708-мы дзень вайны. Зяленскі звольніць Залужнага да канца тыдня?

Галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Валерыя Залужнага выклікалі ў панядзелак, 29 студзеня, у Офіс прэзідэнта і паведамілі аб звальненні.

Фота: facebook.com/CinCAFU

Фота: facebook.com/CinCAFU

Як піша CNN са спасылкай на дзве крыніцы, пакуль афіцыйнай аб'явы няма, аднак указ Уладзіміра Зяленскага з гэтай нагоды чакаецца да канца тыдня.

Адзначаецца, што напружанне паміж Залужным і кіраўніком дзяржавы асабліва ўзрасло, калі генерал назваў вайну з Расіяй тупіковай у сваім інтэрв'ю «The Economist» у лістападзе.

У панядзелак прэс-сакратар прэзідэнта Сяргей Нікіфараў падкрэсліў, што чуткі аб звальненні галоўнакамандуючага арміі не адпавядаюць рэчаіснасці. Міністэрства абароны таксама заявіла, што гэта няпраўда. Пры гэтым сам Зяленскі ў штодзённым вячэрнім звароце ў панядзелак наогул не згадваў свайго начальніка войска.

Паводле слоў адной з крыніц, на невялікім сходзе ў АП у панядзелак, на якім таксама прысутнічаў міністр абароны Рустэм Умераў, прэзідэнт заявіў, што «прыняў рашэнне звольніць галоўнакамандуючага УСУ». Падчас спакойнай размовы Зяленскі прапанаваў Залужнаму іншую пасаду, але генерал адмовіўся. Тады кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адхіленне прапановы аб новай рабоце не зменіць факт адхілення ад цяперашняй пасады.

Як адзначаецца, ёсць два варыянты магчымага пераемніка. Гэта цяперашні кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі абароннага ведамства Кірыл Буданаў, а таксама камандуючы Сухапутных войскаў Украіны Аляксандр Сырскі. Ні адзін з іх не пацвердзіў гэта.


Скрыншот відэа з расійскіх паблікаў

Скрыншот відэа з расійскіх паблікаў

У часова акупаваным Расіяй Крыме 31 студзеня ракета трапіла па пункце сувязі вайсковага аэрадрома «Бельбек» у Севастопалі. Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «ASTRA» са спасылкай на свае крыніцы.

Як адзначаецца, 31 студзеня акупацыйная ўлада заявіла, што, паводле папярэдняй інфармацыі, расійская СПА збіла БПЛА над акваторыяй у раёне «Бельбека». Сцвярджалася, што ўсе службы прыведзены ў стан баявой гатоўнасці, а выратавальная служба горада пашкоджанняў інфраструктуры нібыта не фіксуе.

Аднак, паводле звестак крыніц, у выніку ўчарашняй атакі неўстаноўленая ракета трапіла па вайсковым аэрадроме «Бельбек». У прыватнасці, быў атакаваны пункт сувязі ваеннай часці 80159, якая, паводле адкрытых даных, адносіцца да аэрадрома.

«Пункт сувязі загарэўся, плошча пажару склала каля 30 квадратных метраў», — паведамляе рэсурс.

Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. На апублікаваным відэа, зробленым, відавочна, мясцовымі жыхарамі, зафіксавана, як адначасова з выбухам уверх падымаецца чорны дым.


Фота УСУ

Фота УСУ

Расія працягвае ігнараваць законы і звычаі вядзення вайны, выкарыстоўвае тактыку тэрору, наносіць ракетныя і авіяцыйныя ўдары, ажыццяўляе абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню не толькі па ваенных, але і па шматлікіх грамадзянскіх аб'ектах Украіны, гаворыцца ў паведамленні Генеральнага штаба УСУ.

Паведамляецца, што за мінулыя суткі РФ нанесла восем ракетных і 94 авіяцыйныя ўдары, здзейсніла 97 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. У выніку расійскіх тэрарыстычных нападаў ёсць параненыя сярод цывільнага насельніцтва. Разбурэнням і пашкоджанням падвергліся жылыя прыватныя і шматкватэрныя дамы, навучальная ўстанова, іншая грамадзянская інфраструктура.

Уначы расійскія акупанты нанеслі чарговы ўдар, ужыўшы чатыры ўдарныя дроны «Shahed-136/131». Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны два варожыя беспілотнікі знішчаны.

Авіяцыйным ударам падвергліся больш за 140 населеных пунктаў Сумскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Херсонскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай абласцей.

Генштаб УСУ дадае, што аператыўная абстаноўка застаецца без істотных змен.

На северскім і слабажанскім напрамках РФ захоўвае ваенную прысутнасць у прыгранічных раёнах, праводзіць актыўную дыверсійную дзейнасць з мэтай недапушчэння перакідання ўкраінскіх войскаў на пагрозлівыя напрамкі, нарошчвае шчыльнасць мінна-выбуховых загарод уздоўж дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці.

На купянскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы адбілі шэсць нападаў ворага каля Сінькоўкі Харкаўскай вобласці. На ліманскім кірунку адбіта дзевяць нападаў у раёнах Цернаў, Ямполаўкі  і Торскага Данецкай вобласці.

На бахмуцкім напрамку адбіта шэсць атак акупантаў паблізу Багданаўкі, Іванаўскага, Кляшчыеўкі і Андрэеўкі Данецкай вобласці.

На аўдзееўскім кірунку ўкраінскія абаронцы працягваюць стрымліваць ворага, які не пакідае спроб акружыць Аўдзееўку. Удакладняецца, што УСУ стойка трымаюць абарону, наносячы захопнікам значныя страты. Так, сілы абароны за мінулыя суткі адбілі 12 нападаў у раёне Аўдзееўкі і яшчэ сем нападаў каля Першамайскага і Невельскага Данецкай вобласці.

На мар’інскім кірунку ўкраінскія воіны працягваюць стрымліваць праціўніка непадалёк Краснагораўкі, Георгіеўкі і Новаміхайлаўкі Данецкай вобласці, дзе адбіта 10 нападаў. На шахцёрскім кірунку адбіта атака акупантаў на поўдзень ад Залатой Нівы Данецкай вобласці.

На запарожскім кірунку адбіта восем нападаў на поўнач ад Прытульнага, на захад ад Вербавага і Рабоціна Запарожскай вобласці.

На херсонскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы па-ранейшаму працягваюць утрымліваць пазіцыі і адбіваць штурмы акупацыйных войскаў. Нягледзячы на значныя страты, расійцы не пакідаюць спроб выбіць падраздзяленні УСУ з займаных пазіцый. Так, за мінулыя суткі акупанты зрабілі тры штурмы, усе безвыніковыя.


Калаж ua.depositphotos.com

Калаж ua.depositphotos.com

Індыя хоча дыстанцыявацца ад Расіі, найбуйнейшага пастаўшчыка зброі, таму што вайна ва Украіне абмежавала магчымасці Масквы пастаўляць гэтай краіне боепрыпасы.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што Індыя будзе дзейнічаць асцярожна, каб не падштурхнуць Расію да збліжэння з Кітаем. Эксперт па Расіі Індыйскага аналітычнага цэнтра «Observer Research Foundation» Нандан Унікрышнан заявіў «Reuters», што Індыя наўрад ці падпіша «якую-небудзь буйную ваенную здзелку» з Расіяй, паколькі гэта перасячэ чырвоную лінію з ЗША.

Эксперт па Еўразіі Індыйскага дзяржаўнага аналітычнага цэнтра «Manohar Parrikar Institute for Defense Studies and Analyses» Свасты Рат заявіў, што вайна на Украіне прымусіла Індыю ўсумніцца ў здольнасці Расіі пастаўляць ёй запчасткі.

Аналітыкі ISW рэгулярна атрымліваюць паведамленні аб тым, што Расія па-ранейшаму сутыкаецца з цяжкасцямі пры рамонце самалётаў і іншай тэхнікі і не можа вырабляць ракеты і артылерыйскія боепрыпасы на даваенным узроўні ўласнымі сіламі, што робіць вельмі малаверагодным, што Расія зможа ў бліжэйшы час экспартаваць ваенную тэхніку Індыі ці іншым сваім кліентам на даваенным узроўні.

Уладзімір Пуцін нядаўна адзначыў важнасць расійска-індыйскага эканамічнага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва на сустрэчы з міністрам замежных спраў Індыі Субрахманьямам Джайшанкарам, верагодна, імкнучыся падкрэсліць пазітыўныя расійска-індыйскія адносіны на фоне занепакоенасці Расіі тым, што Індыя спрабуе дыверсіфікаваць сваіх партнёраў па абароне.


Фота МНС Украіны

Фота МНС Украіны

Увечары 31 студзеня расійскія акупацыйныя войскі ўдарылі па пасёлку Вялікі Бурлук Харкаўскай вобласці. Былі скінуты дзве авіябомбы прама на бальніцу.

Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў. Гэта адбылося ў 21:50. Адзначаецца, што праведзена эвакуацыя 38 чалавек, з іх пяць — работнікі ўстановы. Чатыром людзям на месцы аказалі першую медыцынскую дапамогу. У выніку атакі пашкоджаны фасад будынка, вокны і дах.

Раней кіраўнік паліцыі Харкаўшчыну Уладзімір Цімошка паведаміў, што адна бомба ўпала побач з медустановай. Другая — прамое траплянне. «З лякарні з дапамогай паліцыі, ДСНС эвакуявалі 38 чалавек, у тым ліку 33 хворых, з якіх двое — ляжачыя, пяць чалавек персаналу. Ёсць пацярпелыя, звесткі будуць пазней», — дадаў ён.