825-ты дзень вайны. УСУ маюць поспехі ў Харкаўскай вобласці

Ва Украіне працягваецца вайна, якую развязаў рэжым Уладзіміра Пуціна. Сабралі апошнія звесткі.

Фота УСУ

Фота УСУ

За мінулыя суткі расійская армія значна ўзмацніла штурмавыя дзеянні на левабярэжнай Херсоншчыне і Арэхаўскім кірунку і прымяняе пры гэтым вельмі вялікую колькасць розных БПЛА. Пра гэта ў эфіры тэлемарафона распавёў начальнік Цэнтра стратэгічных камунікацый Сіл абароны поўдня Украіны капітан трэцяга Дзмітрый Пляцянчук.

Паводле яго слоў, разведка праціўніка БПЛА «неверагодна высокая».

«Фіксуюцца сотні пралётаў БПЛА. Фактычна 24/7 нешта вісіць. І перыядычна яны гэтыя «птушачкі» губляюць, але, нягледзячы на іх высокі кошт, такая ж сітуацыя па FPV-дронах, сярод дронаў—камікадзэ сустракаем і Lancet. Насычанасць фронту менавіта такімі відамі ўзбраення вельмі высокая. Шчыльнасць — гэта сотні ўжыванняў у дзень», — сказаў Пляцянчук.

Ён таксама адзначыў, што ва ўжыванні FPV-дронаў УСУ праціўніку не саступаюць.

Таксама Пляцянчук распавёў, што на поўдні вораг значна актывізаваўся пры штурмах Крынкаў Херсонскай вобласці і на Арэхаўскім кірунку.

«Актывізаваліся яны ў сваёй штурмавой дзейнасці, у нашай зоне адказнасці было ўчора 20 штурмаў. Гэта і Крынкі, і Арэхаўскі кірунак. Аднак сказаць, што нейкіх вынікаў вораг дасягнуў, мы не можам. Аднак інфармацыю яшчэ ўдакладняю. Магу дадаць, што ўчора страты ворага былі ўдвая большыя, чым звычайна, 216 — агульныя, 101 — загінулымі. Гэта значыць учора было дастаткова горача», — адзначыў вайсковец.

Паводле яго слоў, раней было менш штурмаў, актывізаваліся расійцы менавіта ўчора, таму што «спрабуюць паказаць вынік». У асноўным актыўныя дзеянні акупантаў назіраюцца ў раёне Крынак.

Ён дадаў, што лагістыка на левы бераг складаная з-за ракі, якая з'яўляецца воднай перашкодай.

«Ты ў гэты момант знаходзішся на адкрытай вадзе і, адпаведна, вораг цябе бачыць. Гэта і падвоз боепрыпасаў, эвакуацыя параненых, ратацыя асабістага складу. Але марская пяхота гэтыя задачы з гонарам выконвае», — падкрэсліў спікер.

Паводле звестак Сіл абароны поўдня, 26 траўня на Арэхаўскім кірунку акупанты здзейсніліч чатыры штурмы, з іх два у раёне Старамайорскага і 2 у раёне Малой Такмачкі. На левабярэжжы Дняпра, на часова акупаванай Херсоншчыне, РФ здзейсніла восем беспаспяховых штурмаў у раёне населенага пункта Крынкі.


Фота Мінабароны РФ

Фота Мінабароны РФ

Украінскія вайскоўцы маюць поспехі ў раёне Ліпцаў Харкаўскай вобласці, але расійцы не спыняюць нападаў. Як гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW), УСУ дасягнулі нязначных прасоўванняў на поўнач ад Харкава ў напрамку вёскі Ліпцы на фоне расійскіх нападаў 27 траўня. У раёне Ваўчанска акупанты працягваюць весці штурмы на паўночны ўсход ад Харкава.

