795-ты дзень вайны. Расія ўдарыла па Мікалаеву
Амаль два с паловай гады працягваецца вайна ва Украіне. Акупацыйная армія Расіі зараз валодае ініцыятывай на фронце, а УСУ чакаюць прыбыцця амерыканскай зброі, якая дапаможа змяніць сітуацыю.
Як адзначаецца ў паведамленні на старонцы Генеральнага штаба УСУ, за мінулыя суткі адбылося 88 баявых сутыкненняў. Расійцы нанеслі 32 ракетныя і 64 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі 60 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Адзначаецца, што ўначы расійскія акупанты чарговым разам атакавалі Украіну — ужылі чатыры беспілотнікі тыпу Shahed і пяць БПЛА неўстаноўленага тыпу. Сіламі і сродкамі супрацьпаветранай абароны Украіны ўсе БПЛА тыпу Shahed і адзін дрон неўстаноўленага тыпу былі знішчаныя.
Камандуючы Паветраных сіл УСУ Мікалай Аляшчук у сваім тэлеграм-канале распавёў, што ў ноч на 28 красавіка «Шахедамі» акупанты атакавалі з мыса Чауда (Крым), зенітнай кіраванай ракетай С-300 з Белгародскай вобласці Расіі, а беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу — з акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці.
«У выніку баявой працы зенітнымі ракетнымі падраздзяленнямі і разлікамі мабільных агнявых груп паветраных сіл усе чатыры «Шахеды» знішчаныя ў Кіеўскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай і Кіраваградскай абласцях. Адзін беспілотнік неўстаноўленага тыпу знішчаны МВГ Сіл абароны Украіны ў Мікалаеўскай вобласці», — адзначыў Аляшчук.
Як паведамляе Генштаб, за мінулыя суткі авіяцыйным ударам падвергліся амаль 30 населеных пунктаў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай і Херсонскай абласцей. Пад артылерыйскім агнём былі больш за 110 населеных пунктаў гэтых жа абласцей, а таксама Чарнігаўскай, Сумскай, Запарожскай, Днепрапятроўскай і Мікалаеўскай.
«На Купянскім кірунку нашымі ваярамі адбіта 13 нападаў у раёнах населеных пунктаў Кіслаўка, Бераставое, Капанкі Харкаўскай вобласці і Наваегораўка і Стэльмахоўка на Луганшчыне. На Ліманскім кірунку вораг правёў 14 нападаў у раёнах Неўскага, Серабранскага лясніцтва Луганскай вобласці і Церняў у Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
На Бахмуцкім напрамку сіламі абароны было адбіта восем атак у раёнах населеных пунктаў Спірнае, Выемка, Іванаўскае, Кляшчыеўка і Новы Данецкай вобласці.
«На Аўдзееўскім кірунку нашымі абаронцамі адбіта 35 нападаў у раёнах населеных пунктаў Навакалінава, Керамік, Уманскае і Нетайлава Данецкай вобласці», — паведамілі ў Генштабе.
У той жа час на Навапаўлаўскім кірунку УСУ працягваюць стрымліваць акупантаў у раёнах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Вадзяное, Параскавіеўка і на захад ад Пабеды Данецкай вобласці, дзе праціўнік 13 разоў спрабаваў прарваць абарону ўкраінскіх войскаў.
«На Арэхаўскім кірунку акупанты два разы атакавалі пазіцыі нашых абаронцаў у раёнах Старамайорскага Данецкай вобласці і Рабоціна ў Запарожжы», — гаворыцца ў паведамленні.
На Херсонскім кірунку расійцы на працягу мінулых сутак наступальных (штурмавых) дзеянняў не вялі.
Паведамляецца таксама, што на працягу сутак авіяцыя Сіл абароны Украіны нанесла ўдары па 16 раёнах засяроджвання асабовага складу расійскіх акупантаў. Акрамя таго, падраздзяленнямі ракетных войскаў было нанесенае паражэнне па пункце кіравання і двух радыёлакацыйных станцыях ворага.
Расійскія акупанты ўдарылі па Мікалаеву, у выніку чаго быў пашкоджаны будынак гатэля, уладальнікі якога толькі аднавіліся пасля прылётаў 2022 года. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў начальнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім.
«Раніцай, 28 красавіка, у 04:45 вораг атакаваў горад БПЛА тыпу «Shahed-131/136». У выніку гэтага моцна пашкоджаны будынак гасцініцы, адбыўся пажар, які быў аператыўна ліквідаваны. У іншым гатэлі побач выбітыя вокны, пашкоджаныя аўтамабілі. Акрамя таго, пашкоджаны аб'ект цеплагенерыруючай інфраструктуры», — напісаў ён.
