран. Гэта яго першы рабочы візіт на новай пасадзе. Зяленскі паведаміў, што правёў з ім сустрэчу: «Зброя для фронту, узмацненне СПА, абарона нашых людзей і крытычнай інфраструктуры. Удзячны Брытаніі за падтрымку».
  • Расійскія паблікі пішуць пра выбухі і пажары на тэрыторыі вайсковай часткі ў Валгаградскай вобласці, паблізу пасёлка Катлубань. Мясцовыя ўлады заявілі, што пажар ужо патушаны, «пацярпелых і пашкоджанняў грамадзянскіх аб'ектаў няма, абставіны ўзгарання высвятляюцца».

Паблікі пішуць, што пажар на тэрыторыі склада з боепрыпасамі вайсковай часткі ў пасёлку Катлубань каля Валгаграда пачаўся пасля выбуху, якому папярэднічаў гук беспілотніка. На гэты склад звычайна завозяць боепрыпасы перад вучэннямі. Ліквідавалі пажар каля пяці раніцы. Ад бліжэйшага падкантрольнага Украіне горада да Катлубані па прамой менш за 700 кіламетраў.

Навіны вайны

На Запарожскай АЭС 14 лістапада адбыўся частковы блэкаўт праз некампетэнтнасць расейскіх акупантаў і работнікаў Расатама, паведаміў украінскі Энергаатам. Адбылося абясточванне на шостым энергаблоку ЗАЭС, у выніку чаго запусціліся дызель-генератары і сістэмы бяспекі, якія працавалі 90 хвілін. Гэтыя даныя пацвярджаюцца інфармацыяй інспектараў МАГАТЭ, якія знаходзяцца на пляцоўцы станцыі. Энергаатам заяўляе, што з-за «абсалютнага непрафесіяналізму» расіян на Запарожскай АЭС пастаянна адбываецца дэградацыя асноўнага абсталявання і пачашчаюцца выпадкі яго адмовы працаваць.

Расія назапасіла ў Крыме больш за 800 ракет для ўдараў па ўкраінскай энергетыцы зімой, паведаміла спікер Сіл абароны поўдня Наталля Гумянюк. Паводле яе слоў, гэта даныя ўкраінскай ваеннай разведкі: «Ведаем, што на Крымскім паўвостраве ў ворага разгорнуты магутны хаб ваеннага рэсурсу. У прыватнасці, ракеты тыпу “Калібр” якраз там сканцэнтраваныя, ракеты тыпу “Онікс” таксама запускаюцца з Крымскага паўвострава. Патэнцыял вораг назапашвае — гэта відавочна».

Акрамя таго, ракеты паветранага базавання знаходзяцца ў месцах, дзе іх можна загружаць у самалёты, дадала Гумянюк. «Мы гаворым пра гатоўнасць больш за 800 ракет у агульнай колькасці да выкарыстання ворагам для этапу энергетычнага тэрору», — удакладніла яна.

Абстрэл шматпавярховіка ў Сялідаве: знойдзеныя целы чатырох загінулых


Павялічылася колькасць загінулых на месцы нападу на шматпавярховік у Сялідаве. Фота: t.me/dsns_telegram

Павялічылася колькасць загінулых на месцы нападу на шматпавярховік у Сялідаве. Фота: t.me/dsns_telegram

У Сялідаве Данецкай вобласці другія суткі працягваюцца аварыйна-выратавальныя і пошукавыя работы на месцы часткова разбуранага чатырохпавярховага дома, які адбыўся 15 лістапада. У ноч на 15 лістапада расійская армія абстраляла Сялідава Данецкай вобласці ракетамі С-300. Пацярпеў адзін з жылых дамоў.

Усяго ў выніку расійскіх ракетных абстрэлаў Сялідава 15 лістапада загінулі чатыры чалавекі, трое параненыя.