Пацверджаных змяненняў на лініі фронту на Харкаўскім кірунку за гэты час не адбылося. Геалакацыйныя кадры сведчаць, што УСУ нядаўна адбілі частку тэрыторыі на палях на поўнач ад Ліпцаў.

Расійскія блогеры заяўлялі аб прасоўванні акупантаў на глыбіню да 500 метраў на поўнач ад вёскі, але ў ISW гэта не пацвярджаюць. Акупанты працягнулі наземныя атакі ў раёне Ліпцаў і Цернаў.

Захопнікі таксама заяўлялі, што нібыта адбілі ўкраінскую наземную атаку каля Глыбокага. У баі на поўначы Харкаўскай вобласці расійскае камандаванне кінула нядаўна сфармаваны 245-ты гвардзейскі мотастралковы полк, атрад «анварскага спецназа», а таксама элементы так званага расійскага афрыканскага корпуса.

Акупанты працягнулі атакі на паўночны ўсход ад Харкава ў раёне Ваўчанска, але пацверджаных зменаў на лініі фронту не было. Прапагандысты пераконвалі, што акупанты трохі прасунуліся па вуліцы Леніна ў цэнтры Ваўчанска, дзе працягваюцца жорсткія баі. Таксама сцвярджалі, што УСУ захоўваюць прысутнасць на тэрыторыі Ваўчанскага агрэгатнага завода ў цэнтры горада на паўночным беразе ракі Ваўчыная.


Фота ua.depositphotos.com

Фота ua.depositphotos.com

Расія можа ў бліжэйшы час падпісаць пагадненне з узброенымі сіламі Судана аб абмене зброяй для свайго лагістычнага хаба ў Порт-Судане на Чырвоным моры.

Як гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW), памочнік галоўнакамандуючага Узброеных сіл Судана Ясір Аль-Ата 25 траўня анансаваў, што дэлегацыя вайскоўцаў хутка адправіцца ў Расію, каб заключыць пагадненне аб абмене «жыццёва важнага ўзбраення і боепрыпасаў». Пры гэтым Аль-Ата апісаў запланаваны расійскі цэнтр як «не зусім вайсковую базу».

Намеснік міністра замежных спраў Расіі і спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Афрыцы і на Блізкім Усходзе Міхаіл Багданаў сустрэўся з кіраўніком суданскай арміі Абдэль Фатахам Аль-Бурханам і некалькімі іншымі суданскімі афіцыйнымі асобамі падчас двухдзённага візіту ў Судан 28 і 29 красавіка.

ISW лічыць, што Расія, магчыма, зменіць бок падтрымкі ў грамадзянскай вайне ў Судане, каб падтрымаць узброеныя сілы краіны і стварыць сваю ваенна-марскую базу ў Чырвоным моры.

На думку аналітыкаў, расійская падтрымка суданскіх узброеных сіл прынесла б вялікую карысць Ірану, паколькі гэта б зблізіла расійскую і іранскую палітыку, а таксама стратэгію ў рэгіёне.


Фота reuters

Фота reuters

Еўрапейскі саюз можа мабілізаваць на закупку зброі для Украіны праз Еўрапейскі фонд міру яшчэ каля 6,7-6,9 мільярда еўра. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі Жазэп Барэль на брыфінгу перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС з удзелам міністраў абароны краін — членаў ЕС.

Барэль адзначыў, што сітуацыя з наступам Расіі на поўначы Харкаўскай вобласці і бамбардзіроўкі грамадзянскіх аб'ектаў робіць вайсковую дапамогу для Украіны больш важнай і крытычнай.

У сувязі з гэтым, як сказаў Барэль, сёння міністры абароны будуць высвятляць, як дамагацца пераадолення ўсіх складанасцяў, якія перашкаджаюць Еўрасаюзу паўнавартасна і хутчэй мабілізаваць рэсурсы для Еўрапейскага фонду міру, праз які ажыццяўляюцца закупкі зброі для Украіны.