Пасля Кім паведаміў, што «ўладальнікі гатэля толькі аднавіліся пасля прылётаў, якія былі ў 2022 годзе».
«Побач дзіцячая спартыўная школа і стадыён. Ніякіх ваенных аб'ектаў. Гістарычная частка горада. Гэта атака на наш бізнес, на нашу эканоміку. На шчасце, ніхто не пацярпеў», — адзначыў кіраўнік абласной адміністрацыі.
У бліжэйшыя тыдні акупанты атрымаюць істотныя тактычныя
перавагі на фронце, пакуль УСУ
чакаюць прыбыцця заходняга ўзбраення. Аднак наўрад ці РФ зможа цалкам разграміць абарону ўкраінскай
арміі.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), у снежні 2023 года прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў спікеру Палаты прадстаўнікоў ЗША Майку Джонсану, што без дадатковай дапамогі ЗША сілы абароны змогуць пратрымацца да сакавіка або красавіка 2024-га.
Па ацэнцы аналітыкаў, прыбыццё амерыканскай дапамогі на фронт у бліжэйшыя тыдні, дазволіць украінскім войскам вырашыць бягучыя праблемы, у той жа час армія РФ актывізуе намаганні па дэстабілізацыі абароны УСУ і паспрабуе замацавацца на новых пазіцыях да гэтага часу.
Два афіцэры ўкраінскай выведкі сказалі выданню Financial Times, што акупанты хочуць выкарыстоўваць бягучыя наступальныя аперацыі і ракетныя ўдары па Украіне для падрыхтоўкі поля бою перад наступленнем у канцы траўня або ў чэрвені.
Заходні чыноўнік заявіў FT, што расійцы могуць ажыццявіць далейшыя «тактычныя прарывы» цягам наступных тыдняў, але не захопяць Украіну цалкам.
«Расійскія войскі здольныя дасягнуць значных тактычных поспехаў у раёне Аўдзееўкі і аператыўна важнай мэты — захопу горада Часаў Яр. Аднак ні адно з гэтых намаганняў наўрад ці перарасце ў аператыўна важнае пранікненне ў найбліжэйшай перспектыве, не кажучы ўжо пра тое, каб прывесці да краху абарончай лініі УСУ ў Данецкай вобласці», — падсумавалі ў справаздачы.
Калі ўкраінскія войскі будуць добра забяспечаныя заходнім узбраеннем, то змогуць не дапусціць істотнага аператыўнага прасоўвання расійцаў падчас іх запланаванай летняй наступальнай аперацыі. Аднак армія агрэсара можа стварыць істотную пагрозу, выкарыстаўшы асобныя перавагі і адаптацыю.
Як таксама адзначае ISW, падчас папярэдніх шырокамаштабных наступальных аперацый УСУ не дазвалялі акупантам дасягнуць нават тактычных поспехаў. Аналітыкі лічаць малаверагодным, РФ правядзе гэтым летам наступальную аперацыю, якая была б значна маштабней і больш інтэнсіўнай, чым папярэднія.
У ISW спаслаліся на заходняга чыноўніка, які распавёў Financial Times, што войска РФ усё яшчэ застаецца неэфектыўным з састарэлым абсталяваннем і дрэнна падрыхтаванымі жаўнерамі. На яго думку, расійскае войска істотна не палепшыла свой узровень з моманту пачатку поўнамаштабнай вайны.
Сітуацыя на фронце вельмі цяжкая, і ёсць вялікая праблема, якая заключаецца ў недахопе чалавечага рэсурсу. Пра гэта сказаў камандзір другога штурмавога батальёна 3-й ОШБр УСУ Дзмітрый Кухарчук.
«Сілы абароны Украіны сітуацыю стрымліваюць, але насамрэч сітуацыя вельмі цяжкая. Я думаю, што вы самі бачыце, як абнаўляецца карта DeepState, і бачыце, якая колькасць украінскіх тэрыторый проста знішчаецца. Яна знішчаецца разам з грамадзянскімі людзьмі, разам з вайскоўцамі. Мы стаім, але ёсць вялікая праблема», — падкрэсліў ён у эфіры тэлеканала «Мы — Украіна».
Паводле слоў вайскоўца, калі раней вялікая праблема заключалася ў артылерыйскіх снарадах, у сістэмах блізкага і далёкага паражэння, у бронетэхніцы, то цяпер — у чалавечым рэсурсе.
«Вельмі моцна спадзяюся, што закон аб мабілізацыі гэта
зменіць, але яшчэ трэба пачакаць, пакуль ён паўнавартасна ўступіць у дзеянне, і
прыйдуць новыя людзі, якія дапамогуць нам стрымліваць наступ праціўніка і ісці
ў контрнаступленне», — рэзюмаваў Кухарчук.