Па стане на 8:00 гадзін раніцы 16 лістапада былі знойдзеныя целы двух загінулых. Тады ж украінскія ратавальнікі казалі, што пад заваламі могуць знаходзіцца яшчэ два чалавекі. Пазней іх таксама знайшлі.

Пазней колькасць загінулых у Сялідаве вырасла. Трэцяя ахвяра была знойдзена пад заваламі.

Паводле даных на 12.40, ратавальнікі дасталі з-пад завалаў цела яшчэ аднаго, чацвёртага па ліку загінулага.

«Па стане на 12.40 цела загінулага дэблакіравана. Усяго 4 чалавекі загінулі, 3 атрымалі раненні», — адзначылі ў ДСНС .

  • Такім чынам, за мінулыя суткі ў Данецкай вобласці чатыры чалавекі загінулі (у Сялідава), яшчэ пяцёра атрымалі раненні. Акрамя таго, удалося ўстанавіць інфармацыю аб адным чалавеку, які загінуў раней, — у Залізным.
  •  У Запарожскай вобласці ў выніку артабстрэлу Новаандрэеўкі паранены адзін чалавек, паведаміў кіраўнік АВА Юрый Малашка. Таксама вядома пра сем пацярпелых у выніку ракетнага ўдару па Зарэчным 15 лістапада — чатырох параненых цывільных асоб і трох работнікаў ДСНС. Двое ратавальнікаў загінулі.
  • Каля паўночы РФ нанесла ўдар, папярэдне з ЗРК С-300, па горадзе Чугуеў Харкаўскай вобласці. У выніку ўдару пашкоджаны будынкі навучальнай установы і прыватны жылы дом, людзі не пацярпелі, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў. На працягу мінулых сутак расейцы вялі абстрэлы населеных пунктаў Харкаўскага, Чугуеўскага і Купянскага раёнаў вобласці. У пасёлку Двурэчная Купянскага раёна паранены адзін чалавек.

Аграмадныя страты Расіі за мінулыя суткі — 1130 салдат

Украінскі Генштаб агучыў прыкладныя страты РФ паводле стану на раніцу 16 лістапада: асабовага складу-каля 315 620 (+1130) чалавек, танкаў — 5388 (+11), баявых браніраваных машын — 10 121 (+17), артылерыйскіх сістэм — 7683 (+36), аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 10 060 (+40).

Інфаграфіка Генштаба УСУ

Інфаграфіка Генштаба УСУ

  • За мінулыя суткі на фронце адбылося 65 баявых сутыкненняў, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы. На Купянскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі расійскія атакі ў раёнах Сінькоўкі, Петрапаўлаўкі, Іванаўкі Харкаўскай вобласці; на Ліманскім — у раёне Надзежды Луганскай вобласці; на Бахмуцкім — у раёнах Кляшчэеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці; на Аўдзееўскім — у раёнах Новакалінава, Аўдзееўкі і на ўсход ад Першамайскага Данецкай вобласці; на Мар'інскім — у раёнах Мар'інкі і Наваміхайлаўкі Данецкай вобласці; на Шахцёрскім — у раёнах Прачыстаўкі і Старамаёрскага Данецкай вобласці; на Запарожскім — каля Новадараўкі Запарожскай вобласці.
  • У той жа час Сілы абароны працягваюць наступ на Мелітопальскім кірунку і штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці.
  • Амерыканскія танкі Abrams не змаглі адыграць вялікую ролю на полі бою, таму што Украіна атрымала іх занадта мала, заявіў Зяленскі на сустрэчы з прадстаўнікамі афрыканскіх СМІ: «На шчасце ці на жаль, у нас вельмі шмат розных танкаў. Abrams не выключэнне. Гэта якасны танк. У нас іх не вельмі шмат, шчыра вам скажу. Abrams — першы прыклад такога танка. Я спадзяюся, што мы будзем развіваць нашы адносіны, і паставак будзе больш. Але пакуль сказаць, што яны адыгрываюць найважнейшую ролю на полі бою, мне складана. Іх колькасць вельмі малая».