650-ты дзень вайны: Украіна атакавала дронамі Крым, рух па Керчанскім мосце прыпынялі

Сабралі апошнія звесткі ва Украіне, якая працягвае змагацца з расійскай агрэсіяй.

Фота: t.me/vanek_nikolaev

Фота: t.me/vanek_nikolaev

Раніцай 5 снежня акупаваны Расіяй Крым атакавала рэкордная з канца лета колькасць беспілотнікаў — больш за 40. Пра гэта заявіла Мінабароны РФ.

«Дзяжурнымі сродкамі СПА дваццаць два ўкраінскія беспілотныя лятальныя апараты знішчаны і яшчэ трынаццаць перахоплены над акваторыяй Азоўскага мора і тэрыторыяй Рэспублікі Крым», — гаворыцца ў паведамленні.

Пазней у Мінабароны РФ паведамілі, што іх сілы СПА знішчылі яшчэ чатыры ўкраінскія БПЛА і два перахапілі над акваторыяй Азоўскага мора.

У той жа час крымскія і расійскія тэлеграм-каналы паведамляюць, што ў Керчы, Феадосіі і Старым Крыме ўначы былі чутныя выбухі. У прыватнасці, паведамлялася пра больш за паўтара дзясятка выбухаў у Керчы і некалькі магутных выбухаў у Феадосіі.

Паводле некаторых звестак, беспілотнікі паспрабавалі атакаваць нафтабазу ў Крыме.

Паведамляецца, што спроба атакі адбылася сёння каля пяці гадзін раніцы.

«У бок нафтабазы «Марскі нафтавы тэрмінал» ляцелі два беспілотнікі самалётнага тыпу. Іх збілі сіламі МА РФ. Першы БПЛА дэтанаваў у паветры — на тэрыторыю нафтабазы ўпалі толькі аскепкі, другі ўпаў за 70 метраў ад аднаго з рэзервуараў. Ніхто не пацярпеў», — гаворыцца ў паведамленні.

Пазней з’явіліся звесткі, што ў Керчы пацярпеў суднабудаўнічы завод «Заліў», які ўжо трапляў пад атаку УСУ.

Праз атаку расійцы перакрывалі Крымскі мост больш чым на чатыры гадзіны. Рух быў спынены ў 3.25, адноўлены ў 7.37. Гэта з'яўляецца адным з самых працяглых прастоеў моста ад моманту першай атакі на яго ў кастрычніку 2022 года.


Скрыншот відэа

Скрыншот відэа

У ноч на 5 снежня расійскія войскі атакавалі грамадзянскую інфраструктуру ў Данецкай, Херсонскай і Харкаўскай абласцях, у выніку чаго ёсць пацярпелыя грамадзянскія людзі. Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.

Паводле яго інфармацыі, акупанты нанеслі авіяўдар па пасёлку Севернае Данецкай вобласці. Пашкоджаны пяць шматкватэрных дамоў, выратаваны адзін чалавек. Пад варожы абстрэл у Данецкай вобласці трапіў таксама горад Селідава. Разбураны пяціпавярховы будынак навучальнай установы, два прыватныя прадпрыемствы, шматкватэрны дом. Ніхто з людзей не пацярпеў.

У 23:20 учора расійцы нанеслі ракетныя ўдары па горадзе Херсон, у выніку чаго разбурэнні атрымаў будынак кінатэатра, ратавальнікі лакалізавалі пажар.

На Харкаўшчыне ў пасёлку Баравая з-за ўдару беспілотніка пашкоджаны Дом культуры, будынак пасялковага савета і прыватны дом. Таксама расійскія вайскоўцы ўдарылі беспілотнікам па жылых дамах і гаспадарчых збудаваннях у горадзе Чугуеў. Пацярпеў адзін чалавек.

Кліменка таксама праінфармаваў, што працягваюцца пошукава-выратавальныя работы на месцы разбуранага ракетай дома ў горадзе Наваградаўка Данецкай вобласці. Там напярэдадні ратавальнікі знайшлі цела загінулага 8-гадовага дзіцяці. Лёс яшчэ двух чалавек застаецца невядомым, адзначыў міністр.