«У нас ёсць 7 прававых актаў, якія чакаюць адабрэння для таго, каб мабілізаваць каля 6,7-6,9 млрд еўра акрамя паступленняў ад замарожаных актываў. Для гэтага мы яшчэ не абмяркоўвалі прававыя акты, якія могуць зрабіць нас гатовымі выкарыстоўваць гэтыя сродкі, як толькі яны будуць зацверджаныя», — сказаў Барэль.

Паводле яго слоў, усе ведаюць, у чым мае патрэбу Украіна. У прыватнасці, учора міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба паведаміў Савету ЕС аб крытычных патрэбах Украіны, а сёння гэта ж зробіць міністр абароны Рустэм Умераў.

Барэль адзначыў, што ЕС мае рэсурсы і патэнцыял, але да гэтага часу ёсць непацверджаныя прававыя акты для практычнага ўкаранення нядаўна прынятых рашэнняў аб стварэнні фонду падтрымкі Украіны ў рамках Еўрапейскага фонду міру на суму 5 млрд еўра.

Пры гэтым у кантэксце блакавання Венгрыяй прыняцця рашэнняў у ЕС, Барэль сказаў, што гэтая краіна мае турботы, якія на самай справе не тычацца пытанняў абароны. У прыватнасці, венгерскі бок выказвае занепакоенасць аб працы яе кампаній ва Украіне і па выкананні правоў яе нацыянальнай меншасці ва Украіне.

«Мы робім усё магчымае, каб вырашыць гэтыя праблемы. Але яны не маюць нічога агульнага з абаронай. Гэта пытанне абароны іх нацыянальных інтарэсаў. Усе абараняюць свае нацыянальныя інтарэсы. Мы маем права рабіць гэта, але павінна быць пэўная прапарцыянальнасць паміж тым, як вы абараняеце вашы нацыянальныя інтарэсы, і наступствамі рашэнняў, якія вы блакуеце», — сказаў Барэль.


Калаж unian.net

Калаж unian.net

Бельгія паставіць Украіне 30 сваіх знішчальнікаў F-16 да 2028 года, заявіла міністарка замежных спраў Хаджа Лабіб у аўторак, 28 траўня. Паводле яе слоў, першыя самалёты павінны быць пастаўленыя ўжо «да канца года».

Адзначаецца, што дадзенае абавязацельства будзе аформлена ў пагадненні па гарантыях бяспекі, падпісанне якога запланавана на 28 траўня ў Брусэлі з нагоды візіту прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Таксама адзначаецца, што Бельгія возьме са сваіх запасаў боепрыпасы для аснашчэння F-16, прызначаных для Украіны.

На думку Лабіб, гэтая падтрымка Кіева неабходная, каб спыніць Пуціна, які вырашыў «адсунуць межы еўрапейскіх краін», і каб забяспечыць бяспеку Бельгіі.

«Ці могуць расійскія танкі аднойчы ўварвацца ў Брусэль? Калі мы дазволім, гэта не немагчымы сцэнар», — заявіла яна.


Скрыншот unian.net

Скрыншот unian.net

Украіна павінна наносіць удары па цэлях на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, заявіў міністр абароны Нідэрландаў Кайса Алонгрэн перад сустрэчай міністраў абароны краін ЕС у Брусэлі. Украіна мае права выкарыстоўваць усе сродкі для абароны і аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці.

«Цалкам відавочна, што ўкраінцы павінны наносіць удары і ўнутры Расіі, таму, з майго пункту гледжання, гэта не павінна быць прадметам дыскусій, і я спадзяюся, што іншыя краіны, якія маюць іншую пазіцыю, зменяць яе», — падкрэсліла Аллонгрен.

Паводле яе слоў, цяпер Украіна змагаецца «са звязанай за спіной адной рукой». Міністр не выключыла, што гэтая тэма будзе гучаць на сённяшняй сустрэчы міністраў.