Вядома, што ў ноч на 5 снежня РФ атакавала Украіну ўдарнымі дронамі «Шахед» з двух кірункаў — Курская вобласць і Прыморска-Ахтарск, а таксама запусціла зенітныя кіраваныя ракеты С-300 па грамадзянскіх аб'ектах Данецкай і Херсонскай абласцей.

Як паведамілі ў Паветраных сілах УСУ, усяго зафіксавана было 17 «Шахедаў» і шэсць зенітных кіраваных ракет ЗРК С-300. У выніку баявой працы знішчана 10 ударных БПЛА ў розных рэгіёнах Украіны.


Фота УСУ

Фота УСУ

УСУ працягваюць атакаваць расійскіх акупантаў на поўдзень ад Стэпавага. А каля коксахімічнага завода і прамзоны Аўдзееўкі працягваюцца жорсткія баі. Пра гэта гаворыцца ў свежым аглядзе Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі адзначылі, што ўкраінскія войскі правялі контратаку пад Аўдзееўкай і аднавілі страчаныя пазіцыі. На кадрах з геалакацыяй відаць, што ўкраінскія сілы атакуюць расійскія пазіцыі ў лесапаласе на поўдзень ад Стэпавага.

Адначасова расійскія войскі працягнулі наступальныя аперацыі на Аўдзееўскім кірунку і здолелі прасунуцца. Геалакацыйныя кадры паказваюць, што расійскія войскі зрушыліся ў раёне вадасховішча на поўнач ад Аўдзееўкі. Акрамя таго, дадатковыя геалакацыйныя здымкі паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся ў межах Стэпавага за 5 км на паўночны захад ад Аўдзееўкі.

Расійскія вайсковыя блогеры сцвярджалі, што акупанты замацавалі кантроль над пазіцыямі ў Стэпавым і вакол яго, а адзін з гэтых блогераў пісаў, што расійскія войскі прасунуліся на 600 м у лесапаласе на паўднёвы ўсход ад Стэпавага.


Фота УСУ

Фота УСУ

У мінулыя суткі акупанты працягвалі ціснуць на Сілы абароны Украіны амаль на ўсіх напрамках фронту, адбыліся 73 баявыя сутыкненні. Як паведамляе Генеральны штаб УСУ, больш за ўсё нападаў правялі расійскія захопнікі на двух кірунках — мар'інскім і аўдзееўскім.

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць праціўніка, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку, стойка трымаюць абарону, наносячы ворагу значныя страты. Сілы абароны паспяхова адбілі 18 нападаў у раёнах на ўсход ад Новабахмутаўкі, Стэпавага, Аўдзееўкі, Севернага Данецкай вобласці.

На мар'інскім кірунку сілы абароны працягваюць стрымліваць ворага ў раёнах Мар'інкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, там было адбіта 18 нападаў.

На купянскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 10 нападаў у раёнах Сінькоўкі і Петрапаўлаўкі Харкаўскай вобласці. На ліманскім кірунку сілы абароны адбілі 11 нападаў у раёнах Серабранскага лясніцтва, Белагораўкі Луганскай вобласці і Церняў Данецкай вобласці.

На бахмуцкім напрамку адбіта 11 нападаў у раёнах Багданаўкі, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.

«Сілы абароны Украіны працягваюць штурмавыя дзеянні на поўдзень ад Бахмута Данецкай вобласці, наносяць ворагу страты ў жывой сіле і тэхніцы, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.

На шахцёрскім кірунку расійцы наступальных (штурмавых) дзеянняў не вялі.

На запарожскім кірунку УСУ адбілі ўсе атакі ворага, які спрабаваў аднавіць страчанае становішча ў раёнах на поўдзень ад Рабоціна Запарожскай вобласці.

«У той жа час на мелітопальскім кірунку Сілы абароны Украіны працягваюць актыўнымі дзеяннямі наносіць акупацыйным войскам страты ў жывой сіле і тэхніцы, знясільваюць ворага ўздоўж усёй лініі фронту», — паведамляе Генштаб.

На херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы ўтрымліваюць занятыя пазіцыі на левабярэжжы Дняпра, працягваюць весці контрбатарэйную барацьбу, наносяць агнявое паражэнне па тылах праціўніка.